
Адвэнт. Гэта слова і яго значэнне здаецца добра знаёма ўсім. Але ці ёсць ў ім нешта асаблівае для кожнага? Аб гэтым мы пагутарылі з нашымі парафіянамі, а таксама запыталіся якія пастановы яны сабе выбралі і што жадаюць змяніць за час Адвэнту.
Аляксандр Рыжэвіч, міністрант: «Адвэнт — гэта перыяд больш дасканалага хрысціянскага жыцця, бо менавіта ў гэты перыяд мы можам ў большай ступені падняцца за Хрыстом у малітве. Жадаю змяніць свае жыццё ў бок Хрыста. Каб я стаў больш верным Хрысту».
Жанна Бачыла: «Для мяне гэта радаснае чаканне на Бога, перамены. Робіш для сябе якіясьці пастановы, хочацца іх выканаць, вытрываць і радасна сустрэць свята. Хачу палепшыць адносіны ў сям'і і з калегамі на працы».
Наталля Івашкевіч: «Адвэнт — гэта такі час чакання, мы чакаем прыйсця Езуса, каб ён нарадзіўся не толькі ў нашай сям'і, ў нашых сэрцах, але і ў сэрцы кожнага чалавека. Кожны дзень буду маліцца вяночак да Божай міласэрнасці і чытаць Святое Пісанне паводле Лукі».

Кацярына Ваяводская: «Адвэнт — гэта час радаснага чакання збаўцы Езуса Хрыста. Я выбрала сабе пастанову адмовіцца ад салодкага. Жадаю змяніцца ўнутрана, па-іншаму адносіцца да ўсіх жыццёвых клопатаў, каб на першым месцы быў Бог, а потым ўсё астатняе».
Паліна Ручан, студэнтка БДУ: «Адвэнт для мяне заўсёды асаблівы час, гэта не толькі час чакання і падрыхтоўкі, але і магчымасць па-новаму прыняць Хрыста ў сваё сэрца. Я адчуваю, што хутка немаўлятка Езус прыйдзе стукаць у дзверы майго сэрца, таму я хачу адчыніць Яму. Але нехта скажа: “Штогод вы святкуеце Божае Нараджэнне, заўсёды рыхтуецеся на працягу чатырох тыдняў”. Але я маю надзею, што кожны год нешта змяняецца ў маім сэрцы. Гэта, напрыклад, як чытаць Біблію: кожны раз ты адкрываеш для сябе нешта новае.
Таму ў гэтым Адвэнце асаблівую ўвагу я ўдзяляю малітве, у тым ліку падчас Рарат, чытанню рэлігійнай літаратуры, разважанню над гэтымі тэкстамі, таксама спрабую медытацыю і сузіранне Яго падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнта. Маёй пастановай з'яўляецца замяніць прагляд бессэнсоўных фільмаў хрысціянскімі. Ячшэ вельмі важны для меня элемент у Адвэнце — гэта споведзь. Я імкнуся зазірнуць у засекі сваёй душы. Я спадзяюся, што мае пастановы дапамогуць мне ўзрастаць у веры і годна прыняць маленькага Езуса».
Але гэта яшчэ не ўсё, мы даведаліся, што ў нашых парафіянаў таксама ёсць сямейныя традыцыі, якіх яны трымаюцца кожны год.
— У нас ёсць традыцыя: мы робім адвэнтовы вянок і запальваем свечку. Вось сёння, раніцай Ваня першы прачнуўся і запаліў першую свечку, таму што сёння першая нядзеля адвэнту, — распавядае Наталля Івашкевіч.

— Мы робім вянок, запальваем свечку. Дзецям вельмі падабаецца маліцца менавіта ў час гарэння гэтай свечкі, — дзеляцца Генадзь і Алена Манчынскія, — Таксама ў дадатак да малітвы мы спяваем «Анёл Божы Габрыэль».
А як вы перажываеце Адвэнт? Падзяліцеся з намі на нашай парафіяльнай старонцы ў соцсетках Fасеbook і VK.