У Вялікі чацвер, 6 красавіка, Імшу Вячэры Пана ўзначаліў ксёндз пробашч Алег Шпець. Гэтай Імшой распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум.
Напрыканцы Святой Імшы ў чацвер традыцыйна няма благаслаўлення, бо гэтыя тры дні (чацвер, пятніца, субота) вернікі трываюць у адной Літургіі. «Просім Бога, каб так перамяніў нашыя сэрцы, каб гэтыя тры дні мы перажылі як сапраўды адну Літургію, — маліўся ксёндз Алег, — не толькі, калі будзем збірацца на набажэнства ў капліцы, але таксама на працягу ўсяго дня ўсё тое, што будзем чыніць, — усе размовы, сустрэчы, абавязкі, працы — перажыць як Літургію. Як тое, што павінна служыць Госпаду, быць на Яго праслаўленне і хвалу. Каб мы змаглі праслаўляць Бога ўсім сабою і тым, кім мы ёсць».
Парафіяне падзякавалі прысутным кс. Алегу, кс. Андрэю і кс. Уладзіміру за іх служэнне, за дапамогу ў будаванні адносінаў з Богам.




















Пасля трохгадовага перапынку, звязанага з пандэміяй, быў здзейснены абрад абмывання ног. Яшчэ яго называюць Mandatum. «Бог настолькі любіць чалавека, што гатовы аддаць Сябе, гатовы стаць Слугою, — разважаў ксёндз Алег падчас Гаміліі. — Кожная Святая Імша з’яўляецца для нас місіяй, і гэта не проста пабожны ўдзел у Літургіі. Місія, з якой Бог рассылае нас, — "Кожны раз, калі будзеце есці гэты Хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе" (1 Кар 11, 26), — кожны раз аднаўляецца. Сёння мы чытаем, што Езус схіляецца над сваімі вучнямі, каб абмыць ім ногі. З Евангелля паводле Лукі мы ведаем, што Езус Хрыстус у Небе будзе служыць. Ён гэта здзяйсняе тут і цяпер. Важна, каб мы гэту праўду прынялі і перажылі. Гэта праўда нам вельмі патрэбна, каб быць паслухмянымі той місіі, аб якой кажа Езус Хрыстус. Ідзіце і вы так чыніце, ідзіце і вы абмывайце, ідзіце і вы схіляйцеся над чалавекам у патрэбе, над тым, хто сёння церпіць, над тым, хто вас патрабуе.
Гэта ўсё бярэ пачатак з Эўхарыстыі — маёй жывой сустрэчы з Богам. З якой вынікае жаданне ісці і абвяшчасць Пана».
Праз Mandatum Бог падкрэслівае годнасць чалавека, узвышае яго. У адрозненне ад злога духа, які імкнецца прынізіць, перакрэсліць вартасць і знішчыць чалавека.


























Найбольш засяроджанымі стараюцца быць вернікі ў момант прыняцця Святога Цела Хрыста, асабліва ў Вялікі чацвер — дзень устанаўлення сакрамэнта Эўхарыстыі Езусам Хрыстом на Апошняй Вячэры. У парафіяльнай супольнасці ў такі важны і літургічна багаты дзень была яшчэ адна нагода для радасці. Ксенія Харук, маладая парафіянка, пасля адпаведнай падрыхтоўкі першы раз у жыцці прыняла Найсвяцейшы Сакрамэнт у сваё сэрца.
Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гэтсыманіі. З алтара быў зняты абрус, а табэрнакулюм застаўся пустым і прыадчыненым.



