Па навачэсным раёне Мінска, Новай Баравой, рухаецца шмат моладзі. Усе яны спяшаюцца ў касцёл на сустрэчу, якая распачнецца Святой Імшой. Разнастайнасць прысутных святароў, братоў, клерыкаў, сясцёр і шматлікіх маладых людзей — доказ еднасці ў супольнасці Касцёла.

Святая Імша — асаблівы момант. Літургія падрыхтавана моладдзю: задбана прыгажосць чытання, псальму, спеваў у францішканскім духу, працэсіі з дарамі. У казанні кс. Андрэй Бурак, душпастыр моладзі Мінска-Магілёўскай архідэяцэзіі, распавёў пра Юбілей 2025 года, які абвясціў Папа Францішак. Тэма фармацыйнага года моладзі нашай архідыяцэзіі — «Пілігрымы надзеі». Чаму нам патрэбна надзея, кс. Андрэй распавёў на прыкладзе Біблійных герояў, а таксама заклікаў «крочачы дарогай да Новага Ерузалема, старацца быць надзеяй для іншага чалавека, каб нашыя сведчанні, нашыя словы, наша святасць сапраўды давала надзею тым, хто заблукаў, хто шукае Праўды і сэнсу жыцця».

Ксёндз Андрэй звярнуўся да прысутных: «Дарагая моладзь, мы пакліканыя да таго, каб наследаваць Хрыста. Наш Пан лепшы за тое, што прапаноўвае гэты свет. Любоў, якую прапануе Хрыстос, вышэйшая за тое, што можна здабыць у гэтым свеце.
Распальвайце ў сабе жаданне прапаведаваць Хрыста сваім жыццём, паўсядзённай радасцю і сваім служэннем. Важна не толькі самім ісці да Збаўцы, але і ўсім сэрцам прагнуць запрасіць іншых на гэты шлях».

Адметнасцю ў гэтым годзе стаў запалены ліхтар, які звязаны з тэмай «Пілігрымы надзеі». Гэты ліхтар будзе суправаджаць моладзь на працягу года пры кожнай агульнай сустрэчы, нагадваючы пра святло, якое асвятляе шлях веры і надзеі.

Мэта вераснёўскай сустрэчы — малітва разам: запрашэнне Духа і прашэнне Божага благаслаўлення на распачацце новага фармацыйнага года. І такое благаслаўленне ўсе атрымалі напрыканцы Святой Імшы.

Прысутныя на сустрэчы былі таксама і тыя, хто яшчэ не знайшоў сабе супольнасць у Мінску, а толькі прыехаў вучыцца ва ўніверсітэт ці каледж у сталіцу. Для іх пасля Святой Імшы адбылося прадстаўленне моладзевых супольнасцяў горада Мінска.

Супольнасць — важнае месца для кожнай асобы: гэта пастаянная фармацыя, малітоўная і чалавечая падтрымка, кола аднадумцаў, з якімі не страшна абмеркаваць пытанні веры, месца, дзе можна знайсці сяброў ці проста завязаць добрыя стасункі. Супольнасць — гэта людзі, гэта прыгода, гэта магчымасці (напрыклад, для рэалізацыі сваіх ідэй і талентаў, для служэння іншым і г. д.).

На вуліцы па-восеньску халадае, а гарачыя сэрцы маладых узносяцца ў малітвах. ДМХ, будучы адказнымі за Нешпары, праводзіла малітву. А пасля ўдзельнікі сустрэчы перайшлі да гарачай гарбаты і перакусу, клапатліва падрыхтаваных арганізатарамі.

Працяг праграмы — доўгачаканы канцэрт. Супольнасць «Рыбы» прыехала з далёкіх і не вельмі куточкаў нашай краіны, каб разам з моладдзю праславіць Пана. Восень не дае пра сябе забыць: пачаўся дождж і прымусіў раней скончыць канцэрт. Але нягледзячы ні на што сустрэча адбылася і яна была цудоўнай! Фармацыйны год у разгары. Запрашаем вас далучацца да архідыяцэзіяльных моладзевых сустрэч, якіх будзе яшчэ шмат.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.