Тысячы вернікаў па ўсёй Беларусі атрымалі магчымасць прынесці ў свой дом Агонь, які быў запалены ў далёкім Бэтлееме, мейсцы нараджэння нашага Збаўцы. Адбылося гэта дзякуючы каталіцкім скаўтам.
Традыцыя распаўсюджвання Бэтлеемскага агню пайшла з 1986 года з Аўстрыі. Тады прадстаўнікі аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі прывезлі агонь з Бэтлеема на Божае Нараджэнне для хворых і самотных людзей. Гэтую ідэю падхапілі аўстрыйскія скаўты, і ў хуткім часе яна стала міжнароднай. З кожным годам усё большая колькасць людзей мае магчымасць прынесці, гэты сімвал новага жыцця, сімвал Хрыста, адзінства і супакою ў свой дом.
Беларускія каталіцкія скаўты атрымалі «святло Хрыста» ад ZHP (Związek Harcerstwa Polskiego) у Гродна. Адбылося гэта 19 снежня. І пачалася эстафета: напачатку гродзенскія дружыны, потым івянецкія перадавалі адно аднаму лампадку з агнём. Так святло апынулася ў Мінску, а тут ужо «на пагатове» былі і мінскія скаўты. Пачалася місія распаўсюджвання Бэтлеемскага агню па ўсей тэрыторыі нашай краіны.
Хлопцы і дзяўчаты пераадолелі больш за 6150 км і наведалі 114 парафій, з іх каля 4000 км і 65 парафій скаўты 1-й і 2-й Мінскіх дружын.
Бэтлеемскі агонь быў прывезены як у вялікія гарады, такія як Гомель, Магілёў, Бабруйск, Пінск, Мазыр, Баранавічы, Слуцк, так і ў зусім маленькія населеныя пункты, такіе як Росіца, Паланэчка, Вішнева, Параф’янава.




























Агата Лялевіч, звязовая 2-й Мінскай дружыны Св. Барбары распавядае: «Віфліемскі агонь мае сімвалічнае значэнне, гэта своеасаблівы вобраз гарачай веры і хрысціянскай любові, цяпла Раства. Шмат вернікаў змогуць прынесці агонь у свой дом, і нават тыя, хто знаходзіцца далёка ад катэдральных касцёлаў. Для нас гэта магчымасць паслугі, якую кожны скаўт і скаўтка шукаюць і з ахвотай выконваюць. Ведаю, што для маіх дзяўчат гэта час, якога яны вельмі доўга чакалі. Таксама для іх гэта магчымасць зрабіць нешта вельмі значнае і цікавае самастойна».
























Па словах Паўла Бельскага, нацыянальнага камісара скаўтаў на Беларусі (FSE), Бэтлеемскі агонь сімвалізуе сабой народжанага Хрыста, а Хрыстос нарадзіўся для ўсіх, і для вялікіх, і для маленькіх, і для багатых і для бедных. Таму скаўты імкнуцца, даставіць яго нават у самыя далёкія і маленькія парафіі, не звяртаючы ўвагу на адлегласць і колькасць парафіянаў.
Адна з такіх маленькіх парафій, у якую быў дастаўлены Бэтлеемскі агонь, — гэта парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе. Яна не налічвае вялікай колькасці парафіянаў і знаходзіцца амаль на мяжы з Расіяй, але нягледзячы на гэта, там таксама заззяла «святло Хрыста».
































Вось што пра гэта нам апавядае пробашч гэтай парафіі кс. Міхаіл Бубен: «Для мяне гэта вельмі важна. Вельмі хацеў каб да нас прыехаў Бэтлеемскі агонь. Каб гэта адбылось першы раз у Мсціславе. І гарадскія ўлады зацікавіліся, нават на сваёй старонцы ў інтэрнэце была пададзена інфармацыя, што прыязджаюць каталіцкія скаўты і прывозяць Бэтлеемскі агонь. Людзі чакалі. Усе пад вялікім уражаннем. Нават журналісты з раённай газеты былі, фота рабілі. Дзяўчатам дзякуй вялікі».


























Сваімі эмоцыямі дзеліцца скаўт 1-га Мінскага звяза Яна Паўла II, Улад Шаўструк: «Нас вельмі цёпла ўсюды сустракалі. Асабліва запомніліся Мазыр і Гомель. У Мазыры, калі мы зайшлі ў касцёл, ксёндз пробашч усклікнуў “гэта скаўты прыехалі, яны прывезлі нам Бэтлеемскі агонь!”, людзі пачалі паварочвацца ў наш бок, а вочы іх прамяніліся ад радасці. А ў Гомелі з намі маліўся і частаваў нас смачным абедам ксёндз біскуп Казімір Велікаселец. Я ў першыню размаўляў з біскупам».
Дарэчы амаль усе арганізацыйныя справы для такой маштабнай акцыі хлопцы і дзяўчаты вырашалі самастойна, а трэба было і маршрут пракласці, і час разлічыць, і да святароў у парафіі пазваніць, і усе падзеі сінхранізаваць. Як кажа Павел Бельскі, гэта, паміж усім, адзін з педагагічных метадаў скаўцкага руху.
У нядзелю 22 снежня а 12-й гадзіне Бэтлеемскі агонь прыбыў і ў нашу парафію.

























