10 снежня моладзь ДМХ «Адзіныя сэрцам» разам са сваімі душпастырамі зладзілі вечарыну, прысвечаную беларускай паэзіі.

Цёплыя ўсмешкі блізкіх людзей і мілагучная родная мова сагравалі моладзь у халодны снежаньскі чацвер. Адвэнт — гэта ідэальны момант для духоўнага ўзрастання і ўзбагачэння. А што можа кранаць і ўзрушаць душы, як не літаратура?

Ідэя правесці моладзевы вечар, прысвечаны роднай літаратуры, з’явілася даўно. Але яна ўсё чакала адпаведнага часу. І ён настаў.

Прыбраная зала, святло ад жывога агню разам з гукамі гітары стваралі вельмі ўтульную атмасферу, а вершы падымалі настрой.

Гучалі вершы такіх вядомых класікаў, ці інакш кажучы, волатаў беларускай літаратуры як Янка Купала і Якуб Колас. Сабраныя прызнаваліся ў любові да сваёй старонкі праз вершы Алеся Ставера, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Карызны.

Не прайшла міма нас і інтымная лірыка. Знакамітая «Зорка Венера» Максіма Багдановіча «ўзышла» падчас вечарыны. Тэма любові была закранута ў вершах Яўгеніі Янішчыц „Odi et amo“, «Ты пакліч мяне» , Змітрака Бядулі «Дазволь».

Таксама слухачы разважалі над тым, што такое шчасце ў аднайменных вершах Казіміра Сваяка і Максіма Танка.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі ўспомнілі і радкі з вершаў сучасных паэтаў. Так, ксёндз Уладзімір чытаў вершы «Прарочае», «Хай зброяй стане праўда і сумленне» Аксаны Ючкавіч, нашай парафіянкі.

Нельга не адзначыць тое, што шмат вершаў беларускіх паэтаў было пакладзена на музыку. Гэта і «Дзе мой край?» Уладзіміра Караткевіча, «Зорка дзіва» Уладзіміра Някляева, якія душэўна сыграў наш маэстра, ксёндз Алег. «Белая яблыня грому» Рыгора Барадуліна ў выкананні Валерыі прывабіла сваёй простай прыгажосцю. А пад «Дачакайся матуля» нават некаторыя пусцілі слязу.

Больш таго, удзельнікі падзяліліся сваёй гісторыяй выбару верша для вечарыны. Кагосьці на выбар натхнілі ўспаміны з дзяцінства, іншыя ўбачылі верш выпадкова ў сацсетках. Аднак, было тое, что аб’ядноўвала ўдзельнікаў: шчырасць у іх выкананні.

Вечар паэзіі скончыўся і пакінуў пасля сябе шэраг прыемных думак і пачуццяў. Удзельнікі паэтычнай сустрэчы зразумелі: гэта толькі пачатак. А душа патрабуе працягу!

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.