Кожны вернік з радасцю і надзеяй чакае свята Змёртвыхпаўстання Збаўцы, рупліва рыхтуе сваё сэрца падчас Вялікага посту, яднаецца з Богам і бліжнімі, каб потым на заклік «Хрыстос уваскрос!» з радасцю адказаць — «Сапраўды ўваскрос!». Падчас непасрэднай падрыхтоўкі да Пасхі ў вернікаў часта ўзнікаюць розныя перадсвяточныя звычаі, якія з’яўляюцца добрай магчымасцю правесці час разам са сваімі блізкімі, таму мы вырашылі задаць некалькі пытанняў некаторым сем’ям нашай парафіі пра тое, якія традыцыі яны маюць у падрыхтоўцы да свята Пасхі.
Спачатку мы ідзем да сям’і Шарко і просім падзяліцца, як яны рыхтуюцца да Вялікадня. Размаўляем з гаспадарамі — Надзеяй і Віталіем. Час ад часу да размовы далучаюцца дочкі Марыя і Сафія.
— Якія стравы звычайна гатуеце на Вялікдзень?
— З трыма дзецьмі ў кватэры не асабліва нагатуеш, — кажа Надзея. — Таму мы звычайна прыяжджаем у вёску, у Гродзенскую вобласць да бацькоў Віталя – там традыцыйныя каталікі, у іх заўсёды такія святы «пад кантролем».
— Галоўнае — гэта, вядома, фарбаваныя яйкі, — заўважае Віталь, — гэтым займаемся ўсёй сям'ёй. Таксама рыхтуем вараную каўбасу і куліч для асвячэння. Далей стравы да стала: хрэн, мясныя рулеты, селядзец і салата пад футрам, паляндвіца, рыбныя стравы, вараныя цэпеліны з мясам і, вядома, выпечка – макавыя рулеты і кулічы.
— Што ўвогуле ўключае ў сябе падрыхтоўка да Велікодных святаў?
— Самае галоўнае — стаць лепш ўнутрана, папрацаваць у перыяд посту духоўнымі практыкамі, паспавядацца, часцей наведваць службы ў храме, зрабіць нешта карыснае для іншых, асабліва тых, хто ў гэтым мае патрэбу, — лічыць Віталь.
— Ці ведаеце, адкуль пайшоў звычай фарбаваць яйкі на Велікодны стол?
— Я ведаю! Аднойчы святая Марыя Магдаліна прыйшла з пропаведдзю і да рымскага імператара Тыберыя, — адказвае на складанае пытанне Агата, старэйшая дачка. — Па старажытным звычаі імператару падносілі дары, і святая Марыя Магдаліна паднесла яйка са словамі: «Хрыстос уваскрос!». Імператар адказваў, што, як яйка белае, а не чырвонае, так і мёртвыя не ўваскрасаюць. У той жа момант яйка ў яго руцэ пачырванела. З таго часу і пайшла традыцыя фарбаваць яйкі на Вялікдзень.
— Як выглядае непасрэдная падрыхтоўка да свята?
— З раніцы фарбуем яйкі, — распавядае Сафія. — У гэтым удзельнічае ўся сям'я ад малодшых да дарослых. Потом рыхтуем ежу для асвячэння — яйкі, вараная каўбаса, куліч, соль. Маляўніча упрыгожыўшы кошык з ежай, ідзем у касцёл асвячаць. Вярнуўшыся дадому, рыхтуем розныя смачнасці на велікодны стол – ад мясных страў да выпечкі. Тата і дзядуля займаюцца падрыхтоўкай хрэна.
— Як вы святкавалі Вялікдзень ў дзяцінстве? — пытаемся мы ў бацькоў.
— Маё дзяцінства праходзіла на Гарадзеншчыне, таму каталіцкія традыцыі захаваліся нават у перыяд савецкай улады, — успамінае Віталь. — Мы ездзілі ў касцёл на Вялікдзень у Літву ў г. Шальчынінкай, гэта каля 20 км. Потым, вярнуўшыся дадому, маліся, садзіліся за велікодны стол. Пасля гэтага мы, дзеці, ішлі ў госці да суседзяў — спявалі ім велікодныя песні на польскай мове, хто не ўмеў — чытаў вершыкі. Дарослыя нам давалі падарункі — яйкі і цукеркі.
Прайшоўшы вуліцу, вярталіся з цэлым мехам яек. Далей пачыналася гульня. Ставілі на цэглу шыфер, унізе раскладвалі яйкі. Потым па чарзе, каталі па шыферы ўніз яйка. Мэта гульні — выбіць як мага больш яек. Выбіваў, забіраў яйка і ходзіш яшчэ раз. Прамахнуўся — ход пераходзіць да іншага. Збіраліся не толькі дзеці, дарослыя таксама далучаліся да гульні. Мой рэкорд быў 120 яек. Прынёс тады дадому, мама, праўда, была не вельмі задаволеная, бо не ведала што з імі рабіць (усміхаецца). Але было весела, і цяпер ёсць што ўспомніць.
— Ці знайшлі месца нейкія Пасхальныя традыцыі з вашага дзяцінства ў цяперашнім святкаванні?
— Калі прыязджаем у вёску, малодшыя дзеці з задавальненнем ідуць у госці да суседзяў, таксама спяваюць песні і чытаюць вершыкі (толькі ўжо на беларускай мове), таксама атрымліваюць падарункі, – распавядае бацька сям’і Шарко. – Толькі вось традыцыя катаць яйкі па шыферы і гуляць у гэтую гульню не захавалася, трэба, напэўна, адрадзіць.
— А сёлета абавязкова хочам схадзіць таксама ў госці за яйкамі і падарункамі. Песні мы ўжо падрыхтавалі, – кажа Марыя.
Працягваючы нашае цікавае даследванне, мы апыняемся ў Веранікі Косік і таксама пытаемся пра тое, як яе сям’я святкуе Пасху.
— Па-першае, усё пачынаецца з падрыхтоўкі да яе. Гэта абавязкова генеральная ўборка. Ніяк не абысціся, мне здаецца, без гатоўкі. Таксама мы імкнемся купіць розныя падарункі для родных. Пасху амаль заўсёды мы адзначаем у вёсцы. Дзядуля заўсёды рады нас бачыць.
— Без чаго ты не ўяўляеш пасхальны стол?
— О, гэта вельмі цяжкое пытанне. Мне ўвогуле здаецца, што запамінаць розныя рэчы я пачала толькі ў гэтым годзе, — смяецца Вераніка. Насамрэч, мая маці кожны год імкнецца прыгатаваць нешта новае.
— А вось кулічы «частыя госцейкі» на вашым стале?
— Так, я нават памятаю, як у дзядулі (тады яшчэ была жывая мая прабабуля) мы выпякалі куліч у печцы, уяўляеце?! Гэта было класна!
— Якія яшчэ традыцыі былі або ёсць ў вашым святкаванні?
— Мы хадзілі па жаках! (Адна з традыцый Пасхі, звязаная з прысмакамі. Дзеці ходзяць па дамах, там яны спяваюць або расказваюць верш гаспадарам, праслаўляючы Хрыста, і за гэта гаспадары даюць ім звычайна яйкі, куліч або цукеркі. – прым. рэд.)
Памятаю, мы нават пераязджалі з вёскі ў іншую вёску да родных (яны ўсе жывуць побач з Івянцом). І так у кожный вёсцы хадзілі па жаках і набіралі гіганцкія пакеты прысмакаў.
Давалі хто што: пончыкі, цукеркі, яйкі… А яйкі заўсёды звязаны з гульнёй «біткі». Кожны год мы вырашаем, хто пераможа. А затым, хто ўсё ж такі будзе есці гэтае разбітае яйка. І рабіць гэта звычайна не вельмі хочацца, а вось узяць новае, каб працягваць гуляць, - самае то… (смяецца)
— Цікавая традыцыя!
— Гэта сапраўды файна! Мой дзядуля заўсёды падрыхтоўвае розныя прысмакі, каб сустрэць жакаў. Дык вось, памятаю, як мы аднойчы сядзелі і да нас прыйшлі дзеці. Ну і мы вырашылі даць ім чупа-чупсы (звычайна гэта вафелькі або цукеркі). І вось яны выходзяць, і я чую: «Вы бачылі, што нам далі?! Чупа-чупсы! Трэба запомніць гэтую хату». Было вельмі смешна!
— Адчуваеш нейкія адрозненні ў перажыванні Пасхі зараз ад дзяцінства?
— Канешне. Мне здаецца, што я пачала перажываць Пасху глыбей. Я зусім па-іншаму зараз разумею сэнс гэтага свята. Я адчуваю, што, на самай справе, Пан уваскрасае ў нашай душы. Пасля паста перажыванне Трыдума праходзіць больш глыбока. І таксама адчуваеш , як ты напаўнялася Святым Духам.
Таксама мы завіталі да сям’і Манчынскіх, каб даведацца пра іх Велікодныя традыцыі. Нас гасцінна сустракае спадарыня Алена і Маша, яе старэйшая дачка.
— Як вы святкавалі Пасху ў дзяцінстве?
— Я пачну з таго, што гэтае свята вельмі любіла мая маці. Яна верыла ў Бога, але не была практыкуючай хрысціянкай. Пасха была адзіным святам, да якога яна вельмі старанна рыхтавалася. Пасха ў дзяцінстве для мяне - гэта вельмі смачны стол, шмат розных прысмакаў, якія рэдка бываць у звычайныя дні, і, канешне, госці.
— Ці адрозніваецца святкаванне Пасхі зараз ад дзяцінства?
— Зараз Пасха стала больш духоўным святам. Мы ідзем да касцёла падчас Трыдума, каб плённа падрыхтавацца да доўгачаканай нядзелі. Уваскрасенне Езуса – гэта, нарэшце, зараз той момант, які і стварае Пасху.
— Добра, зараз вернемся да падрыхтоўкі. З чаго яна складаецца? Вы неяк дзеліце абавязкі?
— Чацвер-пятніца — гэта ўборка, гатоўка, булкі. Апошнія пару гадоў гэта барашкі. Абавязкова размалёўваем яйкі.
— Мама гатуе, а мы прыбіраем кватэру, – далучаецца да размовы Маша.
— Сапраўды, дзецям дастаецца праца, якая не патрабуе асаблівых здольнасцяў. А што гэта можа быць? Уборка, — дадае Алена.
— Паведаміце нам больш пра гісторыю Пасхальнага барашка. Ці гатуеце вы яго і для сябе? — пытаемся мы ў Алены, бо яна каторы ўжо год далучаецца да гатавання гэтай смачнай стравы для Велікоднага кірмашу.
— Канешне, я абавязкова выпякаю яго і для сябе. Мабыць, ад маці да мяне перайшло тое, што я заўсёды гатую шмат, каб было і на заўтра, і паслязаўтра і гэтак далей (смяецца).
— І пах барашка ў нашай кватэры застаецца яшчэ на тыдні так два, — дадае Маша.
— А ідэя ўзнікла пры падрыхтоўцы да Першага Велікоднага кірмашу, — працягвае Алена, — гэта не толькі штосьці новае і цікавае, але і нясе ў сабе глыбокую сімволіку свята.
— А вы выпякаеце зараз менавіта кулічы?
— Да таго, як з'явіліся барашкі, выпякала. У апошні час мяне пачалі пераконваць, што гэта вельмі доўга. Але для мяне Пасха — гэта свята з сваім кулічом. Канешне, можна купіць у магазіне і смачны, і прыгожы. Але свой — гэта свой.
— Топ-3 стравы, якія вы звычайна гатуеце на пасхальны стол?
— Яйкі і соль, — жартуе Маша.
— На Пасху абавязкова ёсць адварное мяса, — дадае Алена. — Раней я не разумела, чаму яно павінна быць, а ў дзяцінстве ўвогуле не любіла. А потым зразумела, што для людзей, якія посцяць, доўга не ядуць мяса, адварное (або запечанае ў фальзе) — самы лепшы варыянт. А зараз я яго і сама палюбіла. І трэцяе, мабыць, запечанае курыца.
— Што пажадаеце нашым чытачам на гэты Вялікдзень?
— Ведаеце, можа, мне самой зараз не хапае таго часу, калі мы збіраліся разам з роднымі, і гэта было весела, цікава. Таму хачу пажадаць, каб у кожнага з нас гэта быў дзень з’яднання з блізкімі . Хаця бы гэты, калі няма больш магчымасцяў. Сям’я — самае каштоўнае. Яе трэба берагчы, холіць і лялеяць.
Каманда Jan.by віншуе вас з святам Пасхі! Няхай Уваскрослы Хрыстус паселіць у вашых сэрцах радасць і цеплыню, прынясе ў дом мір, дабрабыт і шчасце, падарыць здароўе і душэўны супакой. Хрыстос Уваскрос!