
19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, распачаліся нашы парафіяльныя рэкалекцыі. На працягу трох дзён Бог кіраваў да нас cваё cлова праз ксяндза каноніка Аляксея Раманчука, пробашча парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве.
Першы дзень быў прасякнуты тэмай падрыхтоўкі да Вялікадня, які ў гэтым годзе прыпадае на 4 красавіка.
Падчас казання на святой Імшы ксёндз Аляксей разважаў пра дотык Божай Міласэрнасці і сустрэчу з любячым Богам падчас сакрамэнту пакаяння і паяднання. Ксёндз-рэкалекцыяніст затрымаўся на ўмовах добрай споведзі, устаноўленых Касцёлам, а таксама даў практычныя парады, як падрыхтавацца да сакрамэнту пакаяння. «Трэба спавядацца, каб атрымаць прабачэнне ў Бога, каб аднавіць сваё прагненне быць дзіцём Божым, каб не быць асуджаным», — падсумаваў ксёндз Аляксей.
Пасля вечаровай святой Імшы адбылася канферэнцыя для мужчын. Ксёндз Аляксей распавёў пра тое, якое вялікае значэнне мае вера ў жыцці мужчыны. Таксама заахвоціў мужчын стаяць на ахове сваіх сям'яў, не дазваляць ніякаму злу ўвайсці ў жыццё сваіх самых блізкіх і дарагіх людзей.
Другі дзень рэкалекцый быў адметны сустрэчамі для дзяцей і моладзі. З малодшымі прадстаўнікамі парафіі ксёндз Аляксей абмяркоўваў актуальныя пытанні ў форме дыялогу.
На казанні падчас вечаровай святой Імшы рэкалекцыяніст паразважаў на тэму ролі жанчыны ў сучасным свеце. Была закранута сфера не толькі грамадства і Касцёла ў Беларусі, але і самай бліжняй для кожнага чалавека супольнасці — сям'і.
У апошні трэці дзень рэкалекцый была ўзнята тэма адносінаў паміж сужонкамі, а таксама паміж дзецьмі і бацькамі.
Ад імя ўсёй парафіі ксёндз пробашч Алег Шпець выказаў словы падзякі ксяндзу Аляксею за благаслаўлёны час рэкалекцый — за цэлебрацыю святой Імшы, за паслугу ў канфесіянале на працягу трох дзён, за словы навукі, якія «дапасаваныя да нашага штодзённага жыцця, трапна даходзяць да розуму і да сэрца», за асабістае сведчанне веры.



