
Увечары 18 кастрычніка прайшла міжнародная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец», да якой з дапамогай прамой трансляцыі і тэлемосту на партале Catholic.by далучыліся тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Беларусі. Дзеці з нашай парафіі таксама прынялі ўдзел ў гэтай акцыі, молячыся аб міры і супакоі ў нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце.
«Мільён дзяцей моліцца Ружанец» — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Даверлівая малітва дзяцей можа змяняць свет, які сёння перажывае шмат праблем і крызісаў. Упершыню гэтая акцыя ахапіла ўсю Беларусь.
Малітва распачалася агульнай песняй да Марыі і прывіннем дзяцей з розных дыяцэзій — Віцебскай, Гродзенскай, Мінска-Магілёўскай і Пінскай. Удзельнікі з Мінска, перад кожнай таямніцай паказвалі невялікую сцэнку.
«Мне больш за ўсё спадабалася першая сцэнка, дзе анёл Габрыэль шукаў Марыю, а таксама першая дзясятка, якую мы пелі, — дзеліцца дзесяцігадовая Сафія Гардынец. — Так добра было на гэтым ружанцы, бо змагла памаліцца з дзеткамі з іншых гарадоў і потым нават засталася на Імшу».
На заканчэнне малітвы дзеці артымалі налепкі з выявамі Маці Божай, а таксама самаробныя ружанцы, створаныя ў мінскім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры выхаванцамі Мiсiі добрага Самаранiна.





















