
У гэтым годзе склад удзельнікаў пашырыўся. 1 ліпеня з Мінска на роварах выехала 16 чалавек, якія паспяхова дабраліся да Будслава: без рамонтаў і траўм. Узрост удзельнікаў быў самы розны — старэйшаму было 58 гадоў, але большасць пілігрымаў усё ж складала моладзь.
Адна з удзельніц ДМХ падзялілася ўражаннямі: «Я і раней хадзіла і ездзіла ў Будслаў, але тады не адчувала, што гэта асаблівае месца. Сёлета з другой велапілігрымкай Мінск-Будслаў я не толькі ўбачыла прыгажосць касцёла, але і ўсведаміла каштоўнасць гэтага святога месца. Тут Маці Божая некалі аб'явілася. Гэта неверагодна! Гэта прыгожа! Гэта цудоўна! Вельмі цешуся і ганаруся, што ў маёй краіне ёсць такая святыня».
Пілігрымка была вельмі добра арганізавана. Па прыездзе на начлег стомленых раварыстаў ужо чакаў смачны пасілак, таксама былі пастаўленыя намёты. Усё гэта рыхтавала група з 4 чалавек, якія аддана служылі на працягу ўсяго падарожжа.
Вельмі важнай для пілігрымаў была прысутнасць духоўных асобаў. Два святара і дзве сястры законныя спадарожнічалі вандроўнікам на іх шляху да Маці Божай.
Па прыбыцці ў Будслаў мінскую групу прывітаў біскуп кс. Юры Касабуцкі, а пілігрымы склалі шматлікія просьбы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, сярод якіх найцасцей гучалі просьбы адбудовы Будслаўскай святыні і навяртання Беларусі.

















































































