Дзелімся з вамі водгукамі пілігрымаў Мінск-Будслаў 2024 і фотаздымкамі з пілігрымкі, якая ў гэтым годзе прайшла пад дэвізам «Любоў яднае».
с. Магдаліна Кулай CSCIJ (Кармілітка Дзіцяткі Езуса):
Хрыстусоўцы нас вялі — да МАЦІ ЛЮБОВІ прывялі!!!
Шчыра дзякую нашым святарам хрыстусоўцам! Усё было супер!!! Дзякую сёстрам і а. Стэфану за супольны шлях і падтрымку! Вы файныя!!! Мае стопы перадаюць прывітанне медыкам! Дзякуючы вам было лягчэй ісці і дайсці да Маці!!! Дзякуй тым, хто спяваў і іграў, — гэта было як духмяны алей на душу. Дзякуй кухарам за смачную ежу! Дзякуй кожнаму, з кім пазнаёмілася, за кожнае добрае слова, за ўсмешку, за пытанне "Як там ідзецца?"! Дзякуй тым, хто проста ішоў побач у цішыні з малітвай і спевам! Дзякуй кожнаму з вас!!!
Дзяніс Цярохін, 26 гадоў, выпускнік Мінскай Духоўнай Семінарыі:
Не магу не напісаць, бо дагэтуль знаходжуся пад моцным уражаннем ад перажытага і ўбачанага. Я ўпершыню быў на пілігрымцы. Я праваслаўны і дагэтуль я ўвогуле не ведаў, што Будслаў — гэта месца Маці Божай і яно так шануецца беларускімі католікамі.
Я ішоў няпоўныя чатыры дні — з аўторка, — але мне хапіла, каб зразумець шмат чаго. Я даведаўся пра Каталіцкі Касцёл з новых станоўчых бакоў. Я ўбачыў у вас адзінства і любоў адно да аднаго, убачыў у вернікаў усвядомленасць і глыбокае веданне сваёй веры, убачыў Хрыстацэнтрычнасць, любоў да Хрыста і жыццё ў Хрысце.
Быў здзіўлены з таго, што было шмат веруючай яркай моладзі: ваш Касцёл змог знайсці да яе падыход, і за гэта Каталіцкаму Касцёлу вялікая павага.
Імшы, Адарацыі, малітвы, песні — гэта прыгажосць вашага Касцёла. Я гэта ўсё вельмі цудоўна прачуў, і гэта кранула мяне да глыбіні душы. Як выпуснік праваслаўнай духоўнай семінарыі і акадэміі, які ведае гісторыю і прычыны расколу Царквы, я ў чарговы раз засмуціўся духам, усведамляючы, якая ж гэта вялікая трагедыя, што амаль 1000 гадоў таму адбыўся раскол Адзінай Царквы на Усходнюю і Заходнюю і цяпер у нас няма Эўхарыстычнага адзінства. Я за адзінства нашых Цэркваў, але, на жаль, яго пакуль не відаць на гарызонце — і ад гэтага боль у сэрцы.
Ведаю, што некаторыя праваслаўныя негатыўна ставяцца да католікаў, называючы вас схізматыкамі і ерэтыкамі. Я і сам раней насіў у сабе стэрэатыпы пра вас, але цяпер ад іх не засталося і следу. Вы такія ж хрысціяне, як і мы, толькі ў нас адрозненне ў традыцыях. І калі нехта надалей штосьці будзе дрэннае казаць пра католікаў, то я не змаўчу. Людзі дрэнна кажуць пра вас, бо дрэнна вас ведаюць, як я зразумеў.
У вас вельмі крутыя і вясёлыя айцы-ксяндзы, асабліва кс. Алег, кс. Уладзімір і кс. Андрэй.
Дзякую ўсім, з кім ішоў у пілігрымцы побач, плячо ў плячо, і брацкай любоўю абдымаю. Дзякую сябру Раману за запрашэнне на пілігрымку, дзякую а. Стэфану і с. Яне са Слуцка, што ўзялі мяне з сабой ад сваёй парафіі.
Хрыстос пасярод нас!
Мікалай Васькоў, 36 гадоў, парафія праведнага Язэпа (Мінск):
Усім вялікі дзякуй за гэтыя неверагодныя тры дні! Гэта мая першая пілігрымка, і з такой падтрымкай, малітвай, мудрымі словамі, дапамогай — як маральнай, так і медыцынскай, — песнямі і крычалкамі можна было яшчэ ісці і ісці. Асобны дзякуй усёй групе падтрымкі — кухні, медыкам, тэхнічнай камандзе. Вялізны дзякуй нашым ксяндзам за кожную Імшу і асабліва за Адарацыю. Мінская пешая — самая лепшая!
Мікіта Спаткай, 25 гадоў, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск):
Я таксама хачу ўсім-усім-усім выразіць удзячнасць за гэтыя дні. Гэта быў цудоўны час з выдатнымі людзьмі. Божая любоў аб’яднала нас для таго, каб мы ўсе прайшлі гэты шлях. Зычу ўсім благаслаўлення, каб усе малітвы вашыя, з якімі вы ішлі да Маці Божай, былі пачутыя.
Андрэй Чарапкоўскі, 47 гадоў, парафія св. Антонія (Мінск):
Таксама дзякуй усім, хто прычыніўся і ўдзельнічаў у пілігрымцы! Гэта быў мой першы ўдзел у ёй, і мне спадабалася! Тут усё сапраўднае і жывое. Тут намнога больш жывём, чым у паўсядзённасці! А яшчэ і з Богам і яго Маці! Аллелюя!
Эльвіра Жыдко, 17 гадоў, парафія св. Антонія (Слуцк):
Дзякуй усім за час, праведзены ў нашай сумеснай малітве! Вялікі дзякуй ксяндзам за арганізацыю пілігрымкі! Усё было супер!!! У сардэчку!
Кацярына Пахолкіна, 32 гады, праваслаўная:
Гэта мая першая пілігрымка. Я вельмі шчаслівы чалавек!!! Вельмі! Бог спасылае мне столькі ласкаў! Столькі любові, а галоўнае — Ён любіць мяне праз людзей. Кожны раз ты здзіўляешся, якія цудоўныя Ягоныя шляхі, нават калі спачатку ты не зусім бачыш у гэтым логіку. Я думала, што маё жыццё і так напоўненае, радаснае і светлае і куды ўжо далей… а далей?! "Да Неба, да Неба, да Неба брам!" Вось куды далей! Шмат гадоў было маёй мары, пакуль яна споўнілася, — пайсці ў Будслаў… Столькі святла і любові раптам уварвалася ў маё жыццё, як самы сапраўдны лівень! Столькі цудоўных людзей, з якімі я сутыкнулася на гэтым шляху! Якія прыгожыя душы! Як шмат Бога!.. Складана гэта змясціць і не плакаць, дзякаваць Богу і Ягонай Матулі і не плакаць… Кожнаму-кожнаму арганізатару, проста чалавеку — маленькаму і вялікаму — ВЯЛІЗНЫ ДЗЯКУЙ! І асобны дзякуй і нізкі паклон нашым айцам хрыстусоўцам! Айцец Андрэй, хвала Пану, што Вы пачалі сваё служэнне як душпастыр медыкаў. Дзякуючы гэтаму я змагла сутыкнуцца з айцом Алегам і айцом Уладзімірам і ўсімі гэтымі неверагоднымі людзьмі…
Гэта быў ашаламляльны шлях з назвай ЛЮБОЎ! Дасць Бог, і мы сустрэнемся ўсе ў наступным годзе, зноў абдымемся і пойдзем да нашай Матулі, праслаўляючы Яе Сына, Ягоную любоў, міласэрнасць, прыгажосць Ягонага Сэрца, змёртвыхпаўстанне і наша збаўленне…
Абдымаю кожнага!
Больш фота можна знайсці тут.