Ксяндзы хрыстусоўцы з парафіі Св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ прызначаны адказнымі за арганізацыю і правядзенне сёлетняй, ужо 30-й па ліку, пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з кс. Алегам Шпецем SChr.

— Як здарылася, што вам прапанавалі кіраўніцтва пілігрымкай?

— Мы не былі сціплымі, самі сябе прапанавалі. Мы ходзім у пілігрымку столькі, сколькі мы тут ёсць, ужо прынамсі пяць гадоў, і сутыкаліся з праблемай, што няма сталага кіраўніцтва, што той, хто вядзе пілігрымку, мяняецца кожны год, і іншымі праблемамі. А паколькі значная частка пілігрымкі — гэта вернікі з нашай парафіі, то мы вырашылі ўзяць справу ў свае рукі, каб зрабіць так, як нам здаецца, было б добра.

— Якія вашыя абавязкі?

— Нашыя абавязкі — цалкам уся арганізацыя пілігрымкі, пачынаючы ад таго, як мы будзем ісці, дзе мы будзем есці, дзе мы будзем спаць, што мы хочам рабіць, аб чым мы хочам гаварыць, што мы хочам гэтым людзям даць. І да самога правядзення пілігрымкі. Г.зн. мы не толькі рыхтуем пілігрымку, але і ідзём, і вядзём у Будслаў. Да гэтага часу было трохі падзелена: ксёндз Антоній (ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч архікатэдры — заўв. аўт.) займаўся агульнай арганізацыяй, але апошнія гады хадзіў хтосьці іншы, каго кожны год выбіралі. Цяпер на нас увесь спектр таго, што звязана з пілігрымкай.

— Учора ў катэдры адбылася арганізацыйная сустрэча. Што вы можаце пра яе расказаць?

— Мэтай гэтай сустрэчы было зрабіць “фідбэк” ад удзельнікаў ранейшых пілігрымак, каб пачуць, што ім спадабалася, чаго не хапіла, а таксама пачуць прапановы. Для нас было важна атрымаць зваротную інфармацыю. Бо калі нешта рабіць, то трэба, канешне, пакінуць тое, што было добрым, што дапамагала людзям у развіцці ці ў перажыванні пілігрымкі, ну і звярнуць асаблівую ўвагу на тое, чаго не хапіла, што было, можа, не вельмі добрым, што можна было б палепшыць. Гэтую зваротную сувязь мы атрымалі, таму магу сказаць, што гэтай сустрэчай я задаволены.

— Якім будзе наступны крок?

— Цяпер мы, адміністрацыя пілігрымкі, хочам у сваім больш вузкім коле абмеркаваць, вызначыць напрамкі таго, што мы хацелі б зрабіць. Ну, і ўжо наступным крокам будзе канкрэтнае размеркаванне абавязкаў тым, хто хацеў бы пэўныя фрагменты арганізацыі ўзяць на сябе. Гэта датычыць той жа лагістыкі, біятуалетаў, вады, кухні, давозам людзей, усяго, што звязана з жыццём. Вырашылі, што пачынаць рыхтавацца да пілігрымкі трэба раней, чым у чэрвені (смяецца — заўв. аўт.).

— Ці магчыма далучыцца да вашай каманды?

— Абавязкова! Заданняў вельмі шмат. Мы будзем яшчэ рабіць аб'явы, прапаноўваць людзям, хто хацеў бы далучыцца, стаць такім арганізмам, ажыўляючым пілігрымку. Вядома, каб усё працавала, павінна быць каманда не з двух і не з трох чалавек, а значна болей. І пры гэтым, каб не было моцнага абцяжарання кагосьці канкрэтна, а каб кожны, зрабіўшы сваю справу, такім чынам далучыўся да справы агульнай.

— Падчас пілігрымкі на што вы будзеце звяртаць асаблівую ўвагу з душпастырскага пункту гледжання? Ці можна ўжо зараз казаць пра нейкія прынцыпова новыя фішкі, якія чакаюць пілігрымаў?

— У душпастырскім плане пілігрымка мае асаблівае значэнне. Пілігрымка павінна быць спосабам фармавання чалавека. Не проста дайсці да мэты, а дапамагчы штосьці змяніць у сабе, чамусьці навучыцца. Будзем размаўляць яшчэ аб гэтым. Вядома, канферэнцыі будуць і г.д., але шукаем яшчэ іншыя спосабы, мажліва, у меншых групах, як даць магчымасць удзельнікам падумаць над нечым, паразмаўляць. Пакуль яшчэ рана казаць, што вось будзе тое і тое. Ёсць у нас пэўныя задумкі, якія павінны выліцца ў канкрэтны план, які будзем ажыццяўляць.

Фота: Віталій Палінеўскі