З 28 па 31 жніўня ў нашай парафіі прайшлі Канікулы з Богам. Іх тэмай у гэтым годзе быў Ружанец. Кожны дзень быў прысвечаны адной частцы ружанцовых таямніц.

У першы дзень мы разважалі радасныя таямніцы. Замест прыдумвання традыцыйных дэвізаў заданнем дзяцей было напісаць малітву. Кожная каманда ўзносіла словы гэтай малітвы на заканчэнне дня падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама нас парадаваў дзіцячай пастаноўкай тэатр "Арлекіна".

Для пазнання таямніц святла між іншым было арганізавана ранішняе набажэнства з аднаўленнем абяцанняў хросту. А ў другой палове дня каманды са сваімі аніматарамі прадставілі сцэнкі пра тое, як Езус абвяшчаў Божае Валадарства.

Кульмінацыйным момантам серады быў Крыжовы шлях, які мы перажылі ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Івянцы. Кожны ўдзельнік Канікулаў з Богам нёс крыж, які зрабіў сваімі рукамі.

У апошні дзень мы разважалі таямніцы хвалебныя. А таксама ўдзельнікі праславілі Бога сваімі здольнасцямі падчас традыцыйнага "Шоў талентаў".

На працягу гэтых чатырох дзён з дапамогаю ружанцовых таямніц мы нанова перажылі гісторыю нашага збаўлення. І вучыліся знаходзіць час на малітву Ружанцам у сваёй штодзённасці. Для гэтага заданнем кожнай каманды было памаліцца чатыры таямніцы ў розныя моманты дня, апошнюю ж таямніцу разважалі супольна.
Дзякуй усім за гэты час, асабліва нашым святарам і сёстрам!

Тэкст i Відэа: Багдан Сырыца
Фота: Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, Багдан Сырыца

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.