
З 26 па 30 чэрвеня адбывалася ў гэтым годзе пілігрымка Мінск — Будслаў, якую ўжо другі год арганізоўвалі ксяндзы хрыстусоўцы.
Сястра (менавіта так называюць пілігрымы адзін аднаго — «брат» або «сястра») Вікторыя Маўчанская распавяла:
«Кожны год каталікі выпраўляюцца ў пілігрымкі. З розных гарадоў і мястэчак Беларусі шмат дзён і кіламетраў мы крочым да Маці Божай, зараз — да Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. І гэта асаблівы час. Час выпрабаванняў і радасці, час малітвы і ахвяры, час спеваў і роздуму, час для Бога, для людзей і для сябе. Можаш ісці з супольнасцю з 200 чалавек, а можаш ісці адзін, і з табою заўсёды будзе Бог. Калі ты адкрыеш сваё сэрца, то за гэты час пачуеш адказы на свае пытанні, атрымаеш плёны і ўбачыш новага сябе або свае абставіны. І скаштуеш асаблівага пілігрымскага «братэрства», якое яднае блізкіх па духу, узмацняе і надае сілы. Тут мы заўсёды адчуваем моц нашай каталіцкай супольнасці напоўніцу, тут мы — сям'я».
А сястра Паліна Ручан дзеліцца так званым «дзённікам пілігрыма» — некаторымі разважаннямі і асабістымі назіраннямі з пілігрымкі:
«Падрыхтоўка і запакоўка» (25.06.2023)
Мая нядзеля распачалася са Святой Імшы. Усе думкі ўжо пра шлях. Удзень — канец збораў дома. Думкі пра тое, якія рэчы здаваць у фуру, якія пакласці ў заплечнік. Момант старту — гэта рэгістрацыя. Як звычайна душэўна: спевы пад гітару ад кс. Алега, усмешкі на тварах сясцёр Марыанны і Назарыі, дзяўчыны-памочніцы ў добрым настроі. Атрыманы пакет пілігрыма і загружаныя рэчы. А з іншага боку дома таксама бурліць жыццё. Там валанцёры загружаюць яшчэ дзве машыны — рэчы для медыцынскай дапамогі, тару для падвозу вады, палявыя душы, неабходны інструмент, калонкі, мікрафоны, рацыі, сцягі, запасныя намёты, карыматы, спальнікі, тазікі і яшчэ шмат чаго. Усе гэтыя дробязі трэба добра прадумаць. Дасведчаны арганізатар ведае, чаму падрыхтоўка пачынаецца за некалькі месяцаў да выхаду самой пілігрымкі. На кожную справу ёсць вызначаныя адказныя. Хвала Пану, што ёсць шмат ахвотных уключыцца ў служэнне і дапамагчы. Праз гэта я адчуваю, што пілігрымка — справа ўсіх нас. Так нашыя агульныя намаганні даюць добрыя ўмовы ісці пяць дзён, маліцца, а не турбавацца пра тое, дзе спаць, што піць або есці. Дарэчы, дзесьці ўжо пачала падрыхтоўку наша кухня, якая ўжо другі год запар будзе падвозіць усялякія смачнасці, каб падсілкавацца перад шляхам. Часамі некаторае служэнне застаецца незаўважаным. Напрыклад, такое як памыць каністры, якімі хлопцы набіраюць ваду, або збегаць у краму за варонкамі, якімі людзі будуць падліваць сабе ваду ў бутэлькі, або папрасаваць кожны гальштук, які выдаецца ў пакеце пілігрыма, або выразаць кожны бэйджык. Такіх служэнняў шмат, усяго не пералічыць. Але кожнае важнае. Усе гэтыя дробязі зроблены рукамі неабыякавых людзей, сэрцы якіх палаюць служэннем. Гэта мяне натхняе. Бо служэнне — гэта любоў: наш спосаб праявіць сваю любоў да бліжняга або навучыцца любіць яшчэ больш, заглыбіцца ў таямніцу любові, якую аб’яўляе нам сам Пан Бог!
«Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці бачыць брата свайго ў нястачы і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?» (1 Ян 3, 16-17)
«Інтэнцыі» (26.06.2023)
«Мой панядзелак распачаўся са Святой Імшы ў архікатэдры — гэта традыцыйны парадак першага дня мінскай пешай», — хацела напісаць я. Але мая раніца пачалася з патопу ў ваннай з-за пральнай машынкі. Час ляцеў хутка, была рызыка спазніцца на Святую Імшу. Мімалётна нападалі думкі аб тым, што лягчэй было б адмовіцца ісці першы дзень, або нават цалкам пілігрымку. Вядома, усё гэта было спакусай. Настрой не сапсаваўся. Я дазбірала рэчы, выклікала таксі і прыбыла ў касцёл, дзе сабралося шмат пілігрымаў у жоўценькіх хустачках. Думкамі пра тое, чым ёсць пілігрымка, падзяліўся падчас казання біскуп Юрый Касабуцкі. Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што наша мэта, Будслаў, — святое месца і што мы ідзём у Імя Божае. Пілігрымка — гэта наш высілак, наш ахвяраваны час, але толькі маленькі крок у духоўным жыцці. І каб духоўна перажыць пілігрымку, трэба абраць інтэнцыю на ўвесь шлях.
Пасля заканчэння Святой Імшы былі хуткія зборы і доўгачаканы выхад. На працягу дня мы шмат маліліся: Гадзінкі, Ружанец, Вяночак, Літаніі, Нешпары, Камплета і іншае. Было шмат спеваў. Але і быў час, каб пабыць з бліжнім. У мяне адбыліся радасныя сустрэчы з людзьмі, якіх рэдка бачу, і такія сустрэчы прынеслі шмат цяпла ў маё сэрца. Былі і новыя знаёмствы.

Першая канферэнцыя ад духоўнага айца пілігрымкі, кс. Андрэя Лысага, чакала нас у часе адпачынку пад царквой. Разважанне было прысвечана знаку крыжа, які за дзень мы робім так часта, але часамі не ўсведамляючы і не ўдумваючыся ў сэнс. Асноўная думка канферэнцыі заключаецца ў словах Папы Бенедыкта ХVI: «Калі я веру, то ніколі не буду ў адзіноце, не буду сама».

Што мяне асабліва ўразіла за дзень? Людзі побач, іх таленты. Калі мы прыбылі ў Вішнёўку, яшчэ не ўсе паспелі разлажыць намёты, як нас насціг лівень. Але пасля гэтага ўсё пачало працаваць у сваім парадку. Вячэра па раскладзе. Медыкі пачалі працу, хоць патрабуючых было няшмат. Хтосьці пачаў заплятаць цудоўныя прычоскі дзяўчатам. Адзін хлопец дастаў машынку і пачаў стрыгчы валасы хлопцаў. Далей распачаўся вясёлы вечар. Гітара, танцы, конкурс. Захапляльныя галасы таленавітых хораў. І маленькі хлопец, які цудоўна граў на ўкулеле, застанецца ў памяці.
Сёння запомніліся мне словы з фрэскі ў катэдры: «Non nobis, Domine, non nobis, sed nomiti Tuo da gloriam». (Пс 113, 9)
Імя Госпада няхай будзе праслаўлена ў нашым шляху і ва ўсім жыцці.
«Цяжкасці» (27.06.2023)
Дзень распачаўся са Святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. З ім мы разам паразважалі над словамі з фрагмента Евангелля.

У канферэнцыях на працягу дня разважалі над цяжкасцямі веры.
Некаторыя думкі з канферэнцый:
Вера — гэта не веды. Адам і Ева ведалі, што Бог ёсць, яны мелі прывілей сузіраць аблічча Пана. Але ім не хапіла веры, каб быць паслухмянымі Богу. Вялікае зло — верыць у Бога, але не давяраць Яму. Каб давяраць Богу, трэба Яго слухаць і запамінаць тое, што Ён кажа. Ці заўсёды я адношуся да чытання фрагмента Евангелля падчас Святой Імшы як да Слова, якое менавіта мне зараз кажа Бог? Ці запамінаю гэтае Слова?
Цэлы дзень мы вучыліся нават кожны мазоль давяраць Богу. Дзень быў доўгі. У медыкаў ужо шмат працы. Некаторыя пілігрымы маюць цэлы дзясятак мазалёў. Але ўсе мы слухаем заклік Бога ісці ў Будслаў і працягваем наш шлях.
«Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не спадзявайся на розум твой; ва ўсіх шляхах сваіх спазнавай Яго, і Ён накіруе сцежкі твае». (Прып 3, 5-6)
«Праслаўленне Госпада» (28.06.2023)
Дзень распачаўся з супольнай Ютрані — малітвы Касцёла. Далей сняданне і шлях. Сёння раніцай не было Святой Імшы. Яна будзе ўвечары ў касцёле, у месцы, дзе будзем ночыць. Таму мэта сённяшняга дня — годная ўнутраная падрыхтоўка да сустрэчы з Госпадам у Эўхарыстыі.
На працягу дня некалькі разоў нас накрываў дождж. Але мне гэта не перашкаджала праслаўляць Бога сваімі малітвамі, спевамі, нагамі, размовамі з бліжнім. Але дзень фізічна быў цяжкі.
Медыкі казалі, што калі заплюшчваюць вочы, то бачаць толькі ногі і бясконца мазалёў. Мне ж здавалася, што мазалі з’яўляліся, нават калі я не ішла. Першы раз у жыцці троху пад’еханы кавалак шляху ўратаваў мяне. Адпачынак даў сілаў, потым ужо хацелася не толькі ісці, але і падпрыгваць. Хіба хтосьці моцна папрасіў за мяне ў Бога.
Увечары ў касцёле ў нас адбылася малітва праслаўлення. Адкуль я вынесла, што цішыня — гэта не пустата, гэта поўня Бога, які ёсць Любоўю. Гасподзь абдымаў усіх сваёй прысутнасцю ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. У кожнага была магчымасць атрымаць індывідуальнае благаслаўленне.
«Вера твая ўратавала цябе». (Мк 5, 34)
«Дзяленне верай» (29.06.2023)
Пілігрымка для мяне — гэта не толькі рэкалекцыі ў дарозе, гэта шмат сустрэч з сэрцамі іншых людзей, шмат размоў.
Падчас канферэнцыі разважалі пра нашу веру ў Касцёл. У свята святых апосталаў Пятра і Паўла разгледзелі іх постаці ў аспекце веры. Пётр і Павел — падмурак, на якім Бог пабудаваў Касцёл. Бог будуе Касцёл на фундаменце людзей, людзей грэшных. Але Касцёл, супольнасць, да якой мы належым, святая. Ад мяне, ад кожнага залежыць святасць усяго Касцёла. Апосталы вучаць мяне, што вера — гэта адказнасць.
У пілігрымцы кожная хвіліна каштоўная і непаўторная. Кожную можна выкарыстаць, каб дзяліцца сабой, сваёй верай. Гэта можна рабіць не толькі сведчаннем вуснамі, але і ціхім служэннем. Кожны ўносіць свой уклад, каб разам мы дайшлі да Маці Божай. Да медыкаў прыходзіць шмат людзей, некаторым патрэбна не медыцынская дапамога, а магчымасць расказаць пра свой боль і пачуць спачуванне. Медыкі, поўныя цярплівасці, нясуць гэтае служэнне. Таксама праз увесь час у нас працуюць парадкавыя, якія падчас дарогі размаўляюць з тымі, хто ідзе ў хвосціку. Іх служэнне — падтрымаць знясіленых, паразмаўляць з імі, падаць руку дапамогі. Ёсць у нас шнур паміж дзвюма калонкамі, які спераду цягне адзін хлопец. І яму цяжка, і часамі атрымоўваецца, нібыта ён цягне на гэтай вяроўцы ўсю пілігрымку. Спевакі служаць сваімі галасамі, запаўненнем эфіру крычалкамі, радасцю, смехам. Не шкадуючы свайго голасу, служаць яны і дадаюць маральных сілаў на шлях. Ксяндзы і сёстры імкнуцца часцей падысці і запытацца пра справы, шчыра ўсміхнуцца і падарыць позірк любові.
Праз усю пілігрымку я бачу, як супольнасць залежыць ад кожнага. Уклад кожнага бясцэнны, нават калі гэта штосьці маленькае і незаўважальнае.
«Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля». (1 Кар 9, 16)
«Удзячнасць» (30.06.2023)
Марыя паклікала нас, і мы прыйшлі. Нарэшце! Амаль увесь шлях за намі. Апошні рывок — маленькі кавалак дарогі. Але такі каштоўны. Ужо традыцыйна крыжовы шлях, у якім разважаем над дарогай Езуса Хрыста ў апошнія дні Яго зямнога жыцця. Усталяванне і адарацыя крыжа. Гэта час, каб перапрасіць. Перапрасіць Бога і бліжніх. Паяднацца з усімі, каб з чыстым сэрцам стаць ля стопаў Маці Божай.
Сэрца напаўняецца ўдзячнасцю. Удзячнасцю Богу, бо гэта Ён дае час, сілы, магчымасці, каб прайсці гэты шлях. Удзячнасцю Госпаду за тыя дары і ласкі, якімі Ён абдорваў падчас дарогі. Удзячнасцю Яму за людзей, якіх ставіў побач. Удзячнасцю арганізатарам, якія нон-стоп дбалі пра маю бяспеку, мой камфорт, мой настрой. Удзячнасцю асобам кансэкраваным за духоўныя размовы і парады. Удзячнасцю святарам, праз паслугу якіх была штодзённая Эўхарыстыя, магчымасць споведзі. Удзячнасцю кожнаму, хто прымаў нас, пілігрымаў, дзяліўся ежай, вадой, прапаноўваў лазню, ахінаў клопатам і малітвамі. Удзячнасцю сябрам за падтрымку, усмешкі і жарты. Удзячнасцю кожнаму-кожнаму чалавеку.
Будслаў! Той самы момант. Уваход да Маці, якая заўсёды чакае.
5 дзён, больш за 120 кіламетраў. І толькі імгненне сустрэчы з Ёй, Яе позіркам і маленькім Езусам, які адпачывае на Яе левай руцэ.
Яна — клапатлівая Маці, якая дае нам Езуса. А мы стаім каля Яе стопаў і ўзносім падзякі Богу і людзям.
«Тады сказала Марыя: “велічае душа Мая Пана”». (Лк 1, 46)
«Фэст» (01.07.2023)
Пілігрымка ўжо скончылася. Настаў час святкавання і ўглядання ў таямніцу жыцця Божай Маці. Трыумф Яе жыцця бачны на абразе ў Будславе — карона, атрыманая ад самога Бога.
Святая Імша займае цэнтральнае месца ва ўсім фэсце. Гэта момант маёй асабістай сустрэчы з Богам у Яго Слове і Яго Целе. Напрыканцы Імшы працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Для мяне гэта відавочны сімвал таго, як мы, людзі, крочым след у след за Езусам. Уражвае колькасць біскупаў, святароў, сясцёр і свецкіх, прыбылых на фэст. Мне здаецца, што для кожнага фэст — гэта магчымасць сустрэцца са сваімі знаёмымі, роднымі. У гэтым годзе праз такія сустрэчы я адчуваю, як мы аб’яднаныя гэтым месцам. Будслаў — нацыянальны санктуарый, сэрца Беларусі, таму я не здзіўлена шматлікімі сустрэчамі з людзьмі з розных куточкаў нашай Бацькаўшчыны.
Фэст падыходзіць да свайго завяршэння. Хутка ўсе раз’едуцца па сваіх дамах. Сціхнуць гучныя і звонкія гукі, авацыі. Скончыцца інтэнсіўны час фізічных выпрабаванняў, але духоўная барацьба не сканчваецца. Галоўная пілігрымка — маё жыццё. Таму кажу, што пілігрымка працягваецца. Шум і радасць зменіцца штодзённасцю, але духоўныя плёны пілігрымкі дапамогуць мне станавіцца лепшай, узрастаць у сваёй веры. Мазалі загояцца, а тое, што перажыло сэрца, застанецца надоўга.
Будзь праслаўлены, Пане Езу, у гэтай пілігрымцы, у кожным з нас і ва ўсім маім жыцці.
«Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!» (Саф 3, 14)
Дзякуем усім пілігрымам, якія праз сацыяльныя сеткі дзяліліся сваімі сведчаннямі. Як падкрэслівае арцыбіскуп Юзаф, інтэрнет — гэта шосты кантынент, варта несці туды Хрыста!



