Час Адвэнту заўсёды напоўнены радаснымі клопатамі. Святары, сёстры, дарослыя і маленькія парафіяне клапоцяцца аб тым, каб падрыхтаваць свае сэрцы да Божага Нараджэння: часцей прыходзяць на Імшу, рана ўстаюць, каб паспець на Рараты, бяруць удзел у рэкалекцыях, стараюцца прыступіць да споведзі, рыхтуюць святочныя спевы.

Але адначасова ідзе не толькі ўнутраная праца. Традыцыйна мы, католікі, імкнемся навесці парадак і звонку – у сваіх дамах і касцёлах. Чаму так адбываецца? Мабыць, таму, што мы чакаем самага дарагога Госця і хочам найлепшым чынам усебакова падрыхтавацца да Яго прыходу.

Часам нейкія падзеі звонку змрокам накрываюць наша радаснае чаканне, але і тут побач з намі тыя, хто заўсёды дапаможа вярнуць святочны настрой, – нашыя сёстры і парафіяльны Жаночы клуб.

– Дзяўчаты, ці не хацелі б вы навучыцца рабіць упрыгожванне на святочны стол? – аднойчы запытала сястра Марыянна.
– Канешне, хацелі б!
– Выдатная прапанова! – адазваліся мы.

Ну, калі згода, то і справа за малым: падрыхтаваць матэрыялы і вызначыць дзень.

Вечарам у панядзелак з розных бакоў да сясцёр спяшаліся жанчыны, радуючыся новай перадсвяточнай сустрэчы. Хто прыбег пасля працы, хто з дому, хто з касцёла, але кожная прынесла ўсмешку і добры настрой. Пачалі вячорку традыцыйнай малітвай, а потым на стале з’явіліся сасновыя лапы, нажніцы, талеркі, фларыстычная губка і яшчэ шмат розных прыладаў для працы і упрыгожванняў для аздаблення вяночкаў.

Памятаеце, як вы адчувалі сябе ў дзяцінстве, калі ўпершыню майстравалі нешта сваімі рукамі? Было вельмі цікава, весела і трошкі страшна, праўда? Але тут не было месца страху, толькі радасць сумеснай працы, цёплай размовы і ўзаемнай падтрымкі. Увагі і майстэрства сястры Марыянны хапіла на ўсіх: нягледзечы на стому пасля доўгага дня, яна паспявала падысці да кожнай “вучаніцы”, дапамагала ці давала слушную параду. Сястра Назарыя падтрымлівала добрым словам і смачнай гарбатай.

Час праляцеў непрыкметна, таты даўно паклалі спаць дзяцей, а мамы толькі скончылі рабіць, не пабаімся гэтага слова, свае шэдэўры. І ў кожнай атрымалася самабытна і прыгожа, хоць на кірмаш нясі! Але ў гэтым годзе – толькі на свой святочны стол. А там – хто ведае?! Можа і іншых парафіянаў на наступны год парадуем.

Пан Бог паказвае сваю любоў праз розныя падзеі ў нашым жыцці. Калі ўважліва прыгледзецца, то іх не складана заўважыць. А яшчэ Ён дае нам людзей, з якімі жыццё становіцца святлейшым. Пагадзіцеся, нашай парафіі на такіх людзей пашанцавала.

Вясёлых святаў Божага Нараджэння!

Вікторыя Маўчанская

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.