
27 снежня з нагоды свята св. Яна, апостала і евангеліста, разам з нашымі душпастырамі святую Імшу цэлебравалі запрошаныя айцы францішкане. Менавіта супольнасць айцоў францішканаў стаяла ля вытокаў нашай парафіі.
На пачатку святой Імшы ксёндз пробашч Алег Шпець прывітаў і павіншаваў прысутных са святам галоўнага нябеснага заступніка парафіі.
Казанне прамовіў айцец Яўген Голуб. У ім айцец Яўген прапанаваў па-іншаму паглядзець на постаць самага маладога апостала, любімага вучня Езуса.
«Ян меў фантастычны літаратурны талент на свой час: гэта той чалавек, які пісаў ліст як бы да нейкай спадарыні, але на самай справе гэты ліст адрасаваўся супольнасці. Ён гуляе словамі. Ян першы ў гісторыі, хто апісвае дзеянні ў некалькіх часовых вымярэннях: дзеі адбываюцца ў сучаснасці, у мінулым і ў будучыні. Гэты прыём выкарыстоўваецца ў сучасных фільмах. Але менавіта такім чынам напісаны Апакаліпсіс. Ян меў таленты і развіваў іх, ён умеў паглядзець на рэчаіснасць збоку».
Падчас казання айцец Яўген нечакана папрасіў вернікаў дастаць віно, якое яны прынеслі для асвячэння. Прыгадваючы вядомую гісторыю пра атручанае віно, айцец Яўген зазначыў, што адкрыць постаць святога Яна можна толькі разглядаючы яго ў перспектыве: як віно патрабуе часу, каб з непрыемнага напою ператварыцца ў шляхетны, так і Ян змяняўся праз усё сваё жыццё, бо шукаў духоўнага ўзрастання. З непрыкметнага і незаўважальнага хлопца ён ператварыўся ў сапраўднага Апостала Божай Любові. Адкрываючы Любоў Бога, Ян развіваў свае адносіны з Панам, з бліжнімі, а таксама адкрываў праўду пра сябе. Ён перажываў асабістыя змены, узрастаў духоўна, шукаў Праўды.
У Евангеллі на свята св. Яна Евангеліста чытаем пра Яна: «Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў». Усё жыццё Яна было скіравана да гэтага кульмінацыйнага моманту. Ян не проста фізічна убачыў, што Езуса няма, ён паверыў, што Езус уваскрос і сведчыць нам аб гэтым.
Напрыканцы казання айцец Яўген сказаў: «Ян паказвае, што час, патрачаны на духоўнае развіццё, — гэта найбольш істотны час не толькі ў адносінах з Богам, але ў адносінах з самім сабой і ў адносінах з іншымі; гэта фундамент, на якім трэба будаваць іншыя справы; гэта падарунак, падказка нам ад святога Яна сёння».

















































