Дзесяць гадоў — многа гэта ці мала? Мы ўжо пачалі разважанне аб гэтым у нашым матэрыале, прысвечаным юбілею служэння ксяндзоў хрыстусоўцаў у Мінску, а дакладней у нашай парафіі. На сувязь з намі выйшлі некаторыя з парафіянаў, якія сёння дзеляцца сваімі гісторыямі, сваімі сведчаннямі жыцця з Богам.
«Можна шмат цёплых слоў сказаць пра кожнага святара з нашай парафii i кожнаму ёсць, за што падзякаваць. У розныя моманты жыцця адчувалi i адчуваем духоўную падтрымку нашых святароў — кс. Алега, кс. Уладзiмiра i кс. Андрэя. Не хопiць дня, каб распавесцi аб усiм.
Распавяду аб адной з апошнiх сiтyацый.
Нашаму старэйшаму сыну, якi вучыцца зараз за мяжой, патрэбна было вырашыць вельмi хутка адно складанае пытанне. Мы з сужонкам прыклалi шмат намаганняў, каб дапамагчы, але нiчога не атрымлiвалася. Мы не гублялi надзею, давяралi Богу. Пасля сужэнскай малiтвы прыйшла думка звярнуцца за парадай да нашага пробашча. Кс. Андрэй не толькi духоўна нас падтрымаў, але прыклаў намаганнi, каб дапамагчы. З Божай дапамогай сiтуацыя вырашылася. Хвала Пану! I дзякуй вялiкi кс. Андрэю за дапамогу!», — падзялілася Людміла Чаган.
«Ксёндз Уладзімір і ксёндз Алег адыгралі ў духоўным развіцці нашай сям'і вялікую ролю. У 2014 годзе з падачы ксяндза Алега ў нашай парафіі пачаў сваю актыўнасць рух ЭНД, і мы сталі яго актыўнымі ўдзельнікамі, што вельмі дапамагае нам у сужэнскім і сямейным жыцці. Гэта таксама дапамагло нам весці актыўнае жыццё ў парафіі і адкрыць у сабе розныя таленты (спяваем, танчым, ствараем вырабы, малюем і г. д.). Дзякуючы ксяндзу Уладзіміру, які летам 2015 года арганізоўваў Канікулы з Богам і запрасіў мяне дапамагаць на кухні, я адкрыла ў сабе здольнасць гатаваць ежу на вялікую колькасць людзей (аж да пілігрымкі на 230 чалавек). Не раз нашы ксяндзы дапамагалі парадай і справай у выхаванні нашых дзяцей. Наогул, ксёндз Андрэй, ксёндз Алег і ксёндз Уладзімір з'яўляюцца прыкладам для нас і нашых дзяцей шмат у чым: у любові да Бога, любові да бліжняга, уменню пазітыўна і радасна глядзець на жыццё, ва ўменні знаходзіць час і сілы на іншых людзей. Мне здаецца, што ў нашых ксяндзоў у сутках не 24 гадзіны, а 48. Яны вучаць нас быць сапраўднымі хрысціянамі», — падзялілася Алена Манчынская.
«У фарміраванне і ўзрастанне ў веры нашага сужанства вялікі ўклад зрабіў кс. Алег. Ён добры сябра для нашай сям'і, святар, які не раз дапамагаў нам з сужонкам знайсці адказы на цяжкія пытанні. Кс. Уладзімір аднойчы адным словам дапамог мне ўбачыць чырвоны сцяжок у адносінах з падлеткамі. Кс. Андрэй — першы святар, з якім я змагла пагаварыць адкрыта пра медычную этыку і свае праблемы менавіта ў працы», — засведчыла Ірына Гардынец.
«Ксёндз Уладзімір запрасіў у цудоўную суполку ДМХ. Магчыма, гэта таксама і паўплывала на маё навяртанне да Бога. Шмат цудоўных момантаў адбылося ў маім жыцці за гэты час: святкаванне Новага 2022 года, сумесныя паходы ў тэатр ці проста вечары з гарбаткай. Таксама гэта паўплывала на тое, як я стаўлюся да Імшы, Камуніі, Езуса. Ёсць жаданне быць на Імшы не толькі па нядзелях, больш ахвяраваць час Богу, падтрымліваць і ўводзіць каталіцкія традыцыі ў жыццё сям'і. Праз нейкі час адчуваю, як зерне, кінутае падчас катэхезаў, паступова прарастае і дае плёны. І заўсёды адчуваю сябе авечкаю пастыра, бо ксёндз заўжды памятае ў малітве і віншуе ў асаблівыя даты. Прысутнічае па магчымасці на важных падзеях. Ксёндз Уладзімір — вельмі адкрыты чалавек.
Ксёндз Андрэй стаў маім духоўным кіраўніком. Пробашч шмат мудрага і добрага раіць на катэхезах. Часам яго словы даюць магчымасць перагледзець свае погляды рэлігійныя. Я ўдзячна ксяндзу Андрэю за ўдзелены нам з мужам шлюб.
Ксёндз Алег дапамог нам увайсці ў рух ЭНД. Між іншым, ксёндз Алег апякуецца моладзевым хорам. Памятаю, як ён арганізаваў наш выезд з Алёнаю Кот у 2023 годзе. Я з цеплынёю ўспамінаю нашыя сняданкі адтуль. А таксама ксёндз Алег быў, як і ўсе хрыстусоўцы, арганізатарам вельмі цудоўнай пілігрымкі ў Будслаў у 2022 годзе. Яна мяне доўга не адпускала. Я ўдзячна ксяндзу Алегу за хрост нашага сына Францішка», — распавяла Данута Кудырка.
«Сёння нашу парафію называюць самай крутой у Мінску — мы гэтым вельмі ганарымся. Але разумеем, што гэта не наша заслуга. Яшчэ 10 гадоў таму парафіяне капліцы па вуліцы Матусевіча наракалі на незразумелае рашэнне касцёльнай улады замяніць горача любімага айца Аляксандра Уласа на невядомых хрыстусоўцаў. Дзякуй Богу, што Ён не заўсёды прыслухоўваецца да нашых меркаванняў!
Новыя святары хутка паказалі, што планка іх патрабаванняў паперш да саміх сябе вельмі высокая. Іх стаўленне да служэння праходзіла пад дэвізам "аддаць усё": час, увагу, сілы, здольнасці — яны рашуча, вельмі энергічна, але без нервовага напружання развярнулі маштабную дзейнасць па ўключэнні ўсіх парафіян у жыццё супольнасці Касцёла.
Памятаю, як мяне ўразіла ідэя правядзення Канікул з Богам. Я назірала за пробашчам айцом Алегам: няўжо не страшна браць на сябе адказнасць за амаль сотню дзяцей?! Але яго супакой перадаўся і ўсім нам — хто згадзіўся дапамагаць карміць гэты тлум. "Нічога, ты ж гаспадыня!" — сказаў ён тады, шчыра кажучы, зусім мяне не ведаючы. Але гэта мела эфект! Ужо потым я даведалася, што самую цяжкую працу нашыя айцы — Алег і Уладзімір — рабілі самі. Ноччу чысцілі бульбу на сотню чалавек! І гэта пасля цяжкага спякотнага актыўнага дня, праведзенага з дзецьмі! Гэта засталося за кадрам, бо нашы айцы не маюць звычкі выхваляцца.
Мы, парафіяне, хутка лепей пазнаёміліся і паміж сабой, бо пачалі па натхненні святароў ладзіць і вербныя кірмашы, і гандаль на фэсце ў Будславе. Калі мы нерваваліся ці пачыналі спрачацца — побач заўсёды быў айцец Уладзімір, які нагадваў: галоўнае не прыбытак, а нашае сведчанне любові, веры і супакою... Увогуле, назіраючы за ім, кожны мог навучыцца далікатнай тактычнасці да кожнай асобы — гэта сапраўдная цнота!
Хутка заўважылі мы і пабожнасць новых святароў. Мала які герой мог вытрымаць велікодную вігілійную Імшу, якая доўжылася больш за дзве гадзіны! Мы зразумелі: толькі пасля такой Імшы хочацца спяваць і абудзіць увесь раён радасным воклічам "Хрыстос Уваскрос!".
Хрыстусоўцы паднялі планку для ўсіх нас. Да кожнага дайшло, што Святая Імша не павінна быць проста адбытым абавязкам. Мы вучыліся менавіта перажываць Літургію, бачачы, як перажываюць яе нашыя пастыры — глыбока, аддана, так, як бы гэта сапраўды самае важнае дзеянне дня, самая важная падзея жыцця! І гэта было натуральна для іх, і сталася такім і для нас.
Упершыню ў нашай парафіі сталі праводзіцца і ўсяночныя Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і... Хто б мог падумаць, што спатканні з Хрыстом у цішыні могуць быць такімі плённымі для духоўнага ўзрастання!
Мне не хопіць часу пералічыць усе паспяховыя навінкі, якія з таго часу прыжыліся ў раскладзе нашай парафіі: калядныя вечары, музыкальныя гурткі, душпастырства моладзі, скаўтынг, безліч супольнасцяў для ўсіх узростаў!.. Я і зараз схіляюся думаць, што разам са шлюбамі нашы святары атрымалі ў падарунак ад Бога нейкі цудоўны анлім: у іх дні нашмат больш гадзін, чым у звычайнага чалавека! Бо інакш гэткую апостальскую актыўнасць немагчыма растлумачыць.
Кожнага запрашаю ў каплічку да нас на Матусевіча! Сёння хрыстусоўцаў ужо трое, і я думаю, разам яны здолеюць пасунуць тую Горку, што ўсім здаецца Каменнай», — падзялілася Дар’я Еўсікава.
Дзякуем Вам, дарагія парафіяне, якія дасылалі свае свадчанні. Кожная гісторыя па-свойму прыгожая, кожны аповед — наш скарб, бо гэта сведчанне, які Добры наш Бог! Мы заўсёды адкрытыя на тое, каб дзяліцца вашымі гісторыямі. Даслаць нам матэрыялы можна праз Instagram, або ў Viber на нумар +375 29 1711741.