14 красавіка, у Пальмовую нядзелю, каля капліцы адбыўся кірмаш, арганізаваны нашымі парафіянамі і душпастырамі з мэтай збору ахвяраванняў на будову касцёла. Вербны кірмаш праходзіў ужо чацвёрты раз.

«Усё пачалося з таго, што на будову касцёла патрэбны ахвярадаўцы, і каб не чакаць іх, было вырашана не сядзець на мейсцы, але пачаць рабіць штосьці самім і вось вынік, — распавяла Людміла Чаган, адна з арганізатараў, — Кожны раз падрыхтоўка праходзіць па-рознаму. У гэтым годзе мы пачалі рыхтавацца трошачкі пазней, але за два тыдні зрабілі вельмі шмат: вербы, печыва, вышыванкі, цацкі, нават самі свечы робім і розныя вырабы з керамікі. Таксама не забываем пра рэкламу. Сёння нават прыйшлі тыя, хто пачуў пра кірмаш па “Радыё Марыя” і вырашыў падтрымаць нас».

Падчас кірмаша можна было набыць розныя рэчы на велікодны стол. Былі ў гэтым годзе і новаўвядзенні: шакаладны фантан, які вельмі ўзрадаваў малых парафіян, цікавыя гульні, ружанцы для дзяцей з нумарамі тэлефонаў бацькоў.

«Сёння мы з “Божымі кароўкамі” прыйшлі на кірмаш падзяліцца радасцю надыходзячага Вялікадня. Шмат майстэрства зробленага сваімі рукамі бачым вакол сябе і сапраўды захапляемся, што можна набыць такія простыя і цудоўныя рэчы для сваіх блізкіх і знаёмых», — падзялілася Ангеліна Гуд, шэф “Божых каровак”.

Напрыканцы былі падведзены вынікі конкурса дэкарацый на Велікодны стол. Усяго было 22 працы. Кожная сям’я, якая прыняла ў ім удзел, атрымала салодкі прыз і дыплом. Узнагароду за трэцяе і другое месцы атрымалі адпаведна сям'я Зялёнка і сям'я Шакола. Пераможцам конкурса стала сям'я Клянцэвіч.

Ну і як жа без латарэі, якая адбываецца кожны год. Зараз галоўнымі суперпрызамі былі: сертыфікаты на фотасесію, макіяж, білеты ў тэатр, салодкія прызы, гульні для дзяцей і шмат іншага.

Усе сабраныя ахвяры прызначаныя на будову касцёла. Так, “цаглінка за цаглінкай”, паўстае новы касцёл.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.