5 чэрвеня ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ восем сем’яў далучыліся да руху Equipes Notre-Dame (ЭНД). У прысутнасці пастыраў і прысутных на св. Імшы парафіянаў гэтыя сем’і прынялі «карту руху», прысвяцілі сябе Божаму Сэрцу, паабяцалі ўзяць Евангелле за канстытуцыю сваіх сем’яў. З гэтага моманту ў нашай парафіі дваццаць сем’яў належаць да гэтага руху.

Галоўная мэта руху Equipes Notre-Dame – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт шлюбу. У той час, калі ў свеце трыўмфуюць разводы, здрады, свабодныя саюзы, сем’і руху Equipes Notre-Dame імкнуцца жыць з Хрыстом, прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства, а Яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і.

Міхаіл і Анастасія Гаўрылкевічы — новыя ўдзельнікі руху — адзначылі: «Сам Пан прывёу нас у парафiю, а потым i ў ЭНД. Гэты рух дапамагае нам спраўляцца ў нашай штодзённасцi i iсцi па шляху да святасцi, а сустрэчы з iншымi парамi ў прысутнасцi Бога даюць зусiм новы ўзровень перажыванняў. Час падрыхтоўкі перад складаннем прысягі быў вельмі карысным, бо пачынаеш разумець, як Пан Бог дзейнiчае у тваiм жыццi».

У канцы св. Імшы былі асвячаныя абразы Святой Сям’і, і сям’я Манчынскіх, шэфы Паўночнага сектара руху, уручыла новым удзельнікам гэтыя абразы і карту руху, у якой змешчана ўсё тое, што было вывучана сем’ямі за год «пілатажу», які папярэднічаў складанню прысягі.

Няхай Святая Сям’я будзе добрым прыкладам і дапамогай на шляху да святасці для новых членаў руху ЭНД.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.