Архіўнае фота

Маленькая гісторыя нашай немаленькай парафіі працягваецца. А сёння, 14 верасня 2024, мы адзначаем 10 гадоў служэння ксяндзоў хрыстусоўцаў у нашай парафіі. Таму хочацца падзяліцца з вамі сведчаннямі парафіянаў пра ўплыў святароў на жыццё канкрэтных людзей.

«Спатрэбiлася мне прыняць важнае рашэнне адносна працы: мяняць або не, шукаць іншае выйсце з сітуацыі. Пры гэтым хацелася распазнаць Божую волю, каб учынак быў згодны з ёй. Звярнуўся за парадай да а. Андрэя. Ён даў некалькі парадаў адносна распазнання Божай волі з улікам маёй сітуацыі і сказаў чакаць: Бог адкажа канкрэтна. Праз месяц я пачуў словы, якія казалі мне, што рабіць (у каментарыі да чытанняў дня ў чаце парафіі). Напісаў заяву на звальненне. А калі мяне звольнілі 08.09, яшчэ раз упэўніўся ў правільным выбары. Цяпер дзякую Пану праз Марыю, у чыё свята здзейснілася "вызваленне", і ўдзячны святару за дапамогу», — падзяліўся Генадзь Манчынскі.

«Пра ксяндза Андрэя магу расказаць такую гісторыю. Мае мама і сястра прыехалі на Імшу да нас у капліцу, Імшу адпраўляў кс. Андрэй. Пасля выйшлі з капліцы і казалі: "Які прыгожы, які прыгожы, а гаворыць як, усё так складна, як рэчанька ліецца, ды на беларускай мове... і ксёндз!!!"», — распавяла Любоў Пукіта.

«Я вельмі рада, што айцец Андрэй з’явіўся ў нашай парафіі. Ён вельмі добры і мудры святар. Бог даў мне такую ласку, што ён стаў маім духоўным кіраўніком. Яго парады заўсёды практычныя і дапамагаюць мне лепш зразумець сябе. Напрыклад, калі ў мяне былі праблемы з мужам, ён сказаў: "Ідзі да мужа і любі яго". Гэтыя словы былі для мяне вельмі важныя. Мне вельмі падабаецца, як айцец Андрэй праводзіць рэкалекцыі для дзяцей. Ён вельмі добра разумее іх. Я б вельмі хацела, каб у маім дзяцінстве быў такі святар. Я ўдзячная Богу за сустрэчу з айцом Андрэем і ўпэўненая, што ён дапамог мне стаць лепшым чалавекам. Айцец Андрэй вельмі начытаны. Здаецца, ён ведае ўсё пра Касцёл. Аднойчы я пабачыла відэа, дзе нейкі святар гаварыў пра Ватыкан. Айцец Андрэй адразу сказаў, што гэта секта, і такім чынам я пазбегла вялікай памылкі. Ён заўсёды цярплівы, уважлівы і прысвячае ўвагу кожнай дробязі. Ён выслухоўвае ўсё і нікуды не спяшаецца. Гэта сапраўдны духоўны айцец», — падзялілася Наталля Ліпляніна.

Архіўнае фота

«Аднойчы ўзніклі праблемы з сынам — яму тады было 11-12 гадоў. Паводзіў сябе кепска і на размову не адкрываўся. Падзяліўся клопатам з а. Алегам. Той сказаў: "Я з ім паразмаўляю". Не ведаю па сённяшні дзень, аб чым была гаворка паміж імі, але пасля той размовы сын змяніўся, у нас пакрыху наладзіліся адносіны. Дзякую а. Алегу», — падзяліўся Генадзь Манчынскі.

«За развіццё і ўмацаванне нашых сужэнскіх адносінаў мы ўдзячныя ксяндзу Алегу. Аднойчы, каля 9 гадоў таму, у духоўнай размове ксёндз Алег прапанаваў прыйсці на сустрэчу сямейных пар руху END. Параіўшыся дома з мужам, мы вырашылі схадзіць, разумеючы, што дакладна нічога не губляем, хоць для нас гэта было новым і незвычайным. Муж сказаў: "Хочаш? Пойдзем". Так пачаўся наш сямейны шлях да святасці разам з сем'ямі суполкі. На сённяшні дзень наша суполка END — гэта наша другая сям'я, кола аднадумцаў і падтрымкі. Мы не раз казалі словы падзякі ксяндзу Алегу за тое, што запрасіў нас тады і вядзе нас цяпер як духоўны настаўнік, і не стомімся паўтараць: "Ксёндз Алег, вялікі вам дзякуй!"», — падзялілася Кацярына Ваяводская.

«Я вельмі доўга не ўспрымала Бога як Айца... На адной з раратніх Імшаў падчас казання кс. Алег сказаў словы: "Я люблю цябе, мая дачка, мой сын..." Я доўга пасля гэтых слоў не магла думаць ні пра што іншае... Але менавіта гэтыя словы дапамаглі мне ісці далей з Нябесным Айцом!», — падзялілася Яўгенія Сырыца.

«У нашай сям'і кс. Алег адыграў вельмі важную ролю. Ён дапамог майму мужу пранікнуцца хрысціянствам, зразумець важнасць шлюбу і змяніць погляд на многія рэчы, прынцыповыя для развіцця сям'і. Дзякуючы кс. Алегу мы ўзялі шлюб і ўступілі ў рух END. Асабіста ў маім жыцці яго слова часта дапамагае мне ўбачыць новыя глыбіні Евангелля і паглядзець на многія пытанні жыцця з нечаканых бакоў», — падзялілася Вікторыя Федзькіна.

Архіўнае фота

«А. Уладзімір большасць часу праводзіць з нашымі дзецьмі (скаўтынг, ЛСА), і бачу, як гэта ўплывае на іх жыццё, паводзіны. Адчуваюцца размовы, якія фарміруюць іх як асоб, робяць іх адказнымі, самастойнымі. Дзеці, бывае, забудуць, аб чым я іх прасіў, але калі іх прасіў а. Уладзімір, то гэта не можа быць не зроблена. А гэтыя фразы, якія яны калісьці прынеслі дамоў, ужо сталі нашымі сямейнымі: "Добра, што ты ёсць", "Не шкадуй, што нешта прыемнае скончылася, — падзякуй Богу, што яно было ў тваім жыцці" і інш. Заўсёды прыветлівы і радасны. Бывала, ідзеш у капліцу сумны, незадаволены, а пасля прывітання з ксяндзом Уладзімірам нешта змяняецца, на душы цяплей і ў сэрцы супакой, часта шчыра (не дзеля этыкету) цікавіцца, як справы, праз яго адчуваеш, што Бог нас любіць. Дзякуем Богу, што а. Уладзімір ёсць у нашым жыцці. Хвала Пану!», — падзяліўся Генадзь Манчынскі.

«Я ведаю ксяндза Уладзіміра большую частку свайго жыцця — 10 гадоў. І ўсе гэтыя 10 гадоў ён заўсёды побач. На ўсіх выездах, канікулах, святах. Мне важная яго прысутнасць на «Канікулах з Богам», у скаўтынгу, у ДМХ, на маім дні нараджэння і інш. Яго добрае слова, парада, прыклад заўсёды дапамагаюць, падтрымліваюць і вучаць. Дзякуючы ксяндзу Уладзіміру маё жыццё складваецца, як мне здаецца, добра і правільна», — падзялілася Марыя Манчынская.

«Як толькі я пазнаёмілася з ксяндзом Уладзімірам, я заўважыла, што ён увесь час усміхаўся і знаходзіў ва ўсім толькі радасць. І мне гэта вельмі адгукалася. Мінула трохі часу, я паступіла ў Мінск і трапіла ў Душпастырства моладзі Хрыста і супольнасць парафіі св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ, дзе служаць айцы-хрыстусоўцы, у тым ліку і ксёндз Уладзімір. Ксёндз заўсёды знаходзіў час, каб пагаварыць асабіста з кожным падчас нашых сустрэч у супольнасці. І на адной з сустрэч я папрасіла ксяндза пагаварыць са мной: у мяне было да яго пытанне асабістага характару. Калі я патлумачыла, што мяне трывожыць, ён спакойна выслухаў мяне і спытаў, якія ў мяне адносіны з Богам І ці задавала я гэтае ж пытанне Богу. Я той момант мой адказ быў "Не", і, вядома, я была ашаломленая, бо гэта было так відавочна. Праз нейкі час мне параілі шукаць духоўнага кіраўніка і маліцца ў гэтай інтэнцыі. Скажу я вам, у такія моманты д'ябал не спіць: мне было цяжка зразумець, як наогул гэта можна распазнаць. І пасля адных рэкалекцый мне прапанавалі памаліцца навэннай св. Шарбэля. І я малілася гэтай навэннай і выбрала інтэнцыю, каб Бог дапамог мне знайсці духоўнага кіраўніка. Як толькі я скончыла маліцца гэтай навэннай, я распазнала, што ксёндз Уладзімір, які займаецца моладзевай супольнасцю, у якую я ўваходжу, фармуе нас духоўна як супольнасць (і не толькі), можа стаць маім духоўным кіраўніком. У той момант я знаходзілася на практыцы па вучобе ў Навагрудку, адкуль я родам. Я напісала і прапанавала ксяндзу стаць маім духоўным кіраўніком, які прывядзе мяне да Бога, і ён пагадзіўся! І вось праз час я разумею, што ксёндз заўсёды даваў мне свабоду, ён ніколі не адказваў выразна на мае пытанні, ён заўсёды пытаўся, як я думаю, чаму менавіта так, і заўсёды казаў, што толькі Бог дапаможа мне гэта адкрыць. На самым пачатку я крыху не разумела гэтага, але праз час, час малітвы, разважанняў і духоўных практык я ўсведамляю, што ксёндз Уладзімір заўсёды вучыў і вучыць мяне свабодзе, выбудоўванню адносін з Богам і не баяцца ісці ў свае страхі. Хвала Пану за ксяндза Уладзіміра, за яго служэнне мне і ўсёй нашай парафіі!» — падзялілася Анастасія Кардаш.

Архіўнае фота

«Праз ксяндза Уладзіміра я пабываў на сапраўднай Апошняй Вячэры Пана Бога, менавіта ў тыя дні перад Яго смерцю. Я адчуў каля сябе блізка ад 12 апосталаў і Айца, калі на Імшы ксёндз сабраў нас вакол Яго стала. Я стаў бачыць Езуса значна больш у жыцці і ў асяроддзі, чым я бачыў яго раней», — распавёў Даніэль Лазараў.

«На маё жыццё паўплаваў ксёндз Уладзімір. Дзякуючы яго энтузіязму і адкрытаму сэрцу я зараз знаходжуся разам з Богам і магу назваць сябе веручым чалавекам. Таксама дзякуючы яму я пабывала ў шматлікіх цікавых месцах: горы, кар’еры, розныя гарады. І цяпер магу адказаць: "Так, у мяне сапраўды цікавае жыццё"», — падзялілася Паліна Капуста.

«Ксёндз Уладзімір адыграў і працягвае адыгрываць у маім жыцці вялікую ролю. З яго распачалося маё знаёмства з парафіяй, калі чатыры гады таму я прыйшоў у ДМХ "Адзіныя сэрцам". Потым ксёндз Уладзімір з ксяндзом Алегам запрапанавалі мне далучыцца да руха Каталіцкіх скаўтаў, прыгледзеўшыся да якога, я згадзіўся і ўжо распачаў чацвёрты год свайго служэння ў якасці звязовага Першага мінскага звяза святога Яна Паўла ІІ. Ксёндз Уладзімір быў побач са мной на ўсім шляху майго развіцця як шэфа, дапамагаў парадамі, канструктыўнай крытыкай, прысутнасцю і канкрэтнымі ўчынкамі. Дзякую Пану Богу за тое, што паставіў такога душпастыра на маім шляху менавіта ў гэты этап жыцця, калі адбываецца маё сталенне як асобы; і дзякуй вам, ксёндз Уладзімір, за тое, што робіце для мяне, за вашую прысутнасць!», — падзяліўся Андрэй Рамашка.

Архіўнае фота

Працяг будзе...

Падрыхтавала Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.