Адбываецца нешта дзіўнае: праз паўтары гадзіны пачнецца новы год, нехта сядзіць дома, гатуе салаты, мяса і бульбу, а маладыя вернікі з усмешкай на твары спяшаюцца ў капліцу. Так у гэтым годзе наша моладзь вырашыла распачаць новы год – са Святой Імшы. Да іх далучыліся і некаторыя парафіне, хтосьці нават прыйшоў усёй сям'ёй разам з дзецьмі.
Святая Імша пачынаецца з калядных спеваў. Падчас казання ўспамінаюцца некаторыя вынікі 2019 года: 38 чалавек сталі Божымі дзецьмі праз святы хрост, 28 асобаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі, а 6 сем'яў узялі шлюб. Таксама кс. Уладзімір распавядае пра Божыя благаслаўленні з чытання кнігі Лічбаў і расказвае гісторыю пра стары гадзіннік, даючы навуку аб тым, што кожны чалавек з'яўляецца бясцэнным, нават калі нехта гэтага не заўважае.
Вось і працэсія з дарамі, якую падрыхтавала сама моладзь. Да алтара нясуць абраз Маці Божай, агеньчыкі, камень з горнай вяршыні, нататнік, гостыю і віно. Усё суправаджаецца каментарыямі падзякі за мінулы год і просьбамі благаслаўлення на 2020.
Пасля Камуніі адбываецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Два лектары чамусьці падымаюццца на хоры. Цішыня. Усе стаяць на каленях, углядаючыся ў Збаўцу. І тут з хораў даносіцца першы звон, падобны да звону курантаў, потым другі, трэці… дванаццаты. На гадзінніку ўжо 00.00, за вокнамі пачынаюць бліскаць салюты, а ўсе прысутныя спяваюць гімн “Цябе Бога праслаўляем”.
Кожны атрымлівае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Пачынаюць гучаць шматлікія віншаванні, вакол шмат абдымкаў. Моладзь спяшаецца на Лідскую, дзе іх чакае святочны стол.
Заходзячы ў кватэру можна пабачыць прыгожую ёлку і вялікі стол, да якога дзяўчаты нясуць талеркі са смачнымі стравамі, пакуль хлопцы на кухні займаюцца напоямі. Увесь стол – плён сумеснай працы: кожны ўдзельнік сустрэчы зрабіў уласны ўклад. Здаецца, усё прыгатавана. Робіцца агульны фотаздымак, гучыць малітва перад ежай, і пачынаецца смакаванне. Паўсюль чутныя воклічы і захапленні.
Напоўніўшы свае жываты ўсялякімі прысмакамі, маладыя людзі пачынаюць апранацца і выходзіць на вуліцу. Няўжо ўсё скончылася? Не. Вова раздае ўсім бенгальскія агні, запальвае іх, і цемра, якая была дагэтуль, рассейваецца, святло асвятляе твары, на якіх можна ўбачыць тую невымоўную радасць, якая перапаўняе кожнае маладое сэрца. Антон уключае ВoraBora, гучыць музыка, і ўсе разам пачынаюць танцаваць, нібы на самай сапраўднай дыскатэцы.
Размяўшы свае косткі і натанцаваўшыся, усе вяртаюцца за стол. Паводле ўжо трохгадовай традыцыі, “Адзіныя сэрцам” па чарзе пачынаюць дзяліцца выжнымі момантамі і падзеямі, якія здарыліся з кожным за мінулы год. Усё гэта дапаўняецца праглядам фотаздымкаў.
На гадзінніку амаль 6 гадзін раніцы, уключаецца караоке, і ўсе спяваюць, хлопцы грамчэй за ўсіх. Дзяўчаты па-ціху прыбіраюць са стала і мыюць посуд. Кватэра прымае першапачатковы выгляд і напаўняецца цішынёй – кожны паехаў да сябе спаць.
Але і гэта яшчэ не канец, бо ўжо ўвечары у кватэры святароў зноў пачынае гучаць звон дамафона, павялічваецца колькасць абутку: моладзь вяртаецца, каб правесці і гэты вечар разам. Усе хочуць даесці “леташнія” салаты і пагуляць ў настольныя гульні.
Дзякуем нашым душпастырам за магчымасць святкаваць Новы год разам! Unum cor et anima una!

































































































