Фармацыя моладзі ў нашай парафіі не абмяжоўваецца толькі катэхезамі і ўдзелам у набажэнствах. Супольнасць моладзі будуецца праз калектыўны адпачынак і працу, праз простыя чалавечыя стасункі адно з адным, праз час, праведзены разам. Менавіта таму маладыя людзі выправіліся са сваіх дамоў і перажылі сапраўдную прыгоду на ўлонні прыроды.

Моладзь Хрыста (асобы ад 14 да 17 гадоў) на чале з кс. Уладзімірам і с. Марыаннай зладзілі летні выезд. Ва ўтульным маляўнічым месцы ў супакоі і радасці прайшлі гэтыя дні адпачынку. Адбылася супольная Святая Імша, зведванне касцёла ў Мядзелу, катанне на яхце і катэры, сплаў на байдарках, сустрэча заходу і ўсходу сонца, супольнае гатаванне плову, прагляд фільма "Мне не сорамна", святкаванне дня народзінаў адной з удзельніц выезду, гульні. У выездзе прыняло ўдзел 14 чалавек.

 

Традыцыйна летні адпачынак ДМХ "Адзіныя сэрцам" (студэнты і працуючая моладзь) праводзяць, выязджаючы ў найпрыгажэйшыя мясціны нашай краіны. Ужо пяты год запар летні адпачынак не абыходзіцца без сплаву на байдарках. У такой прыгодзе ў гэтым годзе прыняло ўдзел 23 асобы на чале з кс. Уладзімірам і кс. Андрэем. Адметна, што да выезду далучылася с. Наталля, якая ў свой час таксама з'яўлялася ўдзельніцай ДМХ.

Супольнасць падчас выезду мела час на малітву, на фізічную актыўнасць, на цішыню, захапленне хараством гэтага свету і, канешне ж, час для бліжняга. Выезд быў па-сапраўднаму сямейны.

                   
Фота: Удзельнікі выездаў

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.