Святая Агнешка, святы Францішак, святая Кляра, святая Лія, святы Дамінік… І гэта не літанія да ўсіх святых! Гэта маленькая спроба ўзгадаць і пералічыць вялікую колькасць імёнаў святых на бэйджах, якія насілі ўдзельнікі Балю Усіх Святых.
Баль усіх святых у нашай парафіі адбываецца ўжо 7-ы раз і збірае шмат удзельнікаў у касцюмах. Маленькія святыя і іх бацькі сур’ёзна адносяцца да справы, якім святым быць, — знаёмяцца з гісторыяй святога ці святой, шукаюць выявы гэтых святых, каб паглядзець, як яны выглядалі, якое ўбранне насілі… Пакуль маленькія ўдзельнікі Балю пераапранаюцца ў святых, можна пачуць, як яны распавядаюць факты з жыцця той святой асобы, якую яны сёння будуць дэманстраваць іншым удзельнікам.
Мерапрыемства распачалося каляднай пастаноўкай, якую падрыхтавалі дзеці і моладзь парафіі. Пасля анёл Юзік (кс. Алег) і святы Геранім (кс. Андрэй) правялі пад калядкі спявальна-танцавальны выклік для ўсіх удзельнікаў, дзе ўсім стала цёпла ўжо праз 10 хвілін. А колькі было захаплення і радасці, калі ўсе разам глядзелі фільм пра папярэднія балі!.. А салодкі пачастунак і гарачая гарбатка надалі маленькім святым новых сілаў, каб змагацца ў конкурсах і атрымоўваць узнагароды. Дарэчы, кожны ўдзельнік атрымаў цудоўны падарунак — дзіцячую Біблію. Чаму Біблію? У гэтым годзе дэвізам Балю былі словы «Каб святымі ўсім нам стаць, хочам Біблію чытаць». Ды і Баль праводзіўся ў Нядзелю Божага Слова.
Усмешкі, радасць, цеплыня, шчырасць, смех, гумар — гэта тое, чым быў напоўнены Баль. І, канешне, некаторыя ўдзельнікі ў канцы мерапрыемства трошкі праслязіліся, бо наступнага Балю трэба чакаць цэлы год…
Спампаваць усе фота можна тут.