Натусік-кветкі-дэкор: Рэкалекцыі адмяняюцца.
Чэшырскі Кот: Пруфы!

Мінулым разам мы разважалі, як распазнаваць фэйкі, як не стаць ахвярай хлусні і не ўвесці ў зман іншых. Калі вы не чыталі той матэрыял, настойліва раю пачытаць. Усе высновы, якія мы зрабілі, на 100% датычаць і камунікацый праз мэсэнджары. Сёння паспрабуем развіць гэтую тэму і дадамо некалькі заўвагаў.

Некаторыя карыстальнікі ўзялі сабе за правіла: дзелячыся інфармацыяй, узятай на пэўным рэсурсе (напрыклад, нейкім інфармацыйным сайце), скапіяваць у мэсэнджар толькі тэкст і не пазначаць крыніцу. Здавалася б, значна прасцей падзяліцца проста спасылкай. Але, напэўна, тым, хто будзе чытаць паведамленне ў мэсэнджары, будзе зручней рабіць гэта ў любімым прылажэнні, чым кожны раз адкрываць розныя старонкі розных сайтаў з розным дызайнам і мегабайтамі графікі. Затое цяпер у чытача стала значна менш магчымасцяў даведацца, ці тое, што ён чытае, праўда.

Часам у дыскусіях у мэсэнджарах ці сацсетках мы сустракаемся з такой сітуацыяй: нехта штосьці сцвярджае, а іншы адказвае: «Дай пруфы!». На сеціўным жаргоне «пруф» — гэта спасылка на крыніцу, якая пацвярджае сказанае суразмоўцам (ад англ. proof — доказ).

Кожная інфармацыя мае сваю крыніцу. Аўтарытэтнасць і надзейнасць крыніцы — адзін з паказчыкаў, па якім мы можам ацэньваць, ці варта матэрыялам з гэтай крыніцы давяраць. Калі ўмоўная Кунігунда Дзіегаўна піша, што Папа Францішак заявіў аб намеры ў 2021 годзе наведаць Беларусь, то мы разумеем, што наўрад ці Пантыфік распавёў аб гэтым спадарыне Кунігудзе ў асабістай размове. Дык адкуль у яе гэта інфармацыя з’явілася? Ведаючы Кунігунду Дзіегаўну, я ўпэўнены, што яна не стане хлусіць, але я не ўпэўнены ў яе медыяпісьменнасці, што яна не распаўсюджвае дэзінфармацыю, узятую з сумніўных крыніцаў. Калі ж я падзялюся паведамленнем пані Кунігунды, то ўжо я бяру на сябе ўсю адказнасць за праўдзівасць інфармацыі, бо побач з ёю толькі адна крыніца — маё ўласнае імя.

У ідэале інфармацыя без крыніцы ўвогуле не павінна брацца да ўвагі, калі, канешне, гаворка не ідзе пра тое, што мы бачылі на ўласныя вочы ці ў чым самі прымалі ўдзел. Дапусцім, пад выказваннем Папы Францішка пра сёлетні візіт у Беларусь шаноўная Кунігунда Дзіегаўна ўсёж пазначыла крыніцу — Catholic.by. Гэта проста назва сайта без клікабельнай спасылкі на канкрэтны матэрыял. Ці гэтага будзе дастаткова? Не! Што будзе, калі чытач вырашыць наведаць сайт-крыніцу, каб даведацца, адкуль беларускі партал, у сваю чаргу, сцягнуў гэтую сенсанцыйную навіну? Альбо чытач захоча хоць бы ўпэўніцца, што такая інфармацыя ўвогуле на «Католіку» ёсць і… не знойдзе яе там? Не знойдзе, бо кепска шукаў, бо матэрыял згубіўся сярод іншых? Ці таму, што яго там ніколі не было?

Выснова: дзелячыся інфармацыяй, можна даваць скапіяваны з іншай крыніцы тэкст, але абавязкова разам даваць клікабельную спасылку на той канкрэтны матэрыял, з якога гэты тэкст скапіяваны. Не чакайце, калі ад вас будуць патрабаваць пруф.

Калі параўноўваць маштаб узгаданай праблемы, то сітуацыя адносна лепшая ў групах і каналах Telegram і проста катастрафічная ў Viber-суполках. У чым перавага «телеги»? У Тэлеграме заўсёды бачна чыім паведамленнем мы падзяліліся, гэта значыць, спасылка на аўтара (крыніцу) арыгінальнага паста ў паведамленні ўжо ёсць. Калі гэта канал ці адкрытая суполка, то можна трапіць на гэты канал ці суполку і ацэніць, што яны з сябе ўяўляюць. Аўтарытэтнасць і надзейнасць афіцыйных тэлеграм-каналаў СМІ, напрыклад, ТУТ-БАЙ, роўна аўтарытэтнасці самога выдання. Тут няма розніцы, ці мы чытаем паведамленне на іх сайце, ці на іх тэлеграм-канале.

Калі ж мы трапляем на незнаёмы нам канал, сітуацыя падобная таму, быццам бы мы трапілі на незнаёмы сайт — ні на секунду не выключаем крытычнае мысленне. Зрэшты, гэта галоўнае правіла працы з любой інфармацыяй.

Асобная сітуацыя са здымкамі экрана — скрыншотамі. Па-першае, мы можам зрабіць скрыншот, каб задакументаваць наяўнасць пэўнага паведамлення, калі існуе верагоднасць, што гэтае паведамленне будзе выдалена альбо адрэдагавана. Як доказ таго, што яно было. Так сабе доказ, ведаючы пра існаванне Photoshop і іншых графічных рэдактараў, але хоць штосьці. Другая прычына рабіць скрыншот — сітуацыя, калі мы атрымалі інфармацыю ў адным прылажэнні, а дзяліцца ёю будзем у іншым. Напрыклад, апраўдана зрабіць скрыншот паведамлення ў групе Whatsapp, каб падзяліцца ім у Viber, бо не ў кожнага карыстальніка Viber ёсць Whatsapp. У сувязі з тым, што пад выглядам здымкаў экрана па сеціве гуляе безліч фэйкаў, далучыць да скрыншота спасылку на крыніцу ці пост-арыгінал будзе прынамсі добрым тонам.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.