Калі нам даць выбар — адпачыць у таварыстве самога сябе або адпачыць так добра, што ўспаміны застануцца яшчэ на шмат гадоў і пасля адпачынку патрэбен будзе дадатковы адпачынак — мы, натуральна, абярэм другое. І вось, калі ксёндз Уладзімір Марушэўскі прапанаваў нам, Душпастырству моладзі Хрыста, правесці выходны дзень, 14 мая, у прыгодзе на Ельні, мы прынялі гэтую прапанову з вялікім захапленнем. У пазначаны дзень адзінаццаць адважных юнакоў і дзяўчат пачалі свой дзень з ранішняй Імшы ў капліцы, пасля якой, захапіўшы свайго душпастыра, адправіліся заваёўваць Ельню.

Далёкую дарогу да Віцебскай вобласці мы прыхарашылі сумеснай малітвай, песнямі і размовамі на самыя розныя тэмы, а таксама спыніліся паснедаць на запраўцы. Калі прыехалі ў аграгарадок Германавічы, да нас далучыліся пані Галіна — наш гід і нашы сябры на іншай машыне. Разам мы даехалі да Ельні і, апрануўшы боты і шчодра апырскаўшыся сродкам ад камароў, пайшлі шукаць сабе «каня» — доўгую і моцную палку, на якую трэба было абапірацца пры хадзе. Затым мы дайшлі да 10-метровай вышкі, дзе можна было паглядзець інфармацыю пра птушак, якія жывуць там, і з самага верху якой адкрываўся цудоўны від на бясконцыя зялёныя лясы і рыжую Ельню. Спусціўшыся, мы ахвяравалі ў малітве наш сумесны адпачынак Богу і пайшлі па пірсе паміж дрэў да балота. Перш чым мы спусціліся на яго, нам правялі інструктаж — куды наступаць і як абапірацца на «каня», калі тваю нагу зацягнула. Нас прывітала цёмная яшчарка — гаспадыня балота, і мы пайшлі па жывой вадзе.

Гэта не было падобна на звычайны шпацыр. Кожны крок даваўся з вялікім высілкам, але нас умацоўваў дух таварыства, вясёлыя размовы і апавяданні пані Галіны. Яна распавядала пра тое, што калісьці балота згарэла і цяпер паступова абнаўляецца, пра тое, што ў гэтых месцах расце вельмі шмат грыбоў і ягад, што тут можна сустрэць аленяў і што балотную ваду можна піць, прафільтраваўшы яе толькі кепкай! Некаторыя з нас пратэсціравалі гэта — вада была халоднай, травяністай і смачнай і яшчэ нядрэнна падымала настрой!

Час ад часу мы сустракалі поўзаючых па зямлі змеяк і яшчарак, натыкаліся на абгароджаныя эксперыментальныя ўчасткі — на іх вучоныя ацэньваюць хуткасць аднаўлення расліннага покрыва. А затым мы выйшлі да першага са шматлікіх азёраў — бясконцай воднай роўнядзі, празрыстай і чыстай. Пані Галіна навучыла нас вітаць вадзяніка: калі правільна закінуць “каня” ў возера, то вадзянік падхопіць яго і выпхне назад. Каля берагоў мы знайшлі шмат ягад леташняй марошкі, якую таксама пакаштавалі на смак.

Здавалася, што дзень будзе цягнуцца бясконца. Мы ішлі ад возера да возера і нястомна любаваліся прыгажосцю дзікага пейзажу. Перыядычна хтосьці з нас хоць адной нагой ды правальваўся ў балота і змагаўся з ім за сваю свабоду і свае боты (на шчасце, ні адна пара абутку не пацярпела). За гэты час мы паспелі пагушкацца на багне — сапраўдным прыродным батуце, знайсці дрэва жаданняў, забрацца на аглядную сасну і арганізаваць сумесны абед проста на зямлі. Перш чым скончыць наш маршрут, мы выйшлі на бераг вельмі прыгожага возера (а іншых на Ельні і не бывае!) і, стоячы прама ў вадзе, памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і правялі трохі часу ў святой цішыні.

Потым мы вярнуліся да машын і адправіліся назад у Германавічы. Там наведалі касцёл Перамянення Пана — помнік віленскага барока, які даціруецца ажно 1778 годам, пазнаёміліся з мясцовым ксяндзом і даведаліся ад яго гісторыю святыні, а затым адправіліся даследаваць яе самастойна — зазірнулі ў склеп, які быў пабудаваны як пахавальня, і падняліся ажно на самы верх, да званіцы! Сыходзілі мы перапоўненыя ўражаннямі і захапленнем, і на выхадзе нас чакаў ксёндз Уладзімір з цэлай скрыняй марожанага.

Нашы машыны прыехалі ў Мінск бліжэй да ночы, і нас натуральна падкошвала стомленасць. Але гэта была прыемная стомленасць, якая нарадзілася ў радасці і прыгодах, ад усведамлення таго, што наша супольнасць — гэта вялікая і дружная сям'я, з якой будзе прыемна пайсці і да танца, і да Ружанца... і на балота!

 

Фота: Удзельнікі выезду

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.