З 26 па 28 сакавіка некалькі дзяўчат з нашай парафіі разам з сястрой Клярай удзельнічалі ў рэкалекцыях, якія праходзілі ў навагрудскім кляштары сясцёр назарэтанак. Сустрэча сабрала 50 дзяўчат з Гродна, Геранёнаў, Новага Двара, Войстама, Навагрудка, Маладзечна і Мінска. Дэвізам рэкалекцый сталі словы: «І кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены!» (Дз 2, 21).

Удзельніцы перажывалі гэты час разважаючы над падзеямі Святога Пасхальнага Трыдуума. Для гэтага былі праведзеныя канферэнцыі, у якіх кс. Вадзім Сурвіла распавядаў аб тым, як перажывалі гэты час першыя хрысціяне і як сучасныя вернікі павінны ставіцца да гэтых найважнейшых падзей літургічнага года. Гэтаму служылі таксама сустрэчы ў групах, медытацыя і адарацыя.

Акрамя таго, нашыя дзяўчаты наведалі месца мучаніцтва 11 благаслаўлёных сясцёр з Навагрудка, а таксама даверылі ім свае інтэнцыі падчас малітвы ў «Белай Фары» пры рэліквіях мучаніц.

  
Фота: с. Лаўра Шукеловіч CSFN, Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.