
7 сакавіка ў нашай парафіі моладзь Мінска сабралася на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, каб разам распачаць перыяд посту. Мэта спаткання была ў тым, каб дапамагчы маладым людзям добра выбраць пастановы на гэты перыяд і яшчэ раз затрымацца на хвіліны цішыні з Езусам. Разважанні і малітвы былі на тэму “Вялікі пост — вясна душы”.
Адарацыя распачалася з уступнай канфірэнцыі ксяндза Уладзіміра Марушэўскага, якая павінна была падрыхтаваць да разважання і дапамагчы зрабіць правільны выбар на гэты час. “Я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё” (Дрг 30:19-20).
Сама малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам складалася з некалькі частак: падзяка, перапрашэнне і просьба. Маладыя людзі мелі магчымасць таксама выказаць кожны сваю інтэнцыю і разам за яе памаліцца.
Напрацягу адарацыі кожны запісаў на картцы свае пастановы на перыяд Вялікага посту і потым заставіў яе перад манстранцыяй.
Кульмінацыйным стаўся той момант, калі кожны ўдзельнік асабіста атрымаў благаcлаўленне ад святароў і прыняў урывак падрыхтаванага для яго Божага слова.
Пасля адарацыі прыемным сюрпрызам для дзяўчат сталі віншаванні ад хлопцаў з надыходзячым святам жанчын. Кожная дзяўчына, законная сястра і жанчына атрымалі па кветцы.
Сустрэча моладзі Мінска адбылася ў другі раз. Ідэю такіх сустрэч ахвотна падтрымалі душпастары і моладзь розных парафій і таму яны ўжо ператвараюцца ў добры звычай.































































