Фота Віталія Грышкевіча

19-21 ліпеня ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) прайшлі IV Агульнабеларускія дні моладзі, у якіх прынялі ўдзел нашыя парафіяне. Абраная тэма ў гэтым годзе — «Моладзь — радасць і надзея Касцёла ў Беларусі».

Дзень першы. Мы ўсе сабраліся разам, прывіталі новапрызначанага біскупа Уладзіміра Гуляя і біскупа намінанта Андрэя Зноска. Біскуп Уладзімір звярнуўся да моладзі словамі «Нам патрэбны моладзевы энтузіязм». Мы маліліся на Святой Імшы, слухалі канфэрэнцыю ксяндза Яўгена Шымановіча пра мары і зараджаліся на тое, каб марыць пра вялікае і не баяцца. Таксама адбылася малітва праслаўлення пад спевы моладзі з супольнасці «Мы разам». Адарацыя моцна паўплывала на шматлікіх удзельнікаў Агульнабеларускіх дзён моладзі. Благаслаўленне, астатнія начныя размовы і цішыня...

Дзень другі. Мы пачалі супольнай малітвай, быў час і на тое, каб знайсці новыя знаёмствы, і на тое, каб заглыбіцца ў свой унутраны сусвет. Эксклюзіўную тэму канферэнцыі прапанаваў айцец Яўген Голуб: «Майстэрства пераплёту. Як сучасная культура ўплывае на веру?». Канферэнцыя была напоўнена прыкладамі музычных груп розных накірункаў, выказваннямі вядомых філосафаў, што дало моладзі глебу для разважанняў над вельмі важнымі пытаннямі веры. Праца ў групах — час для нашай актывізацыі, гэта магчымасць падзяліцца думкамі з аднагодкамі і запісаць пытанні, на якія будзе адказваць біскуп. Дыялог з біскупамі — менавіта так называўся пункт праграмы, падчас якога арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч адважна згадзіліся адказваць на нашыя пытанні. Святая Імша — галоўная падзея дня. І мы ўжо бяжым у чаргу за смачным абедам, а таксама гэта час, каб пабыць з сябрамі і прагуляцца па Браславе. Складаныя працэсы простымі словамі спрабаваў патлумачыць нам ксёндз Аляксандр Жарнасек у канферэнцыі «Дынаміка ў напрамку прымітывізму». Пасля шматлікіх разважанняў на працягу дня мы стараліся плённа перажыць Адарацыю — час, напоўнены Богам, Яго святой прысутнасцю. Сёстры шарыткі распавялі нам пра Цудадзейны медалік і яго гісторыю, у кожнага ўдзельніка была магчымасць прыняць на сябе такі Марыйны знак. Перад заканчэннем дня нас чакаў Вясёлы вечар, у арганізацыі якога прымалі ўдзел розныя супольнасці моладзі. Было гучна, весела і не абыйшлося без віктарыны і танцаў.

Дзень трэці. Нядзеля. Дзень Уваскрасення Хрыста. Дзень пачаўся з малітвы і захапляльнай канферэнцыі ксяндза Юрыя Медушэшскага, які разважаў пра радасць, распавядаючы на прыкладзе яскравага адчування прысутнасці Госпада ў сваім ўласным жыцці. Святая Імша ў напоўненым людзьмі Браслаўскім санктуарыі, магчымасць падзяліцца сведчаннямі на заканчэнне Дзён моладзі. Адным з грунтоўных сведчанняў быў аповед хлопца, які падзяліўся, што Бог рыхтаваў яго, каб трапіць у Браслаў, а гэтыя тры дні перавярнулі яго жыццё і прывялі да споведзі, у якой ён меў вялікую патрэбу.

Хвала Пану за гэтыя дні, напоўненыя радасцю і надзеяй.

Усе канферэнцыя даступны па спасылцы: плэй-ліст.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.