Вялікая пятніца з’яўляецца днём перажывання Мукі Пана нашага Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы. Гэты дзень з’яўляецца другім днём Пасхальнага Трыдуума.
У нашай парафіі вернікі спачатку сустрэліся ў капліцы, каб разам з Езусам Хрыстом прайсці Яго Крыжовы шлях: быць з Ім разам на судзе, узяць крыж, разам падаць і зноў падымацца, сустрэць Маці, Сымона, Вераніку, жанчын, быць сведкам укрыжавання і смерці...
Пасля распачалася Літургія Мукі Пана.
Аднак цяжка сказаць, што яна пачалася. Бо распачалася без пачатку, без прывітання, без спеву, без знака крыжа. Працэсія ўвайшла ў капліцу ў поўнай цішыні. Пасля гэтага ксёндз Андрэй упаў на твар і ляжаў крыжам, а ўсе вернікі кленчылі. Некаторы час усё яшчэ захоўвалася цішыня і маўчанне.
Пасля гэтага распачалася Літургія Слова, падчас якой мы пачулі два чытанні і Евангелле паводле святога Яна, прачытанае па ролях. Потым распачалася малітва, у якой хацелася ўспомніць усіх, за каго праліў кроў і аддаў жыццё наш Збаўца: маліліся за святы Касцёл, Папу Францішка, святароў і духоўных асоб, усіх вернікаў, няверуючых, катэхумэнаў і церпячых. Таксама маліліся аб еднасці ўсіх хрысціян і Касцёла.
Наступнай часткай Літургіі стала адарацыя Крыжа. У капліцу быў унесены крыж, з якога пад заспяваныя тры разы словы «Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету» і адпаведны адказ «Пойдзем з паклонам» была знята фіялетавая заслона. Кожны чалавек мог падысці, пакланіцца, укленчыць і пацалаваць крыж, прамовіць да Езуса словы сваёй любові і шчырага перапрашэння за грахі.
Апошняй часткай Літургіі Мукі Пана стала прыняцце Святой Камуніі і перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту з цямніцы ў сімвалічную грабніцу, упрыгожаную кветкамі. Усе супольна памаліліся першы дзень Навэнны да Божай Міласэрнасці. Таксама была магчымасць трываць на працягу амаль двух гадзін пры выстаўленым у манстранцыі Пану Езусе ў цішыні і спакоі.



