
1 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася сустрэча прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў Касцёла на Беларусі. Ідэя арганізацыі такой сустрэчы з’явілася ў біскупа Юрыя Касабуцкага падчас аплатковых сустрэч з прадстаўнікамі розных рэлігійных груп.
Ідэю такой сустрэчы з радасцю падтрымалі і супольнасці, якія дзейнічаюць ў нашай парафіі: Асацыяцыя Святой Сям'і, якая існуе пры супольнасці сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту і рух сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame.
Апостальскай мэтай Асацыяцыі Святой Сям'і з'яўляецца сведчанне пра хрысціянскія вартасці сям'і. Заданнем — складанне пашаны Найсвяцейшай Сям'і праз наследванне яе цнотаў. Асацыяцыя паўстала ў Еўропе ў 1995 годзе, а заснавальніцай з'яўляецца благаслаўленая Францішка Седліская.
Заснавальнік руху Equipes Notre-Dame айцец Анры Каффарэль абазначыў мэту руху END наступным чынам: «Рух Equipes Notre-Dame — гэта рух актыўных людзей. Ён існуе, каб дапамагаць сужэнствам узрастаць у любові да Бога і да свайго бліжняга». На дадзены момант рух дзейнічае ў 93 краінах свету і налічвае каля 140 000 удзельнікаў. У гэтым годзе 7 верасня рух END на Беларусі будзе адзначаць свае 15-годдзе.
На сустрэчы ў Будславе сужэнствы END запрашалі ўсіх далучыцца 5 ліпеня да ўдзелу ў сямейнай пілігрымцы у Будслаў. Пілігрымка аднадзённая, выходзіць з в. Пузыры Мядзельскага раёна. Шлях складзе каля 15 км. У гэтым годзе адбудзецца 5 юбілейная сямейная пілігрымка, запісацца ў якую можнай на сайце руху end.of.by.
Таксама пад час сустрэчы ў Будславе вернікі нашай парафіі мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю такіх рэлігійных супольнасцяў і груп, як Focolari, «Маці ў малітве», Шанштацкім рухам, Апостальствам дапамогi душам чысцовым, іншымі рухамі.
Маем надзею, што гэта будслаўская сустрэча-знаёмства ў хуткім часе прынясе свае плёны, і ў нашай парафіі з’явяцца новыя супольнасці.

































































