Папяльцовая серада — дзень, які распачынае перыяд Вялікага посту, — прыпадае сёлета на 2-е сакавіка. Час пакаяння, у які ўступае Каталіцкі Касцёл ад сённяшняга дня, вернікі выкарыстоўваюць, каб праз малітву, удзел у пакутных набажэнствах і ўчынкі міласэрнасці падрыхтаваць свае сэрцы да самай галоўнай урачыстасці літургічнага года — Уваскрасення Пана.

У гэтым годзе Вялікі пост распачынаецца з асаблівай інтэнцыі: папа Францішак заклікае вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду посту дзеля міру, асабліва ва Украіне. «Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. <…> Запрашаю ўсіх зрабіць 2 сакавіка, Папяльцовую сераду, днём посту дзеля міру. Няхай Валадарка супакою выратуе свет ад шаленства вайны», — сказаў Святы Айцец.

Сапраўды, у цяперашнія часы адбываюцца падзеі, якія без перабольшання можна назваць жудаснымі, і шмат што, здаецца, спрабуе пераканаць у тым, што ў свеце больш няма месца ані спакою, ані згодзе. Але трэба памятаць, што менавіта ў гэтыя гадзіны, калі паўсюль пануе страх, а роспач захоплівае сэрцы і розум, Збаўца знаходзіцца бліжэй, чым калісьці. Ён прыходзіць, як заўсёды, каб знесці разам пакуты, каб з кожным раздзяліць цяжар крыжа, які можа рабіцца нясцерпным.

«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» — традыцыйныя словы, якія чуем напачатку Вялікага посту, калі святар пасыпае вернікам галовы попелам. Сёння гэты заклік асабліва патрабуе водгуку ў сэрцы кожнага чалавека.

У нашай капліцы ў часе посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы:

  • Крыжовы шлях — у пятніцу ў 10:30 і 19:00 (транслюецца анлайн), у суботу ў 13:00 для дзяцей;
  • Песні жальбы — у нядзелю перад святой Імшой на 9:00 (у 8:40) і перад святой Імшой на 12:00 (у 11:45).

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.