З 18 па 20 сакавіка ў нашай парафіі адбыліся Велікапосныя рэкалекцыі, іх правёў а. Юрый Кулай OCD, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску.
Тры дні разам з айцом Юрыем парафіяне разважалі над трыма Боскімі цнотамі, якія былі ўліты ў нашыя душы падчас сакрамэнту хросту: вера, надзея і любоў. Кожны новы дзень рэкалекцый быў прысвечаны адной з цнотаў.
«Так, як вясной усё аднаўляецца, квітнее і радуе вока і потым прыносіць плён, таксама і мы цяжка працуем у вінаградніку Касцёла, каб потым прынесці плён дабра, справядлівасці і навяртання», — прамовіў святар напачатку рэкалекцый. І заахвоціў не выдзяляць для Бога маленькі пакойчык у душы, а дапусціць Яго ва ўсе сферы свайго жыцця, даць Нябеснаму Айцу магчымасць умацоўваць нас на кожным шляху, у кожнай справе.
«Важна аддаваць Пану Богу ўсё тое, з чым мы самі справіцца не можам. У нас ёсць сілы, але яны нікчэмныя ў параўнанні з тым, што мае Бог», — адзначыў рэкалекцыяніст.
Тлумачыў ксёндз і важнасць малітвы як сяброўскай размовы з Тым, каго любіш, і Які любіць цябе, бо малітва — гэта духоўны кісларод, а яшчэ — зброя самаго Бога, якой мы перамагаем зло ў жыцці.
Наш парафіянін Андрэй Букатка, натхніўшыся словамі айца Юрыя, напісаў верш:
Малітва як духоўны кісларод,
Малітва ёсць сяброўская размова з Богам.
Малітва — час спакою, без турбот.
Малітва — зброя, шлях да споведзі ад злога.
Дарэчы, святар таксама падмацоўваў свае разважанні паэзіей. Так, напрыканцы навукі першага дня, ён узгадаў верш беларускай паэтэсы Дануты Бічэль:
Ціха споўні Божую волю,
ціха бліжнім дай патолю.
Палюбі людзей, як Бога,
ціха — вось твая дарога.
Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне асобнай навукі для дзяцей, дарослых, моладзі і мужчын. І на кожнай каплічка была поўная людзей.
Напрыканцы рэкалекцый ксёндз Юрый падзякаваў за запрашэнне і давер і пажадаў усім мець тую веру, надзею і любоў, якія паходзяць з сэрца Бога. І дадаў: «Ніколі не забывайцеся пра радасць жыцця, хоць вакол так шмат смутку».
Мы таксама дзякуем айцу Юрыю за ачышчэнне і ўмацаванне, праз яго навуку і святую споведзь, нашых сувязяў з Богам і бліжнімі, а таксама за прысвечаны час.
Паслухаць рэкалекцыйныя разважанні можна на нашым YouTube-канале.