З 31 мая па 10 чэрвеня наша парафія праводзіла Канікулы з Богам, якія адбываліся ў кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

Канікулы праводзіліся для дзвюх груп розных узростаў: першыя 5 дзён — для дзяцей з 1 па 5 клас, наступныя 5 дзён — для дзяцей з 5 па 8 клас.

Тэма канікулаў была прысвечана Евангеллю і евангелістам. Кожны дзень сястра Назарыя і сястра Марыанна праводзілі цікавыя катэхезы, знаёмячы дзяцей з аўтарамі Святога Пісання.

Усе мы ведаем, што Езус наказаў нам абвяшчаць Евангелле. А ў сучасным свеце адным са сродкаў для гэтага могуць стаць сацсеткі. Таму на нашых Канікулах з Богам каманды (якія таксама прыдумвалі свае назвы і дэвізы) стваралі свае ўласныя плакаты-Бібліяграмы, дзе кожны дзень яны рабілі адну публікацыю: маглі прыгадаць, што ім найбольш спадабалася за сённяшні дзень; што найбольш запомнілася; за што яны ўдзячны Богу ў гэтым дні. Кожны Бібліяграм быў вельмі прыгожы і непаўторны. А дэвізам канікулаў сталі словы «Праз Бібліяграм радасць Евангелля нясём мы вам». Напрыканцы дня кожны ўдзельнік атрымліваў на свой бэйдж наклейку з сімвалам евангеліста — знак таго, што гэты дзень яму залічаны.

Акрамя катэхезы дні былі напоўнены ўдзелам у Святой Імшы, малітвай, шматлікімі гульнямі, спевамі, танцамі, фільмамі, квэстамі, паходам у МНС, шоў талентаў, цікавымі размовамі, смачнасцямі і вогнішчам! Да малодшай групы нават завітаў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, а да старэйшых прыехала сапраўднае фаер-шоў!

Кожны дзень каманды неслі адказнасць за нейкую справу на канікулах: хтосьці быў адказны за малітву, хтосьці — за руханку, іншая каманда — за Літургію, наступная — за прыбіранне ў доме і г. д.

Спадзяемся, што гэтыя дні надоўга застануцца ў памяці дзяцей, а прабыванне на гэтых канікулах прынясе багаты фізічны і духоўны плён для кожнага ўдзельніка!

Фота з малодшымі ўдзельнікамі:

Фота са старэйшымі ўдзельнікамі:

Фота: Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, С. Марыанна Алешчык CSFN, аніматары
Відэа: Лізавета Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.