
Ад пачатку студзеня ў нашай парафіі праходзіў конкурс малюнкаў на тэму «Божае Нараджэнне ў маім жыцці». 16 студзеня падчас Балю Усіх Святых былі падведзеныя вынікі конкурсу. Таксама адной з адметнасцяў балю стала экспазіцыя конкурсных прац.
Мастацтва дапамагае ператварыць думкі і пачуцці ў бачныя вобразы. Так, малюнак кожнага мастака адлюстроўвае яго погляд на розныя жыццёвыя моманты. Мы паразмаўлялі з удзельнікамі конкурсу і паспрабавалі высветліць, што стала для іх крыніцай натхнення.

Сафія Селівоха, 12 гадоў
«Калі я разважала над тым, што буду маляваць, то прыпомнілася, што колькі сябе памятаю, кожнае свята Божага Нараджэння я сустракала ў нашай каплічцы. Яшчэ хацелася намаляваць свой настрой і свае пачуцці: радасць, шчасце, хараство свята Божага Нараджэння. Таму атрымаўся маленькі Езус у маіх руках. Калі малявала неба, то на памяць прыходзілі такія радкі з калядкі: "З неба радасць прамяніцца, будзем весяліцца". Так з'явіўся анёл з дудачкай, з якой прамяніцца радасць».

Данііл Ваяводскі, 8 гадоў
«Натхнiла i ўразiла мяне тое, што, калi я на Божае Нараджэнне прыйшоў у касцёл (i калi прыходзiў з сям'ёй на Iмшу ў iншыя днi), там мяне чакаў маленькi Езус, якi ляжаў у пялёнках, а каля яго была Марыя. Гэта было вельмi радасна!»

Паўліна Гардынец, 8 гадоў
«Мяне натхніла само Божае Нараджэнне. Сцэна, калі каля Езуса сталі і Юзаф, і Марыя, і тры пастушкі, і авечкі».

Барбара Рамановіч, 8 гадоў
«Я хачу наблізіцца да Езуса, таму на сваім малюнку я на санях спяшаюся на сустрэчу з Ім, каб Яму было цёпла і весела».

Ганна Кабышава, 26 гадоў
«Мяне натхнілі на малюнак словы святой Тэрэзы з Калькуты, якія пачула ў гаміліі ксяндза Алега 24-га снежня на Раратах. Каляды ў маім жыцці часта не прывязаны да даты 25.12. Для мяне Каляды, хутчэй, этапы, якія пачынаюцца са змены сэрца, і тады Бога ў маім жыцці становіцца больш: у адносінах з сям'ёй, з суседкамі дома, на працы, у служэнні і іншых сферах».

Сафія Гардынец, 10 гадоў
«На гэтым малюнку адлюстравана тое, што звычайна бывае на маім Растве і нагадвае мне аб ім: касцёл, сям'я, Святы Мікалай, падарункі, ежа, снег, ялінка».

Элеанора Паўлавец, 15 гадоў.
«На гэты малюнак мяне натхнілі традыцыі маёй сям'і. Штогод мы прыязджаем да бабулі святкаваць Каляды, усёй сям'ёй. І дзесьці бліжэй да позняга вечара, як і прынята, ідзём на Пастэрку. Таму на маім малюнку намалявана сям'я ў мясцовым касцёле. Яны ўсе разам спяваюць калядныя песні каля батлейкі. Як па мне, гэта самая лепшая частка ўсяго часа Божага Нараджэння, менавіта гэты вечар».
Кожны ўдзельнік атрымаў падарунак, які будзе служыць добрай прыладай для стварэння новых малюнкаў, а таксама памятны дыплом. Пераможцаў выбіралі з кожнай узроставай катэгорыі. Імі сталі:
- Мілана Чайка (10-11 гадоў),
- Сафія Селівоха (12-13 гадоў),
- Марта Маісеева (14-15 гадоў),
- Паліна Маісеева (20 і больш гадоў).
- Гран-пры атрымала Элеанора Паўлавец.
«Шчыра кажучы, я ўжо думала не маляваць, бо не паспявала, але Марыя (мая сястра) пачала маляваць свой малюнак. Я глядзела на яе і таксама захапілася. Малявалі мы доўга: кожны дзень штосьці дараблялі, — дзеліцца Паліна Маісеева. — Я вельмі ўсцешаная, што атрымала месца, але больш радуюся з таго, што была магчымасць удзельнічаць. Ужо з захапленнем чакаю наступнага балю. І маю надзею, што больш моладзі прыме ўдзел ў конкурсе і будзе яшчэ цікавей».

















































