Чаму «хлопец заўсёды знойдзе сабе прыгоду», як настаўнік можа стаць ІТ-спецыялістам і дзе нараджаецца любоў да Радзімы? Пра гэта і пра многае іншае мы пагаворым з Паўлам Бельскім - хрысціянінам, генеральным камісарам каталіцкіх скаўтаў Беларусі, мужам, татам, а таксама сумленным, інтэлігентным чалавекам з добрым пачуццём гумару.

Некалькі слоў пра сям’ю

Родам я з Барысава, паходжу з каталіцкай сям’і, мама і тата - католікі. Хоць тата быў ахрышчаны ў праваслаўі, але ажаніўся і праз пэўны час стаў католікам. Я вырас пры касцёле, хадзіў у пілігрымкі.

Ужо разам са сваёй жонкай пераехаў у Мінск, тут жывём астатнія некалькі гадоў. Ёсць дачка Дамініка, якой 6 год. У гэтым годзе Дамініка пайшла ў агульнаадукацыйную і музычную школы. Таксама наведвае катэхезу ў парафіі Св. Францішка Асізскага ў Новай Баравой. Катэхезу ёй выкладае наша парафіянка Таццяна Мазун.

Кім  вы працуеце?

Працую праграмістам. Не памятаю ўжо хто, мама ці тата, казалі: “Куды ты ідзеш, ты ж халерык? А праграміст? Гэта ж трэба ўвесь дзень сядзець каля камп’ютара”. Мне было страшна, але, як аказалася, цэлы дзень сядзець не трэба, хоць часамі і такое бывае. У гэтай сферы шмат залежыць ад таго, чым менавіта ты займаешся. ІТ – гэта ж не толькі праграміст. Зараз я часцей выконваю ролю архітэктара. Апошні раз праграмны код пісаў, мабыць, у маі.

Займаю пасаду цімліда (team leader – «лідар каманды». - Заўв. рэд.) у кампаніі EPAM Systems, хоць у працоўнай кніжцы запісана традыцыйна: “галоўны інжынер”. Маю каманду з 20 падначаленых і яшчэ аднаго кіраўніка групы. Апошні год звычайна выконваю ролю архітэктара ці праектнага тэхнічнага мэнэджэра.

Ведаю, што вы скончылі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і нават працавалі ў сферы адукацыі некалькі гадоў? Як здарылася, што вы змянілі прафесію?

Па адукацыі я выкладчык фізікі, астраноміі і інфарматыкі. Раней працаваў у школе, выкладаў фізіку.

Дзве прычыны было, якія паўплывалі на змену працы. Памятаю 2011 год: збіраюць нас на педагагічную нараду. А я такі чалавек - заўсёды за праўду. Выступае дырэктар і кажа: ”З гэтага навучальнага года ўсе настаўнікі будуць дзяжурыць на вахце”. То бок, на вахце ёсць вахцёр, але яшчэ павінен быць настаўнік. Калегі ў непаразуменні. Устаю, пытаюся: “Чаму вахцёр не можа быць дзяжурным? Бо ўжо ёсць вахцёр”. На што дырэктар мне адказвае: “Вахцёру трэба званкі даваць. А як хтосьці прыйдзе і трэба яго да дырэктара правесці?” Вось такое стаўленне да настаўнікаў. Настаўніка можна прымусіць, а вахцёра не. Вахцёры, хіба, сказалі, што рабіць гэтага не будуць, і, калі што, звольняцца. Пытаюся: ”Дзе ў маіх працоўных абавязках запісана, што я павінен сядзець на вахце?”. Дырэктар асалапела: “Калі ў вас гэтага няма ў абавязках, я ўпішу”. Але як гэта ўвогуле магчыма?! А трэба ведаць, што мужчын-настаўнікаў у школе вельмі любяць, таму што іх мала. Тым больш, што ў мяне быў чырвоны дыплом. Сітуацыю неяк “замялі”. Праз некаторы час падыходзіць да мяне завуч і кажа: “Павел Анатольевіч, вы павінны вырашыць: альбо вы з намі, альбо супраць нас”. Я падумаў: “Я не хачу быць супраць, але мне дакладна не з вамі”. Сітуацыя здарылася ў верасні, а ў лістападзе я сышоў. Гэта быў “першы званочак”.

А “другі званочак”... як гаворыцца: “астатні цвік у крышку труны” - эканамічны крызіс. У той час амерыканскі долар каштаваў тры тысячы беларускіх рублёў, а потым раптам стаў каштаваць дзесяць тысяч. У пэўны момант па курсе дзесяць тысяч мая зарплата была 80$. Тут хаця б на ежу хапіла, не кажучы пра іншыя патрэбы. Разумею для себе, што ўсё, баста, трэба сыходзіць. А я ў школе сканчваў фізіка-матэматычны клас, і на той момант ужо больш за палову маіх былых аднакласнікаў працавала ў ІТ сферы. Мой лепшы сябар, Паша Граковіч, кажа: «Хопіць, давай да нас. Нагуляўся ты ўжо ў сваю школу». (Усміхаецца.)  І вось ужо дзевяць гадоў я ў ІТ сферы.

Што для вас “Радзіма”?

Радзіма - гэта Беларусь. Я б не назваў нейкі горад. Шмат па краіне “катаўся”, але адзін горад ці адно мястэчка не вылучаў бы.

Калісьці, падчас інтэрв’ю, Аксана Ючкавіч казала: «Як гэта не дзіўна, але Радзіму любіць навучылася таксама ў касцёле». Ці так гэта для вас? Ці ёсць сувязь паміж любоўю да Бога і любоўю да Радзімы?

Гэта вельмі шырокае і глыбокае пытанне... Калі я быў юнаком, у нас  праходзілі катэхезы для моладзі, як тут ДМХ. Памятаю, на адной з сустрэч наш ксёндз Роберт Кшывіцкі сказаў: “Вы, калі вырасцеце, станеце іншымі”. Мы спыталі, чаму мы будзем іншымі. На што ён адказаў: “Вырасцеце - зразумееце”.  Потым ужо я для сябе адкрыў, што, калі ідзеш па жыцці з Богам, то атрымліваеш асаблівую ласку - “бачыць” грэх. І калі ты гэта разумееш, то жывеш па-іншаму, бо больш бачыш.

У гэтым годзе шмат людзей сказалі, што ў іх “шоры упалі з вачэй”. А ў мяне яны не падалі, бо іх не было. На першы масавы сход я трапіў у 1996 годзе. Яшчэ ў дзесяцігадовым узросце мой бацька вазіў мяне на плошчу Якуба Коласа. І я бачыў гэтыя плыні бел-чырвона-белых сцягоў.

Не магу так упэўнена сказаць, як Аксана, што любові да Радзімы навучыў Касцёл, але ў Касцёле яна таксама прывівалася. Сям’я і Касцёл - гэта тыя два інстытуты, якія мяне выхавалі, у тым ліку, навучылі любіць Радзіму.  Бацька - сваім асабістым прыкладам, Касцёл - у духоўна-інтэлектуальным плане. Памятаю бацька прыходзіў у касцёл папрацаваць, дапамагчы. Ён рабіў нейкія адмысловыя рэчы: каля касцёла раслі вялізныя дрэвы і трэба было іх спілаваць. Калі паўстала пытанне аплаты (а ён такую працу і за грошы рабіў), памятаю яго адказ: “Бог за нас памёр, а я з Касцёла буду грошы браць?” Гэта вельмі простыя словы, але адначасова вельмі глыбокія. Трэба любіць і працаваць. Цябе гэтая зямля нарадзіла, і твой, умоўна, абавязак нешта для яе рабіць.

Раство, 2011 год.
Раство, 2011 год.

Напярэдадні Божага Нараджэння, вы з дачкой наведвалі кожную раратнюю Імшу. Чаму?

Тут трэба агаворку зрабіць: я быў на кожнай раратняй Імшы для дзяцей, гэта тры разы на тыдзень, каб не “прыпісваць”, чаго не было (усміхаецца). Не ведаю… Гэта такое чаканне Божага Нараджэння. Я сам люблю Рараты, хоць у дзяцінстве і не было такой традыцыі. Люблю пачынаць дзень са святой Імшы, гэта класна. Напрыклад, ва ўсялякіх скаўцкіх актыўнасцях, я “таплю” за тое, каб зрабіць Імшу з раніцы і распачаць дзень з Найвялікшай малітвы.

Першапачаткова не меў на мэце схадзіць на ўсе Імшы. Мы проста пачалі гэта рабіць. Пасля Імшы давалі налепкі дзецям, мы іх збіралі, прыклейвалі. У выніку атрымалася цэлая каляровая карціна. Гэта яшчэ і такая гульня для дзяцей. Плюс знічы, якія трэба запальваць, асаблівая атмасфера, тыя ж казанні  - класна ўсё!

Санцьяга дэ Кампастэла.
Санцьяга дэ Кампастэла.

Вы - Генеральны камісар каталіцкіх скаўтаў Беларусі, а таксама звязовы 1-га Мінскага звяза імя св. Яна Паўла ІІ. Памятаю першы бацькоўскі сход і тое, з якім запалам і любоўю вы казалі пра скаўцкі рух. Ці штосьці змянілася з той пары? Ці задаволены вы развіццём руху за гэты перыяд? Што хацелся б яшчэ зрабіць?

Планаў шмат (усміхаецца). Мае адносіны да скаўтынгу не змяніліся, я па сённяшні дзень лічу, што скаўтынг - найлепшы рух з тых, што я ведаю, для комплекснага выхавання дзяцей і моладзі. Скаўтынг як ставіў мэту “шматбаковага выхавання грамадзяніна” 113 гадоў таму, так і на сённяшні дзень гэта мэта застаецца актуальнай. Тут няма такога: тэорыя, практыка... Бо мы не вучым дзяцей у прамым сэнсе, як у школе. Скаўтынг працуе праз усе свае тэхнікі нейкім дзіўным чынам, амаль што “сакрум”. Кап’явая сістэма, летнікі, зборкі - гэта дае багаты плён. Таму я працую, і, дасць Бог, буду працаваць на гэтай ніве далей.

Што датычыць развіцця руху, то, шчыра кажучы, хочацца, каб ён развіваўся больш актыўна. У Беларусі толькі ў чатырох населеных пунктах ёсць скаўты: Гродна, Івянец, Мінск, Барысаў. Гэта мала. У перспектыве хацелася б, каб амаль у кожнай мясціне былі скаўцкія адзінкі. Скаўтынг ужо 20 гадоў існуе ў Беларусі. Напрыклад, у Польшчы за такі час колькасць адзінак павялічылася ў дзесяць ці двадцаць разоў. А ў нас як было 200-300 чалавек, так і застаецца. Мне гэта не падабаецца, і цяжка знайсці нейкую прычыну такога становішча. Таму, калі сцісла адказваць, развіццём не задаволены.

Нядаўна чытаў кніжку “Крокі”, яна зараз рыхтуецца для друку. Там напісана, што з дванаццаці касманаўтаў, што пабывалі на Месяцы, адзінаццаць былі ў дзяцінстве скаўтамі. То бок, скаўтынг сапраўды дае прагу да ведаў, прагу да прыроды. А праз прыроду глыбей пазнаеш Бога. Тое, што ў нашай краіне гэта слаба развіваецца, сапраўды шкада.

Зараз мы актыўна працуем над кнігамі. Ёсць у планах выпусціць у гэтым годзе чатыры кніжкі. Прынамсі, перакласці і на сайт выкласці, ці ў PDF фармаце зрабіць. Лічу, калі гэты матэрыял будзе надрукаваны, ён дапаможа нам расці больш якасна. Бо адна справа, калі табе вусна далі нейкую інфармацыю, і ты ці не пачуў яе, ці пачуў, а потым запамятаваў. А ў кнізе ёсць магчымасць спыніцца, перачытаць.

А ўвогуле, як і калі з’явіўся скаўтынг?

Скаўтынг з’явіўся ў Англіі ў 1908 годзе.  Заснавальнікам з’яўляецца сэр Роберт Стэфенсон Сміт Баден-Паўэл. Падчас англа-бурскай вайны ў Афрыцы ён праславіўся тым, што доўгі час (207 дзен. - Заўв. рэд.) трымаў абарону вежы Мафекінг. Ён здолеў зрабіць гэта з невялікай колькасцю салдат і пры дапамозе падлеткаў. Палкоўнік выкарыстоўваў хлопцаў для разведкі ды іншай дапамогі. У гарнізоне было некалькі соцен салдат, а ў праціўніка - некалькі тысяч. Гэта быў першы досвед працы з дзецьмі сэра Роберта Паўэла. Потым ён вярнуўся ў Англію. А трэба разумець, што гэта быў час прамысловай рэвалюцыі. Што дала прамысловая рэвалюцыя? Людзі “паплылі” ў гарады. На фабрыках і заводах дарослыя працавалі па 12-14 гадзін у дзень, шэсць дзён у тыдзень. У выніку гэтага дзеці былі на вуліцах, без нагляду. Яны збіраліся ў банды, займаліся не самымі добрымі рэчамі. Сэр Бадэн Паўэл сказаў: “Нам трэба выхоўваць грамадзян. Хто будзе жыць у нашай светлай Англіі?”

Скаўтынг ён будаваў на прынцыпах гэтых бандаў. Кап’ё - група сяброў, банда. Але што ім трэба даць? Ім трэба даць сапраўдныя вартасці, замест рабаўніцтва і разбою. Так з’явілася скаўцкае права. Першы пункт скаўцкага права гучыць так: “Скаўт дбае пра свой гонар, каб заслужыць давер”. Гэта пра тое, што клопат пра твой гонар, тваё слова, павінен быць на першым месцы.

Сэр Бадэн Паўэл быў сынам пастара, паходзіў з духоўнай рэлігійнай сям’і, і скаўцкае права ён напісаў, абапіраючыся на Евангелле. Як я кажу: ”Хрысціянін будуе сваё жыццё на 10-ці Божых загадах. Скаўтынг жа на гэтым не спыняецца і дадае яшчэ дзесяць пунктаў “Скаўцкага права”.

Рэдакцыя тут прыводзіць дзесяць пунктаў “Скаўцкага права”:

  • Скаўт дбае пра свой гонар, каб заслужыць давер.
  • Скаўт верны сваёй краіне, сваім бацькам, сваім кіраўнікам і сваім падначаленым.
  • Скаўт служыць свайму бліжняму і дапамагае яму ў дарозе да Бога.
  • Скаўт - сябар ўсім і брат для кожнага іншага скаўта.
  • Скаўт ветлівы і высакародны.
  • Скаўт бачыць у прыродзе Божае стварэнне: ён шануе расліны і жывёлы.
  • Скаўт паслухмяны і кожнае заданне выконвае да канца.
  • Скаўт валодае сабой: ён усміхаецца і спявае, нават калі яму цяжка.
  • Скаўт ашчадны і ўважліва абыходзіцца з дабром іншага.
  • Скаўт чысты ў сваіх думках, словах і ўчынках.

Вяртаючыся да гісторыі ўзнікнення скаўтынгу: у 1907 годзе заснавальнік сабраў дзяцей, а ў 1908 годзе на востраве Браўнсі адбыўся першы скаўцкі летнік. Гэта і лічыцца пачаткам скаўцкага руху. Потым да яго пачалі далучацца іншыя краіны. А праз тры гады жонка Бадэна Паўэла пачала займацца дзяўчатамі, так з’явіліся скаўткі. Недзе праз дзесяць гадоў паўстала адгалінаванне ваўчанят.

Аднойчы вы сказалі, што, калі ў хлопца адабраць скаўтынг, ён усё роўна сабе прыгоду знойдзе. Што вы мелі на ўвазе?

Для маладога чалавека прыгода - вельмі важная частка жыцця. Канешне, зараз хтосьці у камп’ютары сядзіць. І гэта таксама, умоўна кажучы, прыгода. Дзеці там іграюць, каб штосьці знаходзіць, нечага дасягнуць, нешта выйграць. Гэта прага гульні, прыгодаў ёсць у кожным дзіцяці, у кожным падлетку. Яе толькі трэба накіраваць у правільнае рэчышча. Дзіцё само не ў стане гэтага зрабіць, тут патрэбныя бацькі.

Вас лічаць сваім парафіянінам чатыры парафіі. Як такое здарылася?

(Смяецца) Я звязовы ў парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ, таму тут быццам свой. Тэрытарыяльна жыву на вуліцы Каліноўскага, якая адносіцца да парафіі ў Зялёным лузе. На святыя Імшы і на катэхезу ходзім у парафію святога Францішка Асізкага, што ў Новай Баравой. На выходныя мы досыць часта ездзім у Барысаў, там дзве парафіі, я часцей хаджу ў касцёл Спаслання  Духа Святога. Там мяне таксама лічаць сваім. Вось так і атрымліваецца, што паўсюль свой.

Вашы прыярытэты: першае, другое і трэцяе месца…

Я б так сказаў: Бог і мае маральныя хрысціянскія прынцыпы, сям’я, праца, скаўтынг.

Калі музыка, то…

Зараз я слухаю “Вольны хор”, першы іх альбом “Годныя песні”. Цудоўная падборка. Калі ўвогуле, то NRM, Чайф, ДДТ, Наўцілус.

Калі адпачынак,то…

Вандроўка. На жаль, пакуль не спакусіў гэтым сваю жонку. Калі адпачываем сям’ёй, то часцей абіраем пляжны адпачынак, па розных прычынах. У мяне ёсць знаёмы скаўт-бельгіец, дык яны на сваё срэбнае вяселле пайшлі ў пілігрымку на дзесяць дзён да Санцьяга-дэ-Кампастэла (горад у Іспаніі, канчатковая кропка шляху св. Якуба апостала). Гэта быў іх адпачынак на 25-годдзе шлюбу. Як па мне - гэта крута…

Калі цытата, то…

“Дзе Дух Гасподні, там свабода.”

Цёплы ўспамін з дзяцінства

Памятаю, мы былі на рэкалекцыях для хлопцаў. Па заканчэнні ксёндз запрасіў нас, калі мы жадаем, у госці.  Мы з радасцю засталіся. Наступнымі павінны былі быць рэкалекцыі для дзяўчат. І нам наказалі да іх не хадзіць. Ну, не хадзіць, значыць, не хадзіць. Але гэта не спыніла дзяўчат (усміхаецца). Ноч, у суседнім пакоі спяць сёстры законныя. Да нас у пакой пачынаюць насіцца дзяўчаты. Я трошкі паназіраў за гэтым, а потым… узяў коўдру і пайшоў у касцёл. Сядзеў там, сядзеў. А недзе праз гадзіну ксёндз прыйшоў і кажа: “Вось я цябе знайшоў”. І забраў мяне. Вось такі цёплы “лампавы” ўспамін…

Вы размаўляеце на беларускай мове. Чаму? Што гэта значыць для вас?

Насамрэч, свядома, стала я пачаў размаўляць дзесьці ў снежні. Да таго часу толькі ў касцёле і на скаўцкіх сходах. Чаму? Я думаю, што было шмат такіх трыгераў. Адзін з іх - артыкул, які я прачытаў. У ім жанчына пісала: “Я ў сябе спытала: для мяне “Жыве Беларусь”, ці «Живёт Беларусь»?” І я падумаў, што для мяне ж таксама “жыве”. А яшчэ, на сённяшні дзень беларуская мова - гэта і маніфест, і адначасова такая барацьба. Да таго ж у нашай сённяшняй сітуацыі мне вельмі хацелася б штосьці рабіць для Беларусі у нейкім пазітыўным ключы, і рабіць стала, кожны дзень. Я падумаў, што мова можа быць адным з такіх інструментаў, зброяй, мяккай сілай.

Апроч таго, мова наша прыгожая. На ёй класна размаўляць. Мне падабаецца. І, насамрэч, гэта працуе: калі ты размаўляеш па-беларуску, людзі пачынаюць адказваць таксама па-беларуску. Раней я, калі хтосьці размаўляў са мной на беларускай мове, пераходзіў на яе. Цяпер сам ужо з’яўляюся такім трыгерам.

Што б вы, можа, хацелі б дадаць, сказаць нашым чытычам?

Будзьце смелымі, не бойцеся.

Размаўляла Ірына Шаўструк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.