29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, моладзевая супольнасць нашай парафіі ДМХ «Адзіныя сэрцам» наведала Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім прайшла сустрэча пад назвай «Каб усе былі адно».
«Вельмі важна, як казаў у сваім часе святы Ян Павел ІІ, прыяцель моладзі, што чалавек павінен ляцець на двух крылах: розуму і веры, – з такімі словамі звярнуўся падчас святой Імшы да прысутных арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, – і сёння мы хочам разам з вамі прасіць Добрага Бога, Найлепшага Настаўніка, Езуса Хрыста, аб благаслаўленні; аб тым, каб вашая навука, каб вашае крочанне ў новым жыцці былі пад Яго апекай, а таму трэба нам часта пытацца, як той малады юнак: «Што мне рабіць? Як мне жыць?». Ён пытаў Езуса, і мы таксама сёння пытаем Езуса, як жыць, як крочыць, каб не згубіць веры – той веры, якая была ў нашых сем'ях. Цяпер вы ў новай сям'і, там, дзе навука, і вы ў гэтай сям'і павінны захаваць веру, і не толькі для сябе, але і падзяліцца з іншымі, каб кожны быў збаўлены і кожны знайшоў дарогу да Пана Бога».
Набажэнства скончылася благаслаўненнем студэнтаў і іхніх заліковак, а вечар працягнуўся ў дольным касцёле інтэграцыйнай праграмай. Адпавядаючы сваёй назве, сустрэча аб'яднала маладых католікаў з розных куткоў Беларусі шляхам агульнай творчасці і вясёлых забаваў. Кожны меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі іншых парафій і даведацца нешта новае пра сваю ўласную. Моладзь, якая нядаўна прыехала ў Мінск вучыцца, магла знайсці для сябе новую супольнасць.
Напрыканцы сустрэчы касцёл пачуў дзясяткі галасоў, што узносілі да Бога малітву-камплету, пасля якой прысутныя пачаставаліся салодкімі прысмакамі і цёплай гарбатай.
Наша моладзь вярнулася дадому з добрымі ўспамінамі аб гэтай прывабнай сустрэчы, якая застанецца цёплым агеньчыкам у іхніх сэрцах яшчэ надоўга.



