Сёння з намі Таццяна Мазун — чалавек неверагоднага лёсу, хрысціянка з адкрытым сэрцам, якая шукае Пана Бога ў сваім жыцці. Творчая, глыбокая, вясёлая натура, час ад часу трапляючая ў авантуры.

Некалькі словаў пра сябе

— …Я расла ў вёсцы (вёска Налібакі, Стаўбцоўскага раёна, Мінскай вобласці). У той час бацькі заўсёды былі занятыя працай, і мы, дзеці,  таксама павінны былі працаваць разам з імі... Я вельмі добра памятаю, калі першы раз у жыцці мне задалі гэтае пытанне: «Хто ты? Апішы сябе. Раскажы пра сябе. Тры словы аб тым, якой ты сябе бачыш». Мне тады было 18 гадоў. Я вучылася ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Я памятаю гэту разгубленасць: «А хто я? А што я?». Я не ведала, што пра сябе сказаць. Сядзела і слухала адказы дзяўчат і хлопцаў. Адна з дзяўчат, што сядзела побач са мною, напісала: «Я — чалавек». І я думаю: «Вось, а я нават не ведала, што я чалавек…». То бок я не ведала, што я ўяўляю з сябе. Гэтае пытанне стала важным для мяне. На колькі я сама ведаю, хто я? На колькі я сябе шаную?.. Для мяне гэта заўсёды цяжка.

Зараз усё часцей даводзіцца адказваць на гэтае пытанне, з улікам маёй дзейнасці.

Па-першае, я хрысціянка. Для мяне гэта самае галоўнае. Па-другое, жонка і маці. Гэта быў доўгі шлях, пакуль я да гэтага прызвычаілася, прыняла і палюбіла. Цяпер я магу гаварыць гэта з гонарам і любоўю. Па-трэцяе, я чалавек, які створаны для таго, каб несці прыгажосць. І калі яшчэ некалькі гадоў таму я думала пра прыгажосць фізічную (як цырульнік, майстар па манікюру, візажыст). То зараз разумею, што, напэўна, духоўную. Праз сваё служэнне ў скаўтынгу, выкладанне катэхэзы стараюся раскрываць гэту прыгажосць, паказваць яе людзям.

Шлях да Бога

— Мая маці з няверуючай сям'і, была ахрышчана ў царкве, і на гэтым усё. А бацькі таты ўсё жыцце ходзяць у касцёл. Але сам тата не ходзіць, ён няверуючы. Менавіта бабуля і дзядуля бралі мяне і сілком «цягалі» да касцёла. Я ненавідзела ў такі час і іх, і касцёл. Чаму? Таму, што ў нас тады працаваў і да гэтага часу працуе ксёндз паляк, які прыехаў у Беларусь у пачатку 90-х. Ён і тады, і цяпер размаўляе на польскай мове (усміхаецца), якую мы зусім не разумелі. Для нас, дзяцей, адзінай прычынай, чаму мы хадзілі да яго на катэхэзу былі польскія цукеркі, якімі ён нас частаваў.

Нас пачалі рыхтаваць да Першай Камуніі. Мы не разумелі, чаго ад нас хочуць: усе малітвы па-польску. Вучыць пацеры было цяжка, для мяне гэта было, як кітайская мова. Першую Камунію прыняла пасля другога класа. Памятаю такі цікавы момант: у ксяндза была такая “традыцыя” — пасля ўрачыстасці пытацца ў дзяцей, хто пойдзе ў ксяндзы ці сёстры законныя. У нас ён таксама спытаў. З хлопцаў хтосьці руку падняў, а з дзяўчат ніхто. І я думаю: «Бедны, гэта яму ж так няёмка зараз, ніхто ж не падымае рукі!». І я, каб яму не было так няёмка, падняла руку (смяецца). Пазней я гэты момант ўспамінала, калі была ў законе ў сясцёр.

Пасля прыняцця Камуніі не было ні цікавасці, ні прагнення хадзіць у касцёл. Я не разумела, нашто мне гэта? Бабуля проста брала мяне за «штрыфель» і цягала. Давала нейкія грошы. А пасля Імшы мы ішлі ў кіёск (тады адчыніўся) першы камерцыйны, там былі жвачкі „Love is“ і куплялі іх. Гэта было здорава (смяецца).

А далей, на самай справе, склаліся неверагодна абставіны, сустрэліся невыпадковыя людзі… Да нас прыйшла працаваць катэхеткай Марына Емельяновіч, яна і да гэтага часу служыць катэхеткай. Гэта той чалавек, які цалкам аддаваў сабе працы. Я на той час ужо паступіла ў мастацкае вучылішча ў п.г.т. Мір (зараз Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесіянальна-тэхнічны каледж – заўв. аўтара), мне было 16 гадоў. Марына здолела мяне зацікавіць. Яна ўсіх нас сабрала ў адзін кагал. Мы да яе прыходзілі, ужо будучы студэнтамі. У Вялікі пост для таго, каб моладзь не хадзіла на дыскатэкі, яна ладзіла цікавыя сустрэчы на плябаніі: мы не ішлі ў клуб, а ішлі туды.

Потым у мяне быў складаны перыяд у адносінах з сабой. Усе творчыя людзі з’язджаюць з глузду па-свойму. Мастацкі каледж, шмат маладых творчых людзей... Блакітныя валасы, кеды, «цяльняшкі», татуіроўкі і г.д. Гэта была грамада падлеткаў, што вырваліся на волю і сталі жыць самастойна ў інтэрнаце. Своеасаблівы «жах». У той час я паспрабавала амаль усё. Трапіла ў кампанію, якая займалася спірытызмам. Перастала ўвогуле хадзіць у касцёл, пачала жыць зусім іншымі перакананнямі, ідэямі. І тут вялізарную роль адыграла Марына. Зараз я нават не ўспомню, чаму яна пачала мяне шукаць, але яна папросту выцягнула мяне з гэтага ўсяго... у той час мне трэба было шукаць месца для выязной практыкі, і яны з ксяндзом Мар’янам узялі мяне на практыку ў касцёл.

— А Марына ведала чым ты захапілася?

— Так. Яна цярпліва са мной размаўляла. Я яе пераконвала, што яна зусім нічога не разумее ў жыцці. Гэта быў «цяжкі выпадак» (усміхаецца). А яна цярпліва мяне выслухоўвала. Пры тым, што я ёй была зусім «ніхто».

У той час у налібоцкім касцёле рабілі галоўны алтар. Быў патрэбны чалавек, які будзе займацца пазалотай. Так я трапіла на практыку: працавала з пазалотай на алтары. Незаўважна для сябе, я там «абжылася». Зараз, калі я заходжу ў касцёл, то бачу на алтары, на самым-самым версе, Сэрца Езуса ў цярновай кароне ў полымях агню і ведаю — гэта мая праца, я яго залаціла. Разумею, на той час мне было ўсё роўна, што залаціць, а ўсё ж — гэта былі тыя маленькія моманты, якія ў выніку перайначылі мяне.

Менавіта тады здарылася так, што ксёндз выехаў у Польшчу на аперацыю. А я час ад часу затрымлівалася дапазна. На плябаніі быў пакой, у якім я магла пераначаваць. Аднойчы я ізноў позна засядзелася і засталася пераначаваць. Здарылася так, што гэтай ноччу на дом напалі рабаўнікі, а я там адна... Прачнулася ад таго, што нада мной стаяў мужчына ў масцы і з нажом. Было лета і я, каб выратавацца, у адной піжаме выскачыла ў адчыненае акно. З вышыні трэцяга паверха… Трапіла ў шпіталь з ЧМТ, пераломам трох шыйных пазванкоў (гэта адкрыецца пазней) і расколінай паяснічнага аддзела. Вось тут, хіба, і пачаўся той шлях, пра які я зусім не думала. Ува мне пачало штосьці нараджацца. У той перыяд я шмат часу праводзіла ў шпіталях. І рэальна бліжэйшымі за іншых сталі людзі, якія былі мне зусім чужымі. Чужымі, але такімі неабходнымі. Яны давалі тое, што многія родныя не маглі б даць. Мяне атачала шмат духоўных асобаў: ксяндзы, Марына.

У 19 гадоў я паехала ў манастыр у Польшчу, і праз некаторы час у мяне пачаліся галаўныя болі. Яны былі настолькі моцнымі, што я часам страчвала прытомнасць. Вярнуўшыся дадому, я зрабіла МРТ. Выявілі кісту ў левай вісочная воблаці і сказалі, што гэта вельмі сур’ёзна – патрэбна складаная аперацыя, таму што ў лепшым выпадку папросту застануся нерухомай, так казалі ўрачы. Тады ксёндз Мар’ян падключыў усе сувязі, шукалі спецыялістаў і ў Польшчы. Падчас абследаванняў выявілася, што пасля траўмы з трох шыйных пазванкоў у мяне ўтварыўся адзін. Яны як бы змяшаліся. Лекары здзіўляліся, як я ўвогуле магу функцыянаваць. Казалі: «Пад Богам ходзіш». Нарэшце я трапіла на кансультацыю да аднога старэнькага прафесара. Ён пераглядзеў усе мае паперкі і сказаў: «Не шукай сабе праблем. Так, у цябе гэта паталогія ёсць, але не давай сябе аперыраваць. Нашто тваім бацькам, каб ты засталася нерухомай? Гэта ў любым выпадку абуза. А ты ж маладая, можаш і 20 гадоў ляжаць». Я спытала: «А што мне рабіць?» Ён адказаў: «Цярпець. Цярпець гэты боль, колькі ёсць. Будзеш піць абязбольваючыя. А ўвогле цуды яшчэ ніхто не адмяняў».

Я жыла з гэтым каля 5 гадоў. Раз у год, прынцыпова перад Божым Нараджэннем, я рабіла МРТ галавы. Не магу сказаць, што я прасіла ў Бога, каб ацаліў мяне, але была ўпэўнена, што ўсё будзе добра. І аднойчы, напярэдадні Калядаў, падчас чарговага МРТ (усміхаецца), выявілася, што ў мяне нічога няма! Яшчэ раз зрабілі. Нічога! Кажу: «Ну і добра, пайду я дахаты». Я ведаю, што шмат людзей, у тым ліку кансэкраваных асобаў, маліліся ў той час за мяне.

— Як у тваім жыцці з’явіўся скаўтынг?

— Як і ўсё ў маім жыцці: «Оп!». А потым пачынаем разбірацца (смяецца). Да скаўцкага руху я далучылася адразу, як толькі ён з’явіўся ў нашай парафіі. Старшай дачцы Ілоне было год 12-13. Прыйшлі скаўты, рэкламавалі сябе. І трэба было такому здарыцца, што мы былі на гэтай Імшы разам. Малодшай, Ульяне, на той момант было прыкладна каля года. Стаю сабе, думаю: «Трэба Ілону запісаць, каб па вуліцах не бадзялася. Тут павінна быць цікава». Скончылася Імша, кажу: «Гэта ж так цікава, праўда?» А яна мне: «Не. Неяк дзіўна». Стаім, размаўляем, я разумею, што нічога не атрымліваецца. І тут да нас падыходзіць ксёндз Уладзімір і кажа: «Ну што, Ілонка, ідзём у скаўтынг!» Ілонка: «Не, не!» «Як не? — кажа ксёндз, — мама ідзе ў скаўты, будзе шэфам Божых каровак. А ты не?» Я ў абсалютным здзіўленні! Стаю, сама сабе думаю: «Гэта зусім не наша тэма». Але сказаць «не» не магу, бо побач Ілона. Мяркую: «Некалькі разоў прыйду, а потым скажу, што не атрымліваецца, бо дзіця яшчэ малое».

На дадзены момант я дружыновая скаўтак! У Божых каровак я была дапаможным шэфам тры гады. І вось ужо другі год як дружыновая 2-й Мiнскай дружыны святой Барбары.

— Што для цябе скаўтынг?

— Лад жыцця. Той, якога я спачатку баялася.

У скаўтынгу неверагодная педагогіка. І не толькі для дзяцей і моладзі. Яна для ўсіх, хто туды прыходзіць. Я прыйшла, калі мне было каля 30-ці гадоў. Зараз іду да «фіяту». Гэта канчатковае «так» Богу. У скаўтынгу існуе некалькі этапаў развіцця. «Фіят» — гэта апошні. У гэты час неверагодныя рэчы адбываюцца ўва мне і са мной. Па педагогіцы я павінна мець сталага спаведніка. І я спавядаюся пастаянна, чаго раней не было (хачу — іду, хачу — не іду). Зараз у мяне стабільна раз у месяц — споведзь. Калі ёсць патрэба часцей, таксама, калі ласка. Богу ўдзячная за тое, што мой сталы спаведнік, мой дарагі ксёндз Алег. Яшчэ павінен быць духоўны кіраўнік. У мяне гэта ксёндз Уладзімір. І я яго чакала. Калі я першы раз падышла да яго с просьбай аб духоўным кіраўніцтве, ён адмовіўся, бо быў занадта малады. Па фармацыі хрыстусоўцаў, ён для гэтага павінен мець 5 гадоў святарства. На той момант пяці гадоў яшчэ не было. Але я дачакалася (усміхаецца).

Для мяне ксёндз Уладзімір — гэта чалавек, які шмат патрабуе ад іншых, але ад сябе яшчэ больш. Які сказаў — зрабіў. Які шмат над сабой працуе. А вось мне гэтага не хапае. Я да сябе вельмі лаяльна стаўлюся. Я ішла да яго на першыя сустрэчы і ў мяне трэсліся ногі і рукі. Я нават баялася распавядаць яму пра некаторыя моманты. Ксёндз Уладзімір ніколі не крычыць, ніколі не сварыцца. Ён можа ўсё сказаць позіркам. Але ён мае столькі любові! Ён для мяне — прыклад сапраўднага хрысціяніна ў духоўным развіцці. Чалавек, які любіць Хрыста, які максімальна набліжаны да наследавання Хрыста. Абодвух нашых ксяндзоў вельмі люблю. Яны вельмі многа значаць у маім жыцці.

— Чаму ты раіш аддаваць дзяцей у скаўтынг?

— Па-першае, само знаходжанне на прыродзе супакойвае. Я заўважыла гэта па сваёй Ілоне. У гэтай жыццёвай мітусні — урокі, школа, сацыяльныя сеткі — дзеці часта бываюць раздражнёнымі. А калі яны выязджаюць у лес на летнік ці на асеннік, то вяртаюцца зусім іншымі. І я разумею, што ў іх, у першую чаргу, псіхіка супакойваецца. Яны вяртаюцца спакойнымі, адэкватнымі, не крычаць, не абураюцца.

Па-другое, у нас рэальна крутыя шэфы! Гэта вялікае Божае благаслаўленне! Яны ўсіх сябе аддаюць дзецям і на самай справе ім ёсць чым дзяліцца. Яны ахвяруюць свой час (які маглі б правесці са сваімі сем’ямі), каб служыць іншым.

Па-трэцяе, дысцыпліна, павага, любоў і разуменне. Гэта такая гульня з вызначанымі правіламі, якія ў прынцыпе пасуюць усім дзецям. Калі яны прызвычайваюцца да гэтага, то самі не заўважаюць, як пачынаюць рабіць справы, пра якія казалі, што гэта «абы-што, глупства».

Па-сутнасці, мы ў скаўтынгу дапамагаем бацькам выхоўваць дзяцей. Не ва ўсіх сем’ях ёсць выхаваўчыя прынцыпы. У многіх сем’ях, на жаль, так: каб дзіця не перашкаджала, даюць тэлефон, планшэт — «толькі адыдзі і не чапай мяне». Хоць суткі там сядзі, а што ты там робіш, што ты там глядзіш, чым ты жывеш — не турбуе. Тут дзеці вучацца слухаць, бачыць адно аднаго, дапамагаць, заўважаць патрэбы іншага чалавека.

Напрыклад, у гэтым годзе я паехала з дзяўчатамі на летнік у лес. Перад выездам прыйшлі на Імшу ў капліцу. Многім дзяўчатам ужо каля 17-ці гадоў... Яны з такім манікюрам (усміхаецца) едуць на летнік, што думаю: «Што яны там будуць рабіць?». Знешне многія такія пафасныя, «усе з сябе». Прыязджаем у лес, думаю: «Ну, зараз усе мае нервы згараць, прыйдзецца на іх сварыцца, бо не будуць нічога рабіць». А яны прыяжджаюць у лес і, як па пстрычцы, змяняюцца. Усё гэта напускное засталося ў Мінску. Яны цягаюць бярвенні, раскладваюць агонь, гатуюць ежу. Вы б бачылі іх, калі яны купаліся ў рэчцы! Не мела значэння які купальнік, ці гэта ўвогуле шорты з майкай, — кулём, з гоманам і радасцю, — у раку!

— Кім і дзе ты зараз працуеш?

— Працую катэхеткай у Новай Баравой. Гэта вельмі вялікі падарунак для мяне. Я змяніла не адну працу. І паўсюль разумела, што не атрымліваю задавальнення, што проста зарабляю грошы. А цяпер кажу ўсім, што я самы шчаслівы чалавек. Таму што, калі я іду на працу, не мае значэння нават хворая я ці змучаная, я туды “лячу”. Я бачу сэнс сваёй працы: разумею, што я раблю, для чаго я гэта раблю і я бачу плён. Я вельмі палюбіла дзетак, што прыходзяць на катэхезу, і іх бацькоў.

— Самы цёплы ўспамін з дзяцінства?

— Гэта мой дзядуля. Бацька таты, дзед Валент — Валянцін. У нядзелю, нягледзячы ні на што, ён апранаў свае прыгожыя боты, штаны, белую кашулю, камізэльку, пінжак і кепку. Сядаў на ровар. Адну калашыну заўсёды зашпільваў прышчэпкай. І ехаў у касцёл. І ў якім узросце я б не была, чым бы на той момант не займалася ў касцёле, я ведала, што там, недзе каля дзвярэй, ёсць ён. Сядзіць і глядзіць на мяне. І, калі скончвалася Імша, усе людзі выходзілі і ён таксама мог выйсці, але стаяў і чакаў мяне. А я выйду, пацалую яго ў лысіну, а ён штосьці прабурчыць у адказ, хаваючы за гэтым сваю чуллівасць.

— Ты жыла ў манастыры і хацела стаць сястрой законнай, але не стала. Чаму сышла?

— Часцей за ўсё людзі, калі пакідаюць манастыр, ведаюць, што па нейкіх прычынах не падыходзяць для кансэкраванага жыцця, ці ім кажуць: «Прабач, але ты не наш чалавек…». Я прабыла ў манастыры 2 гады і сышла сама. Я не ведала, чаму я так зрабіла, плакала. Гэта была «Супольнасць сясцёр альбертынак, служачых убогім» у Кракаве. Я адчувала сябе там на сваім месцы, разумела да сваёй апошняй клетачкі, што гэта маё. Але настаў момант, калі прыйшло пачуццё: «Я павінна сысці». Калі адбылася размова з генеральнай сястрой і яна спытала пра прычыну, я так і адказала: «Не ведаю». Сядзела і плакала наўзрыд. «Можа, ты стамілася? Адправіць цябе дадому, каб адпачыла?» – спыталі мяне. У кляштары былі раннія пад’ёмы, маўчанне, малітва, шмат цяжкай працы з абяздоленымі людзьмі. Гэта досыць закрыты ордэн, са сваёй спецыфікай. Я ізноў: «Не, я проста павінна адысці». Я плакала ўвесь час, пакуль вярталася ў Беларусь. Разумела, што мяне там ужо няма, але здавалася — маё сэрца засталося там.

Я прыехала ў Налібокі і пайшла працаваць у касцёл. Ні да чаго больш не было жадання. Там я заставалася 2 гады. А потым зразумела, што прыйшоў час рухацца далей. Знаёмыя прапанавалі працу ў Дзяржынску, я згадзілася. Там у калектыве пачалі запрашаць на розныя мерапрыемствы. Я адчула, што, мабыць, прыйшоў той час (а было мне 25 гадоў), калі хочацца аб кімсьці клапаціцца і каб пра цябе хтосьці клапаціўся. Я перастала адштурхоўваць ад сябе маладых людзей. Але ўсё штосьці было не тое. А потым я сустрэла свайго будучага мужа і ўжо праз месяц мы ажаніліся.

Зараз я ўжо разумею, што была патрэбна Ілоне, мужу. Што праз мяне яны знаходзяць свой шлях… Па прагнозах лекараў нашай малодшай дачкі, Ульяны, увогуле не павінна было быць. А яна ёсць. І яна аб’ядноўвае нас усіх.

— У тваіх сацсетках ёсць такая фраза «Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома». Што гэта для цябе значыць?

— Гэта калі муж вяртаецца дахаты з задавальненнем. Калі ён замест сяброў выбірае дом. Калі ў нядзелю пасля працы вяртаюся дадому, а там, па традыцыі, прыгатаваная мужам па яго асабліваму рэцэпту курачка з бульбай, а на дэсерт — марожанае. І мы ўсёй сям’ёй абедаем і кладземся сытыя і задаволеныя на канапу (усміхаецца).

— Кніга, якая спадабалася, пакінула глыбокія ўражанні?

— Біяграфія Яна Паўла II. Яе аўтар — яго прыватны фатограф Гжэгаж Галонзка.

— Што цябе ўразіла ў кнізе?

— Што Папа вельмі просты, свой. А яшчэ ў гэтым ёсць нейкі знак, таму што калі ён паміраў, я была ў Кракаве. Я чула гул сірэн ва ўсім горадзе, адчула ўсю жалобу, увесь смутак людзей. Для мяне гэта быў вялікі знак. Ксёндз Уладзімір навучыў мяне маліцца навэннай да св. Яна Паўла II. І праз гэтую малітву я адчула вялікую Божую міласэрнасць да сябе і сваёй сям’і.

— Вера — гэта…

— Любоў.

— Любоў — гэта…

— Усмешка.

— Шчасце — гэта…

— Супакой.

— Што б ты сама хацела сказаць?

— Хіба тое, што часта ў жыцці мы нешта прымаем, як быццам «так і павінна быць». Але ў маім жыцці гэта не так, я выразна бачу план Бога. Я навучылася цаніць людзей, якія ёсць вакол мяне. Бываюць розныя перыяды ў жыцці. Кожны чалавек прыходзіць у маё жыцце не проста так, а прыносіць неверагодныя рэчы, нейкі ўнёсак у маё развіцце. Трэба цаніць людзей, якія побач.

Мая праца. Каледж.
Мая праца. Каледж.

Цікавы факт:

Дзякуючы катэхетычнаму каледжу, я навучылася іграць на гітары. Аднойчы вечарам я пачула песню, ад якой у мяне ўнутры ўсё перавярнулася. І я падумала, што павінна навучыцца яе іграць, хоць на той момант я нават гітару ў руках ні разу не трымала. Узяла ў дзяўчыны ноты-акорды, паехала ў Мір, у інтэрнат. Знайшла там хлопцаў, якія ўмелі іграць на гітары, паказала ім акорды і папрасіла навучыць. Так за адзін вечар вывучылася іграць гэту песню. І да гэтага часу я іграю на гітары толькі ў касцёле, толькі для Касцёла, для Бога.

Размаўляла Ірына Шаўструк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.