Хутка мінулі святы. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна нашыя сем'і збіраліся за вігілійным сталом. Ці стаяў на ім агонь з Бэтлеему? Многія з тых, хто спрычыніўся да справы распаўсюджвання Бэтлеемскага агню, згадзіліся б з думкай, што яго важнасць у поўнай меры ўсведамляецца тады, калі ў сваіх руках нясеш гэты агонь да людзей з розных парафій, з розных мясцінаў, калі тлумачыш ім сэнс гэтага сімвала хрысціянскай еднасці і салідарнасці і сам пачынаеш яго дакладна разумець – і тады ўжо немагчыма не прынесці яго ў свой дом, у сваю сям’ю.

Таму запрашаем адправіцца ў падарожжа па адзінаццаці беларускіх парафіях з камандай маладых правадніц і разам з дзяўчатамі нанова перажыць прыгоду распаўсюджвання Бэтлеемскага агню...

Халоднай раніцай 19 снежня адна са шматлікіх скаўцкіх камандаў з нашай парафіі, адказных за распаўсюджванне Бэтлеемскага агню, атрымаўшы благаслаўленне душпастыраў, вырушыла ў шлях. Наперадзе было амаль 550 кіламетраў, 9 населеных пунктаў і 11 парафій, дзе вернікі чакалі Бэтлеемскага святла.

Каманда складалася з шасці маладых правадніц на чале з Насцяй Вайткевіч, якая ўжо займалася арганізацыяй гэтай справы, яшчэ будучы кап’явой у звязе, але ў гэтым годзе “загарэлася” распрацаваць падобны маршрут для маладой каманды.

      

Аднак дзяўчатам цяжкавата было б даставіць агонь без машыны і кіроўцы. Тут іх выручыў старэйшы брат нашай кіраўніцы – Антон Вайткевіч. Дарэчы, ён ужо трэці год удзельнічае такім чынам у акцыі распаўсюджвання Бэтлеемскага святла. Калі мы спыталі, чаму ён гэта робіць (акрамя, канешне ж, просьбы сястры), Антон з усмешкай адказвае: “Прыемна бачыць, як людзі чакаюць Бэтлеемскі агонь, ведаць што для іх гэта не проста запаленая свечка, а сімвал Хрыста. Ну і, канешне, гэта цікавая прыгода, падчас якой можна трапіць у шмат вясёлых (і не вельмі) сітуацый”.

Такім чынам распачалося падарожжа, і ўдзельніцы каманды з нецярплівасцю чакалі першага пункту маршрута, якім павінна была стаць парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Краснае.

У Краснае дзяўчаты трапілі акурат на канец раратняй святой Імшы і пасля Камуніі ўрачыста ўнеслі Бэтлеемскі агонь у святыню. Чаму яны так дрыжэлі пры гэтым – ад таго, што ў мураваным касцёле было вельмі зімна, ці ўсё ж такі ад хвалявання, бо гэта першая парфія ў гэтым годзе, якая атрымала агонь менавіта з іх рук – яны і самі цяпер не скажуць, але пасля паспяхова выкананай місіі правадніцы вырушылі далей з яшчэ большым натхненнем.

Наступны пункт маршруту – дзве парафіі ў Маладзечна. У абедзьвух прыйшлося крыху пачакаць святароў, але ў маршруце былі прадугледжаныя затрымкі, таму скаўткі не перажывалі, што могуць спазніцца. У парафіі святога Юзафа людзі збіраліся на раратнюю Імшу, і некаторыя, заўважаючы скаўтак, пыталіся зацікаўлена: “А вы з агеньчыкам?”. “А мы з агеньчыкам”, – усміхаліся дзяўчаты, дэманструючы лямпу са святлом з Бэтлеема. На пачатку раратняй Імшы пробашч парафіі падчас урачыстага прывітання падзяліўся ўспамінамі пра тое, як Бэтлеемскі агонь упершыню трапіў на беларускую зямлю і падзякаваў прадстаўнікам скаўцкага руху і ўсім, хто садзейнічае распаўсюджванню гэтага сімвала хрысціянскай еднасці.

 

Далейшы шлях Бэтлеемскага агню ляжаў праз парафію Насвяцейшай Тройцы ў вёсцы Войстам, пазней у накірунку Смаргоні, дзе яго чакалі вернікі ў дзьвюх святынях: у гэтым годзе скаўтак радасна віталі не толькі ў парафіі святога арханёла Міхала, але і ў маладой парафіі святога Яна Паўла ІІ, куды агонь завітаў упершыню. У апошняй правадніц чакаў смачны пачастунак, які падрыхтавалі парафіяне, а таксама цікавая размова з ксяндзом пробашчам Яўгенам Учкуронісам:

“Агонь – гэта толькі сімвал, але я сур’ёзна адношуся да таго сэнсу, які ў гэты сімвал закладзены, бо праз гэтае святло, якое распаўсюджваецца з месца нараджэння Езуса, мы маем магчымасць сведчыць пра яднанне ўсіх хрысціянаў, не толькі католікаў. Дзякуючы гэтаму сімвалу, мы памятаем, што Хрыстос злучае нас усіх у адно, каб несці мір і згоду ў гэты свет. І таму вельмі радуюся, што агонь упершыню “наведвае” нашу парафію”.

Падчас унясення агню ў капліцу, вернікі спявалі словы “Блізка ёсць Пан – чакай Яго, блізка ёсць Пан – жыцця святло”, перадаючы адно аднаму язычкі полымя і ствараючы тую самую атмасферу еднасці, пра якую раней казаў іх пробашч.

 

Па дарозе да наступнага пункту маршрута дзяўчаты не маглі адарвацца ад вокнаў машыны: настолькі ўразіла халодная прыгажосць зімовай прыроды і бясконцага прастору застылага возера Свір. Таму не былі б яны скаўткамі, калі б пасля ўнясення Бэтлеемскага полымя ў парафію святога Мікалая у мястэчку Свір (якому і дало назву вышэйузгаданае возера), не пабеглі катацца на лёдзе.

Пасля перадачы агню ў Мядзел каманда рушыла далей, да вельмі важнага пункту іх падарожжа, а менавіта – у Будслаў. У гэтым годзе з-за пандэміі было адменена шмат мерапрыемстваў, у тым ліку пілігрымак, таму многія са скаўтак, апынуўшыся ў Будславе ўпершыню за год, адчулі асаблівую любоў да апякункі Беларусі, якая так, як і заўсёды, пазірала з невымоўнай пяшчотай са свайго абраза. Пасля запалення лампады кусташ санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік запрасіў скаўтак у майстэрню, дзе самастойна займаецца вырабам пасхалаў, і цікава распавёў пра дэталі гэтага працэсу.

      

У перадапошнім пункце маршрута – вёсцы Параф’янава, перад тым, як унесці Бэтлеемскі агонь у святыню, дзяўчаты вырашылі зрабіць супольны здымак і запалілі для гэтага некалькі лампадаў, і літаральна праз нейкі момант пачаў згасаць агонь у той лямпе, у якой ён падарожнічаў увесь гэты час. Нязначнае на першы погляд здарэнне, але агеньчыкі Бэтлеемскага полымя, якія цяпер трымала ў руках кожная са скаўтак, надзялялі адказнасцю і яшчэ больш ядналі каманду.

Завершылася падарожжа Бэтлеемскага агню ў вёсцы Нарач, у парафіі святога Андрэя, дзе маладыя правадніцы ўдзельнічалі ў раратняй Імшы, а потым завіталі да сваякоў Насці і Антона на вячэру, пасля чаго вырушылі дадому.

Гэта гісторыя толькі адной са скаўцкіх камандаў, адказных за распаўсюджванне Бэтлеемскага святла па Беларусі, а колькі ўсяго іх было! У гэтым годзе маршрут падарожжа агню склаў больш за восем тысяч кіламетраў па ўсёй краіне, было наведана больш за 130 парафій. Такім чынам, нягледзячы нават на складаныя эпідэміялагічныя абставіны, вернікі атрымалі магчымасць з’яднацца між сабой праз святло Бэтлеемскага агню.

    

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.