Фота samaranin.by

6 красавіка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ў Мінску адбылася малітва праслаўлення пад назвай «Дзеці нясуць міласэрнасць».

Традыцыйна ў гэтай падзеі прынімае ўдзел наш хор дзяцей «Божыя ягняткі» пад кіраўніцтвам Алены Шымак. Як і кожны год, усе прысутныя маліліся ў інтэнцыі абароны жыцця і супакою ў свеце.

Як паведамляецца на сайце арганізатараў samaranin.by, у малітве ўдзельнічала 11 гуртоў. Гурты з Гомеля, Слуцка, Стоўбцаў, Мазыра, Івянца, Смалявічаў, Жодзіна, гурт Грэка-Каталіцкай Царквы, дзеці Місіі Добрага Самараніна, калектывы з мінскіх парафій св. Яна Евангеліста і св. Францішка. Дзеткі дзякавалі Богу за дар жыцця і за ласкі, якія атрымліваюць кожны дзень.

   

Сімвалам сустрэчы было сэрца. Кожнае дзіця прывезла сэрца, зробленае сваімі рукамі. А перад сцэнай былі ўсталяваны 2 вялікія сэрцы, на адно з іх дзеці прымацоўвалі 7 галоўных грахоў, а на другое — плады Духа Святога. Дзеці разважалі, якім павінна быць сэрца хрысціяніна.

У самым канцы мерапрыемства дзеці ў працэсіі спусціліся ў капліцу Місіі, там пакінулі свае "сэрцы" і памаліліся за сваю Радзіму.

На малітве быў прысутны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пасля кожнага выступу Мітрапаліт уручаў удзельнікам памяткі сустрэчы, а ў канцы благаславіў усіх Найсвяцейшым Сакрамэнтам і прамовіў да дзяцей слова.

Пасля малітвы праслаўлення адбыліся майстар-класы на наступныя тэмы: «Дэфіле і фотапазіраванне», «Птушкі з паперы», «Лайф лупінг. Адчуй сябе дыджэем» і «Народныя танцы». За ўдзел ва ўсіх майстар-класах дзеці атрымалі падарункі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.