На мінулых выходных каталіцкія скаўты і скаўткі развозілі Бэтлеемскі агонь супакою па парафіях Беларусі. Скаўцкая супольнасць нашай парафіі прыняла ў тым непасрэдны ўдзел.
У пятніцу раніцай прадстаўнікі Першай мінскай дружыны святога Яна Паўла ІІ прысутнічалі падчас ўнясення Агню ў гродзенскую катэдру і падчас шляху дамоў падзяліліся гэтым Святлом са скаўцкай супольнасцю Івянца. Вечарам усе скаўцкія адзінкі Мінска ўнеслі Бэтлеемскі агонь у архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У суботу коп’і скаўтак і скаўтаў, а таксама кола маладых вандроўнікаў і вогнішча маладых правадніц выехалі на свае маршруты па Беларусі. Разам яны праехалі больш за 4000 кіламетраў, наведаўшы ўсе дыяцэзіі Беларусі. Падчас свайго шляху кап’ё Ваўчыца, між іншым, перадало агонь жодзінскай зграі Ваўчанят, а кап’ё Арол — полацкім коп’ям Рысь і Ластаўка.
У нядзелю мэтамі развозу былі парафіі мінскіх дэканатаў. А ў нашую парафію Бэтлеемскі агонь традыцыйна ўносілі Ваўчаняты і Божыя кароўкі.