Сёння мы спяшаемся пазнаёміць вас, дарагія чытачы, з жыццём яшчэ адной нашай парафіянкі. Вашай увазе прадстаўляем партрэт пані Браніславы.

Апоўдні мы заходзім у пад'езд, дзе жыве сям’я Кавалёвых. Заўважыўшы святара ў сутане, суседзі адразу паведамляюць, у якой кватэры тут жыве пабожная жанчына. У пакоі кідаецца ў вочы шмат кветак і зеляніны. Гаспадыня любіць гэтым займацца. Муж пані Браніславы праваслаўны, таму нават праз шматлікія абразы ў кватэры бачна, як сустракаюцца заходняя і ўсходняя традыцыі.

За кубкам гарбаты і пачастункамі, прыгатаванымі рукамі сужонкаў, мы пачынаем нашу размову, прасякнутую ўспамінамі пра цяжкія пасляваенныя часы, часы далёкай маладосці і жыцця ў інтэрнаце, часы стварэння сям’і і будавання адносінаў. Словы гэтых людзей напоўнены жыццёвым вопытам. Яны дапамагаюць распазнаць, што азначае быць адказным за сужонка і дзяцей.

Пані Браніслава нарадзілася ў вёсцы Вялікія Навікі Стаўбцоўскага р-на ў 1942 г. Зараз жыве з мужам Іванам і сынам, дачка жыве асобна. У пані Браніславы дзве ўнучкі і адна праўнучка. Увогуле, у пані Браніславы вялікая сям’я. Некаторыя са сваякоў сёння жывуць за межамі Беларусі.

– Кім вы працавалі? – пытаемся мы.

– Працавала я з 14 гадоў, – пачынае аповед пані Браніслава. – На пачатку вучылася і працавала паштальёнам. Зіма, пурга, поўныя валенкі снегу… І так насіла торбу больш за 10 кг, часопісы розныя насіла і лісты. Летам на ровары дастаўляла. Потым у розных мясцінах краіны працавала ў паштовай галіне. З Дзяржынска пераехала ў Мінск у 1967 г. У 1969 годзе было вяселле, але шлюб з мужам мы бралі пазней, у катэдры.

У 1970 у нас нарадзілася дачка. Памятаю, як першы раз яе дадому прынеслі. Муж вельмі дапамагаў. Для мяне гэта быў цяжкі час. Мая мама Эмілія памерла на трэці дзень жыцця дачкі, я нават на пахаванні не была. Роды былі цяжкімі, дачушка нарадзілася і не заплакала. Стаялі ўрачы і не ведалі, што рабіць. Мне нічога не казалі, а я ўсё гэта бачыла. Але Бог дапамог. Адкуль ні вазьміся забягае ўрач-іншаземец. Нават да сённяшняга дня імя яго памятаю. Ён узяў дачку, пабяжаў у суседнюю палату, рабіў там штосьці. І я ўжо пачула плач. Шчасце ў мяне было.

Потым працавала на вадаканале. Мяне ўзнагародзілі званнем “Ветэран працы”. Калі 65 гадоў споўнілася, пайшла працаваць у гімназію вартаўніком. Працавала там з Ірынай Адамаўнай. Канчаткова на пенсію выйшла ў 75 гадоў. Усяго роўна 60 гадоў працоўнага стажу маю.

– Як вы пазнаёміліся з мужам?

– Пазнаёміліся ў трамваі, я на яго месца села, – смяецца пані Браніслава.

– Мы з кампаніяй ехалі, – уключаецца ў успаміны пан Іван. – У нас было правіла, што кожны раз выбіраецца адзін чалавек, які купляе талоны на ўсіх, выпала мая чарга, і пакуль я купіў талоны, гляджу – яна села на маё месца.

Пані Браніслава тлумачыць: “Я ўбачыла свайго знаёмага, які быў у гэтай кампаніі, падышла прывітацца і села побач з ім”.

– І вось вышлі мы на адным прыпынку. Ён жыў у авіяцыйным інтэрнаце, а я, як выявілася, праз дарогу ад яго жыла. Але дагэтуль мы ніколі не сустракаліся, – працягвае наша гераіня. – І вось сабралася кампанія: тры хлопцы, тры дзяўчыны. Мы гулялі і жартавалі. “Дажартаваліся”, – смяецца пан Іван сёння.

Потым абставіны склаліся так, што Іван заглянуў да мяне ў госці, а да мяне мама прыехала, грыбоў са смятанай прывезла і іншых смачнасцей, вось мы Івана накармілі, пасля гэтага стаў часта прыходзіць. Але аднойчы знаёмая мне прапанавала пайсці “даставаць” кофту (тады менавіта даставалі, бо набыць штосьці ў магазіне было вельмі складана – прым. рэд.), так я паехала ў магазін, а там чарга, вядома. Іван тым часам прыйшоў, чакаў мяне, а мяне не было. Тады, на наступны дзень, прышоў да мяне на працу, у яго быў водпуск. Прыйшоў ён з пашпартам. Кажа: “Глядзі, я не жанаты”. Прапанову рукі і сэрца зрабіў. А я сяджу нейкая разгубленая. Зараз памятаю, як холадна тады было, паліто ў мяне было блакітнае з каўняром, прычоска прыгожая. І я сяджу, а потым пытаюся ў яго: “Добра падумаў, каго ў жонку бярэш?” Ён адказаў тады: “Жыццё пакажа”. Знаёмыя мы былі на той момант 4 месяцы. Але я дала сваю згоду. Адбылося вяселле.

– І што, пан Іван, жыццё паказала? – цікавімся мы.

– Нездарма ажаніўся – з гонарам кажа ён. – Але трэба было падумаць, – з цеплынёй у сэрцах смяюцца сужонкі.

– А як гэта – пражыць разам 50 гадоў?

– 50 гадоў было ўжо 17 лістапада. Хвала Пану, што ўсё добра. Ніякіх здрадаў ніколі не было, дзеці ўжо дарослыя, будуюць сваё ўласнае жыццё, – кажа пані Браніслава.

– Бывала, што сварыліся, – працягвае пан Іван, – але каб рукі хтосьці распускаў – ні разу.

Сёння пан Іван скардзіцца, што жонка моліцца да двух гадзін ночы, але пані Браніслава кажа, што справаў шмат, пакуль усё пераробіш, пачынаеш маліцца вечарам. Вось і атрымліваецца, што кладзецца спаць позна.

– Дайце параду моладзі: як пражыць 50 гадоў, – просім мы падзяліцца досведам сумеснага жыцця.

– Саступаць трэба адно аднаму. Рэўнасці, лепей, каб не было. Бывае, што пасварыцеся з чаго-небудзь, але трэба саступіць, хтосьці заўсёды павінен першым гэта зрабіць. Не трэба гэтага баяцца, – кажа пані Браніслава. –  Напрыклад, я навучылася не звяртаць увагу на нейкія яго нервы або іншыя дробязі. І галоўнае – не баяцца: заўсёды можна сказаць свой пункт гледжання, абмеркаваць справы разам.

Пан Іван кажа, што ён навучыўся ва ўсім бачыць пазітыў. І гэта адчуваецца на працягу ўсёй нашай гутаркі. Ён заўважае дабро.

– Пані Браніслава, што з дзяцінства памятаеце?

– Пасля вайны было вельмі цяжка. Праснакі з мякіны пяклі, які, калі ўпадзе, то разаб’ецца на некалькі частак. Па хлебу сумавалі. Карова была нашай карміліцай. Малако было, таму і радаваліся.

Было, што немцы прыходзілі, маму тады ўзялі і сказалі ёй: “У вас будзем жыць, гаспадыня”. А мы на хутары жылі. Вось яны ў нас 2-3 тыдня стаялі. А там іх войска цэлае. Мама ім гатавала і сцірала. Праўда, яны нічога не скралі. Былі рэчы, якія мы хавалі, закапываць хадзілі, дык тое ўсё партызаны забіралі. Сапраўды, і да знаёмых нашых прыходзілі партызаны, нібыта рабаўнікі, некаторым сорамна было гэта рабіць. Але фашысты розныя былі. Мне мама расказвала, што я ў калысцы маленькая зусім плакала, немцы нічога дрэннага не зрабілі, толькі яе да дачкі паклікалі. Нават да калыскі падыходзілі, каб развітацца, калі самі сыходзілі куды-небудзь.

Пасля вайны ў жудаснай беднаце жылі. Не было чаго абуць і апрануць, але выжылі неяк.

– Шмат цяжкасцей вы перажылі, адкуль бралі і бераце сілы? – пытаемся мы ў пані Браніславы.

– Пан Бог дапамагае, Маці Божая апякуецца. І толькі на гэта спадзяюся. Малюся, заўсёды прашу адвярнуць усё злое. “Дапамажы ў нашых цяжкасцях, мы Цябе патрабуем”, – з такімі словамі звяртаюся да Бога.

– З кім зараз вы сябруеце? Чым цікавіцеся?

– Паэзію люблю. А пра сяброў адкажу так: я са многімі знаёмая. У добрых адносінах з парафіянамі. Часта іх сустракаю, бо кожны дзень хажу на Святую Імшу. У нядзелі звычайна а 12-й гадзіне бываю. Зараз сэрца радуецца, што ў нас касцёл будуецца.