Зіма набліжаецца да свайго канца, а мы вырашылі распавесці Вам, дарагія чытачы, як прайшлі зімнікі ў нашых скаўтак і скаўтаў.

На выходныя 1-2 лютага не было снегу, але скаўткі з Другога мінскага звязу імя святой Барбары не засумавалі. Яны вырашылі выкарыстаць і без таго цудоўнае надвор'е, каб добра праводзіць час разам, узрастаць ў сваёй веры, паляпшаць скаўцкія навыкі, праводзячы зімнік у Івянцы.

У выездзе ўдзельнічала каля трыццаці дзяўчын. На працягу гэтых дзён яны разам маліліся падчас Евангелічнай гадзіны, спаборнічалі, выконваючы разнастойныя заданні Вялікай Скаўцкай Гульні, гатавалі смачную ежу на вогнішчы ў лесе, а ўвечары паказвалі незвычайныя сцэнкі па фабуле, якой быў абраны папулярны мульціплікацыйны фільм «Халоднае сэрца». А каб прадстаўленні былі яшчэ больш цікавымі і якаснымі, Вольга Дзьмітрыева і Вікторыя Курдзюк з нацыянальнай каманды чырвонага адгалінавання праводзілі для дзяўчат майстар-клас, у якім распавядалі і паказвалі розныя тэхнікі вогнішча.

Кап'ё Няясыць было адзначана за вогнішча, а кап'ё Сойка перамагло ў Вялікай Скаўцкай Гульні і кулінарным конкурсе.

Гэты зімнік быў першы, які арганізоўвала нядаўна прызначанная звязовая Агата Лялевіч. Для Агаты Шарко выезд таксама стаў адметным, бо яна склала прысягу вернасці сваёй кап'явой.

«Наша чарговая прыгода атрымалася насычанай і плённай», — кажа Марыя Бачыла.

31 студзеня ўвечары скаўты Першага мінскага звязу імя св. Яна Паўла II выехалі з Мінска ў кірунку Баранавіч да касцёла св. Зыгмунта. У зімніку ўдзельнічалі 25 хлопцаў з 5 коп'яў: Сокал, Мураш, Крумкач, Арол, Рысь. Трое дарослых ім дапамагалі — звязовы Павел Бельскі, дапаможны Раман Адамовіч і вандроўнік з Барысава Віталій Вайцяховіч.

У суботу раніцай адразу адбыўся майстар-клас па экспрэсіі, які правяла нацыянальны камісар па зялёнай галіне — Аксана Русовіч. У лесе скаўты згатавалі абед, пасля чаго быў першы этап Вялікай Скаўцкай Гульні і кулінарны конкурс. Кожнае кап'ё выбрала краіну і гатавала стравы ў духу нацыянальнай кухні Францыі, Беларусі, Германіі, Украіны і Польшчы. На вогнішча, кожнае кап'ё падрыхтавала тэатральную пастанову ў пэўнай тэхніцы па другім томе «Уладара Пярсцёнкаў».

У двух кулінарных конкурсах перамагло кап'ё Крумкач. Кап'ё Сокал было адзначана за экспрэсію, Вялікую Скаўцкую Гульню і як лепшае кап'ё.

Таксама падчас зімніку прырачэнне склалі два новых скаўта: Уладзіслаў Шаўструк і Арцём Кесас. Былі назначаны кап'явыя коп'яў Арол і Рысь, хлопцы з коп'яў склалі прысягу вернасці новым кап'явым.

Неад'емнай часткай скаўцкага выезду, як заўсёды, была Святая Імша і супольная малітва.

 

Фота: Агата Лялевіч, Паліна Ручан, кс. Алег Шпець, Павел Бельскі, Раман Адамовіч