Photo dubioza.org

Пагаворым на тэму медыяпісьменнасці: ці ёсць небяспека ў фэйках, ці варта з імі змагацца, як распазнаць фэйк? Тут шмат літар, але яны вартыя увагі.

Напэўна кожны з нас час ад часу атрымлівае сенсацыйныя паведамленні то пра маньяка, які актывізаваўся ў нашым раёне, то пра дзяўчынку, якой тэрмінова патрэбна пераліванне крыві, то яшчэ пра штосьці, што моцна б’е па нэрвах і патрабуе неадкладных дзеянняў. Такія паведамленні зазвычай мы бачым у групах мэсэнджараў або ў соцсетках. «Дашлі гэтую інфармацыю ўсім сваім знаёмым, ва ўсе групы», — заклікаюць нас. — «Паклапаціся пра блізкіх, родных, уратуй іх жыццё і здароўе!» Абсалютная большасць гэтых паведамленняў з’яўляецца звычайнай хлуснёй. Гэта фэйкі.

Ці ёсць у фэйках небяспека? Ці варта з імі змагацца? Чалавек, які нявольна стаў прычынай распаўсюду фэйка, часта апраўдваецца добрымі намерамі. Маўляў, калі інфармацыя пра маньяка несапраўдная, то яна нікому не прынясе шкоды, а калі сапраўдная, то можа ўратаваць. Прапаную некалькі прычынаў, чаму фэйкі трэба лічыць злом і супрацьстаяць ім.

  1. Тэалагічная.
    Што такое праўда ў класічным вызначэнні? Гэта тое, што адпавядае рэчаіснасці. Бог — Створца свету, ён стварыў нашу рэчаіснасць, а няпраўда супярэчыць ёй. Значыць няпраўда — злачынства супраць Бога. Чулі словы, што «д’ябал — бацька хлусні»?

  2. Практычная непасрэдная.
    Распаўсюд фэйкаў можа мець канкрэтныя наступствы. Вядомыя выпадкі, калі «накручаныя» непраўдзівымі паведамленнямі людзі чынілі самасуд, аж да забойстваў. Праз фэйк можна нанесці шкоду здароўю. Напрыклад, замест таго, каб выконваць рэкамендацыі медыкаў аб прафілактыцы каранавіруса, можна проста піць вадзічку і адчуваць сябе ў бяспецы.

  3. Практычная ўкосная.
    Памятаеце казку пра хлопчыка, які ўвесь час крычаў «Воўк, воўк, ратуйце!», а ваўка не было? А калі воўк насамрэч з’явіўся, то ніхто не прыйшоў на дапамогу, бо ніхто не паверыў. Шмат людзей, якія сапраўды патрабуюць дапамогі, яе не атрымаюць, бо ў многіх з нас ужо выпрацаваўся імунітэт на спам і фэйкі. Многія нават не дачытаюць заклік аб дапамозе, бо не палічаць яго праўдзівым.

  4. Юрыдычная.
    За свядомы распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі прадугледжана адказнасць паводле закону. Тут ключавыя словы — «свядомы» і «заведама ілжывай». Але можна трапіць пад адказнасць і «несвядома», калі распаўсюджваць інфармацыю пра канкрэтных асобаў ці ўстановы. Адна справа расказаць, што ў раёне дзейнічае маньяк, іншая — да гэтай перасцярогі далучыць фотаздымак канкрэтнага чалавека, альбо падаць імя і адрас. Не сумнявайцеся, міліцыя абавязкова прыйдзе, але не за ім, а за вамі.

  5. Экзістэнцыяльная.
    Каб свядома прымаць правільныя рашэнні, трэба адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць, бачыць яе такой, якая яна ёсць. Наш светапогляд часткова фарміруецца праз пазнанне аб’ектыўнай рэчаіснасці і часткова пад уплывам знешняй інфармацыі і ідэй. Фэйкі размываюць нашае ўяўленне аб рэчаіснасці, ствараюць скажоную карціну свету. Пад іх уплывам мы ўсё больш адыходзім ад сапраўднасці і пачынаем жыць у матрыцы ўласных (дакладней навязаных нам) уяўленняў.

Адна з уласцівасцяў крытычнага мыслення — здольнасць ставіць пад сумнеў атрыманую інфармацыю. Галоўнае пытанне, якое трэба заўсёды сабе задаваць: ці тое, што я даведаўся — праўда? Часцей за ўсё адказам будзе: «Дакладна не ведаю». Тады на якой падставе я магу давяраць атрыманай інфармацыі? Альбо па якіх прыкметах я павінен не давяраць? «Нікому нельга верыць» — іншая скрайнасць. Увогуле, верыць ці не верыць — наша асабістая справа, але калі я не ўпэўнены ў праўдзівасці інфармацыі, лепей яе не распаўсюджваць.

Па-першае, трэба звярнуць увагу на эмацыйны бок. Пад уплывам эмоцый нашае ўспрыняцце становіцца меней крытычным. Ва ўсхваляваным стане мы можам не заўважыць відавочныя ляпы і супярэчнасці, якія дапамогуць выявіць падман.

Сенсацыйнасць паведамлення акурат накіравана на эмоцыі, не важна, станоўчыя ці адмоўныя. «Чым жахлівей хлусня, тым хутчэй у яе павераць». Гэтыя словы часта прыпісваюць Гебельсу, міністру прапаганды нацыстаў. Але насамрэч гэты тэзіс выказаў у «Майн Кампф» Адольф Гітлер. Сенсацыйна? Праверце гэта!

Звяртаем увагу на фразы-маркеры. Стваральнікі фэйкаў будуць усяляк уздзейнічаць на чытача. «Дашлі гэтае паведамленне ўсім сваім знаёмым, ва ўсе групы», «Паклапаціся пра блізкіх, родных, уратуй іх жыцце і здароўе». Ёсць такое? Значыць гэта адназначна фэйк. Прыхільнікі праўды такімі метадамі не дзейнічаюць.

У фэйках часта можна сустрэць недамоўленасць у дэталях. Напрыклад: «на вуліцы Леніна знайшлі небяспечны прадмет, будзьце ўважлівымі...». У кожным горадзе нашай краіны ёсць вуліца Леніна. Баяцца ўсім? Часам наадварот, могуць прысутнічаць шмат дэталяў, якія ствараюць уражанне дакладнасці, але якія насамрэч нельга праверыць. Ну, хто з нас будзе тэлефанаваць на кітайскі нумар?

Любая інфармацыя мае нейкую крыніцу — асобу, сайт, выданне СМІ і г.д. Інфармацыя з ананімных крыніц увогуле не павінна брацца да ўвагі. У фэйках акурат зазвычай крыніца адсутнічае, альбо падаецца ў завуаляваным выглядзе, каб яе нельга было праверыць. Напрыклад: «як учора паведамілі па галоўнаму ТВ-каналу». Якому каналу, якой увогуле краіны?

Заўсёды трэба ацэньваць аўтарытэтнасць крыніцы і яе адпаведнасць тэматыцы. Напрыклад, ваш сябра, добры чалавек, даслаў паведамленне пра метады прафілактыкі каранавіруса. Гэты сябра — медык? Калі не, то чаму мы павінны яго слухаць? Адкуль ён узяў гэтую інфармацыю? Ад такога ж сябра-немедыка, ці з болей аўтарытэтнай крыніцы? Трэба дакапацца да першакрыніцы — адкуль усё пайшло.

Як для кагосьці не дзіўна, найболей аўтарытэтнымі крыніцамі з’яўляюцца СМІ. Можна колькі заўгодна абвінавачваць журналістаў у прадажнасці, але насамрэч большасць СМІ, за выключэннем жоўтай прэсы і тых, хто моцна заграз у прапагандзе, зацікаўлены ў падачы праўдзівай інфармацыі. Абавязак журналіста — не толькі знаходзіць, але і правяраць інфармацыю. За гэта ён і яго выданне нясуць адказнасць.

Калі нам трапляе інфармацыя без крыніцы альбо з ненадзейнай крыніцы, мы можам з дапамогаю таго ж Гугла пашукаць дзе яшчэ гэтая інфармацыя сустракаецца. Калі знойдзем яе на крыніцах, якім можна давяраць, будзем лічыць інфармацыю праверанай. Прафесійны журналіст павінен атрымаць пацвярджэнне з некалькіх надзейных і незалежных крыніц, нам жа праверыць хоць як-небудзь — і то добра.

Простае гугленне часам робіць цуды. Калі інфармацыя — фэйк, і мы трапілі не ў першую хвалю яго распаўсюду, значыць недзе пра гэты фэйк ужо пісалі. Хрысціяне Уханя просяць дапамогі? Пададзена імя нейкага пастара і нумар тэлефона ў Кітаі? Нехта ўжо дакапаўся, што і тэлефон не кітайскі, а з афрыканскай Ганы, і што, патэлефанаваўшы па яму, злятае з рахунка круглая сума, і што пастара з такім імем не існуе, і г.д. Нехта ўжо правёў працу, карыстайцеся. Толькі да такіх выкрыццяў таксама стаўцеся крытычна.

І галоўнае. Якой бы аўтарытэтнай ні была крыніца, калі яна заяўляе, што дэвальвацыі рубля не будзе... ну вы разумееце.

Калі вам спадабаўся гэты матэрыял, не спяшайцеся дзяліцца ім. Падумайце, ці тое, што тут напісана — праўда? Наколькі вы ўпэўнены ў гэтым? Калі тут прыводзяцца факты, то ці магчыма іх праверыць? А калі меркаванні, то наколькі яны абгрунтаваныя? Сайт, на якім вы чытаеце гэты тэкст (альбо адкуль ён скапіяваны) — гэта аўтарытэтная крыніца? Аўтар, які дазволіў сабе так шмат меркаванняў, ці эксперт у тэме, пра якую ідзе гутарка? Ён болей апелюе да логікі ці да эмоцый? Пагугліце на гэтую тэму, можа, на кожны прыведзены тут аргумент вы знойдзеце пацвярджэнні, альбо наадварот, контраргументы. Больш няма сумненняў? Тады можна!

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.