
22 лютага сем'і руху Equipes Notre-Dame з нашай парафіі зладзілі чарговы, ужо сёмы, сужэнскі Баль, у якiм прынялі ўдзел 15 пар.
На мерапрыемства быў запрошаны парафіяльны душпастыр ксёндз Алег Шпець SChr, які распачаў свята малiтвай i благаслаўленнем. Святар патлумачыў усiм прысутным, што танцамi таксама можна славiць Бога.
Балю папярэднічала падрыхтоўка — 5 рэпетыцый. Сужэнствы да гэтага свята падышлі вельмі адказна, нягледзячы на ўсе клопаты і справы сямейнага жыцця. Час рэпетыцый — вельмі асаблівы. Ва ўсіх розныя танцавальныя здольнасці, але пары з гумарам падыходзілі да тых момантаў, дзе штосьці не атрымлiвалася з першага разу. Смех, жарты, а таксама словы падтрымкі стваралі вельмі добрую, сяброўскую атмасферу. Баль адбыўся ў дольным памяшканні касцёла Божага Цела ў Мінску. Дзякуем айцам кармелітам за гасціннасць і адкрытасць. У праграме было 20 танцаў — паланэз, вальсы, полькі i кантрадансы.












Тэма сёлетняга Балю — «Кветкі». Вядучыя мерапрыемства Алена i Валерый Шымак распавялі цікавыя факты пра кветкi, іх сімвалiчнае значэнне ў некаторых краінах свету, а таксама ў хрысціянстве. Цікавыя конкурсы надалі гэтаму вечару шмат весялосці, радасці і аптымізму. Сужэнскі Баль — гэта дакладна тое, у чым лепш адзiн раз паўдзельнiчаць, чым пра яго сто разоў пачуць.
Напрыканцы Балю кожнае сужэнства атрымала невялікі памятны падарунак. Усе супольна праславiлi Бога за цудоўны вечар гімнам Magnificat.


«Мы вельмі рады, што 2 гады таму ў нас атрымалася паўдзельнічаць у нашым першым Балі, — дзеляцца Дзмітрый і Караліна Дабаровіч. — Тады вучыцца танцаваць было крыху складана, але арганізатары цярпліва працавалі над тым, каб мы разабраліся з рухамі і асвоілі танцы. Зараз нам цяжка ўявіць, што можна не ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Баль — гэта сапраўдная падзея для нашай сям’і. Тут мы праводзім час з цудоўнымі людзьмі, блізкімі па духу, адпачываем і душой, і целам, падзяляем радасць і адчуваем сябе шчаслівымі. Дзіма заўважыў, што нават калі ў нейкі вечар няма настрою на актыўнасць і хацелася б застацца дома, але ты робiш высiлак i ідзеш на рэпетыцыю, то вяртаешся адтуль напоўненым своеасаблiвай радасцю. Час пралятае вельмi хутка, хочацца танцаваць далей. На наш погляд, Баль — гэта цудоўная магчымасць для мужа і жонкі паглыбiць свае ўзаемаадносiны, даведацца адно пра аднаго з іншага боку, праявіць пяшчоту і клопат. Мужчыны — сапраўдныя кавалеры, а дамы побач з імі зіхацяць ад шчасця!»


«Ведаеце, я вельмі люблю наш Баль і кожны раз вельмі яго чакаю, — распавядае Вольга Луцэнка. — Муж хоць і не заўсёды з ахвотай згаджаецца з прычыны таго, што трэба хадзіць на рэпетыцыі, бо мае шмат спраў, але пасля Балю заўсёды кажа: «Было супер». Цалкам згодна з такiм меркаваннем сужонка. Баль — гэта пра радасць, пра пяшчоту, кампліменты, пра сяброўства, пра прыгажосць, пра любоў да Бога і чалавека! А яшчэ гэты фармат мерапрыемства добра ўплывае на нашых дзяцей, якія заўважаюць, што іх бацькі больш часу праводзяць разам. Баль адбыўся. Дзякуй Богу за магчымасць удзельнічаць у ім! Шчыры дзякуй Лене і Валеру Шымак за рэпетыцыі, за такую цудоўную ідэю праводзіць Баль у нашай парафіі! Таксама вялiкi дзякуй yсім, хто дапамагаў у арганізацыі Балю, хто быў побач, падтрымліваў, калі штосьці не атрымлівалася ў танцы. Асобна хочацца падзякаваць ксяндзу Алегу, якi быў разам з намі, дабраслаўляў нас, танцаваў, граў на гітары і прыгожа спяваў».


«Мы вельмі рады, што ў чарговы раз мелi магчымасць апынуцца ў гэтай казцы пад назвай «Сужэнскі Баль»! Урачысты, прыгожы, велічны і адначасова ўтульны i цёплы! Такі цікавы фармат правядзення часу з сужонкам і іншымі сямейнымі парамі мы ўпершыню адкрылі для сябе ў 2020 годзе. З таго часу iмкнёмся не прапускаць такiя мерапрыемствы. Кожны Баль асаблiвы i непаўторны, — дзеляцца ўражаннямі Артур і Кацярына Ваяводскія. — Прыгожыя танцы, рамантычна аформленая зала, гульні, конкурсы, прыемная атмасфера, смачны пачастунак, памятныя сувеніры — што яшчэ трэба для цудоўнага вечара?! Дзякуй усім сужэнскiм парам, якія ўпрыгожылі гэты Баль сваёй прысутнасцю!»


«Дзякуй вялікі ўсім за цудоўную атмасферу, — кажа Ірына Гардынец. — У гэтым годзе мне цікава было назіраць за сужэнскiмi парамi, за іх узаемаадносінамі. Неверагодна пяшчотныя позіркі тых, хто толькі пачынае свой шлях у сужэнстве, i непрыкметны далікатны клопат адно пра аднаго тых, хто ўжо не адзін год разам. Я заўважала шмат любові і шчырых усмешак, шмат сапраўднай радасці і задавальнення ад таго, што з кожным разам атрымліваецца ўсё лепш танчыць. Дзякую кожнай пары за ix прысутнасць, за кампліменты, за вясёлыя рэпетыцыі, за жарты, за адкрытасць, за магчымасць назiраць за сапраўднымi прыгожымi ўзаемаадносінaмi памiж сужонкамi».


«Вечар Балю — гэта яркі фінал усяго перыяду падрыхтоўкi, — падкрэслівае Настасся Гаўрылкевіч. — Магчыма, не ўсё ў нас атрымалася на 100%, але адназначна магу сказаць, што мы напоўнiлiся радасцю, пазiтывам. Дзякуй вялiкi ўсiм удзельнiкам за станоўчыя эмоцыi, за шчырыя ўсмешкi, цёплыя словы, камплiменты. Для жанчын Баль — гэта цудоўная магчымасць адчуць сябe лэдзi, а для мужчын — пабыць галантным кавалерам. А яшчэ Баль — гэта добрая нагода, каб паглыбiць свае сужэнскiя ўзаемаадносiны».


Больш фота можна знайсці тут.



