4-5 лютага адбыўся выезд старэйшай парафіяльнай моладзі ў Жодзіна. Крыху больш за суткі, крыху больш за 24 гадзіны, крыху больш за 1440 хвілін — час, якога дастаткова, каб Бог уліў у нашыя сэрцы жаданне перамяняцца.

12 удзельнікаў выезду нібы 12 апосталаў сабраліся разам, каб спазнаваць Хрыста і адно аднаго, вучыцца любіць і тым самым перамяняць сябе.

Увечары адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і цікавая канферэнцыя, якая раскрывала сэнс гадзіны паклікання, перамены мыслення, моманту, калі Пан Бог так блізка, што не заўважыць Яго немагчыма. «Дзясятая гадзіна» — такую тэму для разважання абраў ксёндз Уладзімір. Урывак з Евангелля св. Яна 1, 35-42 стаў падмуркам для разважання.

Асаблівым чынам мы засяродзіліся над тым момантам, калі Ян Хрысціцель, убачыўшы Езуса, сказаў: «Вось Баранак Божы», і адразу двое вучняў, адным з якіх быў Ян Евангеліст, пайшлі за Хрыстом. Апостал піша, што гэта здарылася каля дзясятай гадзіны. У дробязях заўсёды ёсць нейкі сэнс. Евангелле было напісана больш чым праз 60 год ад гэтага моманта, але апісанне яго даецца так, нібы ўсё адбывалася ўчора. Бо для святога Яна гэты момант быў важны, ён дакладна ўсё запомніў. Апостал Ян дакладна памятае гадзіну, калі Хрыстус стаў для яго цэнтрам жыцця.

Бог вялікі! Ён перамяняе нас і робіць так, што мы можам гэты момант перамены памятаць усё жыццё. Мы разважалі над «дзясятай гадзінай» апостала Яна, а таксама над сваёй уласнай «дзясятай гадзінай».

Наступны дзень пачаўся ранішняй малітвай з Літургіі гадзінаў і пасілкам. Пасля мы мелі час на гульні і працяг тэмы начной канферэнцыі. Баланс фізічнага і духоўнага адпачынку аказаўся вельмі важным і спрыяў больш глыбокаму перажыванню рэкалекцыйнага выезду.

Абавязковым пунктам праграмы была Святая Імша. А пры сумесным абедзе-вячэры мы дзяліліся адказамі на пытанне «чаму я католік?». Была магчымасць распавесці гісторыю сваёй «дзясятай гадзіны», якую мы перажылі.

 

— Бог падараваў мне жыццё, поўнае радасці.

Было гэта 5 гадоў таму, калі я была простай дзяўчынай, якая ведала пра Бога зусім мала, хадзіла ў касцёл толькі таму, што гэта трэба. Сталася так, што мой знаёмы святар запрасіў мяне на рэкалекцыі на байдарках. Не ведала, як буду ехаць, што трэба з сабой мець, што мы будзем там рабіць, але нешта мяне вяло туды, надавала свой сэнс, якога я яшчэ тады не ведала.

Родам я з Астравеччыны, а рэкалекцыі пачыналися у Вілейцы. Гэта два розныя гарады, і што больш складаней — розныя вобласці.

Дабірацца я планавала на цягніку да Маладзечна, а пасля на аўтобусе да Вілейкі. Сталася так, што час прыбыцця майго цягніка і ад'езда аўтобуса быў з розніцай у некалькі хвілін. Я спакойна даехала да Маладзечна, там хуценька запыталася ў некага, як знайсці аўтавакзал. На шчасце, гэта было блізка. Я прыбягаю да касы, але мне кажуць, што аўтобус ужо ад'ехаў. Я разумею, што аніякай альтэрнатывы ў мяне няма і што ў мяне не атрымліваецца даехаць у прызначанае месца, а яшчэ я ў незнаёмым горадзе.

Зазвычай у такой сітуацыі мяне перапаўняюць эмоцыі, паніка, страх. Чаго не было ў гэты момант. Нехта даў мне вялікі супакой. Я патэлефанавала святару-арганізатару рэкалекцый, каб паведаміць пра маю сітуацыі. Сама я не бачыла выхаду. Але усё той жа супакой, як Божы дар быў ува мне. Памятаю, што я карміла нейкага коціка ля вакзала. Ужо тады разумела, што такі мой настрой у гэтых абставінах — для мяне нешта новае і зусім не ўласцівае мне. Пасля мне тэлефануе святар і кажа, што усё добра, будзе ехаць моладзь з Дзяржынску і забярэ мяне. Як аказалася, у той момант, калі святар тэлефанаваў ім, яны былі як раз каля таго вакзала, дзе была я. Ім нават не трэба было траціць час на мае пошукі, бо гэта было побач. І вось я еду на рэкалекцыі і я шчаслівая.

Пан Бог паказаў мне, як важны давер да Яго. Гэты выпадак са мной не вырашаў усіх спраў майго жыцця, але Пан зрабіў для мяне цуд. З гэтым цудам Бог прыйшоў у маё жыццё. Мая вера ў Яго ўзрасла як гарчычнае зерне на пладавітай зямлі. Тады, у той дзень і момант, я адчула Божую прысутнасць у маім жыцці. Пасля чаго яно павярнулася ў зусім другім напрамку і пачало рух.

Папа Францішак сказаў, што вельмі важна дзякаваць Пану Богу за дар памяці, які Ён нам дае. Бо мы можам памятаць той момант жыцця, калі Бог даў нам бачыць Яго ў нашай штодзённай мітусні. Так, я зразумела, што гэта быў той час, момант, імгненне, тая «дзясятая гадзіна» майго жыцця, калі Бог працягнуў мне сваю руку, і я гэта заўважыла. Гэта цудоўна, Бог забраў страх і падараваў супакой, раз і на ўсё жыццё. Так я стала зусім іншай. Памятаеце, я была звычайнай дзяўчынай, якая ведала пра Бога вельмі мала, хадзіла ў касцёл толькі таму, што трэба, і ў маім сэрцы была цемра. Але зараз, зараз я — Божае дзіця, з сэрца якога прамяніцца радасць. Так, зараз я вельмі шчаслівая, раз і на ўсё жыццё, і што б ні сталася, я ведаю, што  Збаўца заўсёды працягвае мне руку і дае супакой.

Сумесная малітва, адарацыя прысутнага Пана, Святая Імша, дзяленне думкамі пра сваё жыццё — гэта тое, што ўзбагачае духоўна і надае жыццёвых сіл на штодзённасць. Гульні, спевы і наведванне катка — моманты, якія ядналі нас між сабой яшчэ больш, вучылі дапамагаць адно аднаму.

Завяршэннем дня стала малітва каля фігуры Маці Божай Фацімскай. Засяроджаныя над сваім жыццём і поўныя думак, мы вярнуліся дадому з жаданнем яшчэ больш падабацца нашаму Створцу і славіць Яго веліч.

       

Дзякуй
— Любячаму Айцу за міласэрнасць,
— ксяндзам марыянам за гасціннасць,
— ксяндзу Уладзіміру Марушэўскаму SChr за арганізацыю і за апеку,
— удзельнікам за адкрытасць сэрцаў і адвагу.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.