10–12 сакавіка ў нашай парафіі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў айцец Павел Раманчук OFMConv, пробашч парафіі Святога Арханёла Міхала ў Івянцы.
Завяршыліся рэкалекцыі ўрачыстым унясеннем у нашую капліцу рэліквій благаслаўлёных мучанікаў айцоў Ахілеса Пухала і Германа Стэмпеня, францішканаў, якія служылі ў Пяршаях. Як адзначыў айцец Павел, «трэба мець сабе сябра ў небе, з якім заўсёды можна паразмаўляць, падзяліцца, проста пабыць разам».
Айцец Павел распавёў гераічную гісторыю двух маладых францішканаў, якія аддалі сваё жыццё, загінуўшы мучаніцкай смерцю падчас Другой сусветнай вайны ў Баравікоўшчыне, каб уратаваць жыццё іншых людзей. Яны заўсёды былі побач з людзьмі, ніколі іх не пакідалі і казалі: «Там, дзе авечкі, там павінен быць і пастыр».
Пасля кожнай святой Імшы была магчымасць запісацца ў «кнігу сябраў благаслаўлёных Ахілеса і Германа».
У пятніцу разам з парафіянамі айцец Павел разважаў Крыжовы шлях нашага Пана, Езуса Хрыста, а падчас навукі ўзгадаў, што «Вялікі пост і рэкалекцыі – гэта час, каб паглядзець на сваё жыццё. Да чаго яно імкнецца? Які сэнс майго жыцця? Мы часта глядзім навокал, але не глядзім на фундамент, на карані, на тое, што і з’яўляецца сапраўдным сэнсам. Сэнс жыцця просты, але, можа быць, не вельмі лёгкі, каб яго прыняць. Сэнс жыцця ў тым, каб памерці, але, паміраючы, нарадзіцца ў вечнасць, у вечнасць у Небе. Мы маем толькі адну магчымасць правесці гэтае жыццё на зямлі дастойна. Але дастойна не па-людску, а перад Богам. Трэба глядзець на гэты свет не вачамі людзей, а вачамі Бога. Бо ў вачах Бога заўсёды ёсць надзея. Мінулага мы не зменім. Не ведаем, ці наступіць будучае. Мы маем толькі сёння. І яго трэба пражываць так, як бы гэта быў апошні дзень нашага жыцця. І нават калі нам здаецца, што мы ўжо адны тут на зямлі, то гэта не так. Мы не адны. З намі заўсёды ёсць Бог».
У суботу праводзіліся дадатковыя навукі для асобных груп парафіян: для дзяцей, моладзі і мужчын. Гэта дапамагае парафіянам глыбей закрануць тыя тэмы і пытанні, якія характэрны менавіта для іх узросту, полу і ўзроўню веры.
Падчас агульных навук у суботу айцец Павел падкрэсліў, што адносіны з Богам будуюцца на посце, малітве і міласціне. Ён засяродзіўся на кожным з гэтых трох слупоў.
«Пост таксама, як малітву, трэба ахвяроўваць у якой-небудзь інтэнцыі. Мы не павінны пасціцца, каб прывесці ў парадак наш фізічны стан, але духоўны. Нашы жаданні павінны быць скіраваны да Бога. Трэба кіраваць нашымі жаданнямі, а не каб жаданні кіравалі намі».
Гаворачы пра малітву, айцец-рэкалекцыяніст засяродзіўся на асноўных памылках і небяспеках падчас яе.
«Па-першае, мы можам крытыкаваць малітву другога чалавека. Малітва – гэта размова з Богам. Няма злой малітвы, калі яна шчырая і скіраваная да Бога.
Другая небяспека – мы можам успрымаць Бога як слугу. Чалавек нешта патрабуе ад Бога. Трэба зразумець, што гэта не Бог без нас жыць не можа, а мы без Яго.
Трэцяя небяспека – “я веру ў душы, у касцёл можна не хадзіць”. Калі ж ты глянеш у сваю душу, то, напэўна, спалохаешся. Што значыць, што ты верыш у душы? Сваёй жонцы ці мужу ты таксама кажаш, што любіш яе ў душы, а сам жывеш у суседкі ці суседа?
Бог даў нам дар малітвы. Мы павінны яго правільна выкарыстаць. Малітва мае моц. Яна змяняе свет і сэрцы».
Апошнім ключом суботняй навукі была міласціна. «Здаецца, вельмі лёгка даць сёння чалавеку пяць рублёў. А наколькі лёгка прысвяціць яму гадзіну часу твайго жыцця? Чалавек патрабуе чалавека. Ён з’есць кусок хлеба ў абед, а ўвечары зноў будзе галодны. А любоў іншага ён запомніць на ўсё жыццё».
Айцец Павел падсумаваў, што праз тры гэтыя ўмовы «ўмацоўваецца нашая вера і любоў да Бога і бліжняга, праз іх мы адчуваем блізкасць Бога».
Будзем спадзявацца, што гэтыя тры дні былі плённымі для нашых парафіянаў. Добра перажытыя рэкалекцыі – гэта заўсёды час навяртання да Бога, час пераглядання свайго жыцця, час бачання сябе вачамі Бога.
Шчыра дзякуем айцу Паўлу за служэнне ў нашай парафіі і за атрыманыя рэліквіі!