На двары яшчэ стаяла ранішняя цемра, а мы сустрэліся з чалавекам, які прычыніўся да аднаўлення Касцёла на Беларусі. Мы даведаліся пра цікавы і няпросты лёс гэтай асобы і прадстаўляем вам сёння частку карціны яе жыцця.

Міхаліна Іосіфаўна сустракае нас на парозе сваёй кватэры. Як звычайна пры сустрэчы са святаром, яна цалуе яму руку ў знак вялікай пашаны і павагі. Зручна размясціўшыся, мы пачалі нашае інтэрв’ю.

– Дзе і калі Вы нарадзіліся? Раскажыце пра жыццё Вашай сям’і, – просім мы нашу суразмоўніцу.

– Я нарадзілася ў мястэчку Камень, гэта ў шасці кіламетрах ад Івянца, – распачынае пані Міхаліна. – Калі прыйшлі саветы, то гэтае мястэчка ператварылі ў вёску. Нарадзілася я 11 мая 1940 года ў каталіцкай сям’і. У мяне яшчэ ёсць сястра.

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Камені згарэў падчас вайны. Мой тата Юзаф быў арганістам, але паколькі касцёла не стала, то ён больш займаўся гаспадаркай. Даязджаў працаваць у касцёлах Пінска і Зэльвы. Пражылі мы ў Камені да 1953 года.

– Як далей складвалася Вашае жыццё? Як Вы апынуліся ў Мінску?

– Тата быў моцна хворы, і калі святар з Нясвіжа ксёндз Гжэгаж Каласоўскі шукаў арганіста, то яму сказалі, што тата ўжо не жыве, але потым гэтая чутка дайшла да нашай сям’і, і тата сам паехаў у Нясвіж. Ксёндз узяў яго працаваць арганістам. Там ён працаваў 33 гады.

Арганы былі механічныя, не электра, трэба было круціць вялікае кола. Памятаю, як мы з сястрою браліся за гэта, калі ў касцёле, напрыклад, адбываўся шлюб. Цёплыя мае ўспаміны з таго касцёла, я там усё аблазіла, а зараз экскурсіі туды водзяць.

Да восьмага класа я хадзіла ў школу, дапамагала на плябаніі, у ксяндза праца заўсёды знойдзецца (смяецца – прым. рэд.). Мая мама надта хацела, каб я стала краўчыхай, фактычна я споўніла яе жаданне: пайшла вучаніцай да краўчыхі, а потым працавала ў Нясвіжы ў швейнай майстэрні і вучылася ў вячэрняй школе.

У 1965-м я выйшла замуж. Шлюб бралі патаемна, нават не было родных. Са сваім каханым я пражыла 27 год з дня шлюбу. Мой муж Ян скончыў палітэх (сучаснае БНТУ – прым. рэд.), працаваў інжынерам-канструктарам на маторным заводзе.

У Мінск пераехала з мужам, скончыла тут тэхнікум па тэхналогіі швейнай вытворчасці, працавала закройшчыцай у атэлье. Дзве дачкі нарадзіліся ў нас у сталіцы.

Працуючы ў Мінску па восем гадзін з іголкай у руках, я падумала, што трэба штосьці мяняць, таму пайшла я працаваць тэхнікам на маторны завод, там я заставалася да 1997 года. Мне было 57 год, калі пайшла на пенсію. Тады пачала працаваць ў катэдральным кіёску, была там да мінулага года, атрымалася больш за 20 год. Зараз займаюся справамі дома, хаджу да ўнукаў, працую «сапраўднай» бабуляй (смяецца – прым. рэд.).

– Атрымліваецца, што Вы ўвесь час з 1965 году пражылі ў Мінску? – удакладняем мы.

– Не. З 1982 па 1985-ты мы жылі ў Будапешце, бо мужа камандзіравалі ў Венгрыю, паколькі ён быў канструктарам па трактарах. Вось мы і паехалі, усе разам, з дзецьмі. Дзяўчаты там хадзілі ў пасольскую школу, я працавала ў хозаддзеле. Вярнуліся і пайшлі на старую працу на завод, дзеці скончылі школу ў Мінску. Усё стала звычайным, адзінае, што купілі Волгу на адкладзеныя грошы, якія доўга збіралі. У Мінску машын у двары не было, а нашая Волга – гэта было для ўсіх «ого-го».

Мама памерла у 1984-м, тата адзін застаўся. У 1986-м мы забралі яго да нас у Мінск. Памёр тата ў 1998-м.

 

– Якая ў Вас была мара?

– Мара была пабудаваць дом. Муж не моцна хацеў, у яго дом у Нясвіжы быў, але ж у мяне не было, я думала, што сабе таксама пабудую (смяецца – прым. рэд.). Я ведала, што хачу шукаць зямлю ў напрамку месца свайго нараджэння. Вось так выбар паў на Ракаў. Мы ўзялі 14 сотак. Купілі лесу, шукалі людзей, так і пабудавалі хату. Тату туды на лета завозілі, а самі ўжо ў пятніцу ўвечары заўсёды збіраліся і ехалі, у нядзелю вярталіся, у такім рэжыме мы шмат год жылі. Капалі і саджалі там нешта, але цяпер ужо цяжка. Зараз туды ніхто не даязджае, але мае ўнукі скаўты можа калісьці будуць ездзіць.

– У якія касцёлы Вы хадзілі?

– Касцёлы ў Мінску былі ўсе зачыненыя, мы ездзілі ў Нясвіж, Рубяжэвічы, Дзераўную і Краснае.

– Як касцёлы адчыняліся ў Мінску?

Памятаю, як дзядуля мой у 1952-м годзе прывёз мяне ў Мінск, паказаў Дом кіно на плошчы і сказаў, што гэта касцёл. Памятаю яшчэ з тых часоў, што Кальварыйскімі могілкамі канчаўся Мінск: вёскі і палі былі вакол.

З 1989-га года ксёндз Завальнюк з вернікамі пачаў змагацца за вяртанне касцёлаў. Паўтара года маліліся каля Чырвонага касцёла, у якім быў Дом кіно, пакуль не аддалі нам яго. Было нас чалавек 50, кожны дзень маліцца прыходзілі. Нават была адна жанчына, якая распачала галадоўку, начавала каля касцёла, там паставілі намёт. Ноччу з ёю дзяжурылі яшчэ некалькі чалавек.

Пакуль Чырвоны касцёл рамантавалі, мы хадзілі да катэдры. Памятаю, што ўнутры было тры паверха, лесвіцы былі. Спачатку нам дазволілі маліцца на трэцім паверсе, а потым забаранілі. Памятаю, як маліліся восем месяцаў, а можа і каля года, на вуліцы на прыступках Дома фізкультуры ў дождж і мароз. Так дамагліся, што ў 1993-м аддалі катэдру. А ў 1997-м яе нанова асвяцілі.

– Адкуль Вы чэрпалі сілы, каб займацца такімі справамі, каб спрычыніцца да руху вяртання святынь? – пад уражаннем пытаемся мы.

– З самага дзяцінства, як жылі ў Камені, маліліся: калі касцёл быў спалены, дык мы маліліся на могілках каля крыжа. Памятаю, што на маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы збіралася шмат людзей. Пешшу хадзілі ў касцёл св. Міхала Арханёла ў Івянцы: шкада было шэсць кіламетраў ісці ў сандалях, дык мы ішлі босымі да Івянца, а там у рэчцы мылі ногі, абуваліся і заходзілі ў касцёл, і дадому таксама босымі ішлі.

У 1947-м годзе пешшу хадзілі ў Рубяжэвічы, а гэта 25 кіламетраў, да першай споведзі. Мама нас вучыла, вытлумачывала ўсё, веру перадалі мне бацькі. Наступная магчымасць споведзі была ў мяне толькі праз год.

Калі жылі ў Нясвіжы, настаўніцы стаялі каля брамаў касцёла, кантралявалі, каб не пушчаць дзяцей, але нам з сястрой удавалася прайсці, тата закрываў нас на хорах, каб ніхто не бачыў, што там дзеці сядзяць. Усё жыццё неяк змагаліся, моц – у малітве.

– Якія ў Вас хобі?

– Хобі асабліва не было, як краўчыха заўсёды мела што шыць. У магазіне нічога не было, а прасілі сваякі пашыць штосьці, касцюмы мужчынскія нават шыла.

– Чым зараз напаўняеце духоўнае жыццё?

– Зараз мая парафія Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Але паколькі мая дачка Эльвіра з сям’ёй жывуць на тэрыторыі парафіі Яна Евангеліста, я ў іх кожны дзень бываю, то часта прыходжу ў капліцу. Зараз мне ўжо цяжэй даязджаць, але дзякую Пану Богу, што пакуль дае мне сілы. Кожны дзень стараюся быць на святой Імшы, але бывае, што прапускаю. У нядзелю я са старэйшай дачкой Антанінай езджу ў катэдру.

Псальмы чытаю, літанію да Сэрца Пана Езуса стараюся кожны дзень маліцца, Ружанец люблю. Унукам сваім па Бібіліі падарыла, яны чыталі, я ім кожную старонку расказвала. Вельмі радуюся, як бачу, што хлопцы служаць пры алтары, а як Слова Божае чытаюць, дык няма межаў маёй радасці. Малюся за іх, дзякую Богу за тое, што яны ёсць у мяне, прашу аб дарах Духа Святога для кожнага. Яшчэ малюся за ксяндзоў 15 «маргарытак», малюся ў Жывым Ружанцы.

– Аб чым зараз марыце?

– Каб прынамсі адзін з маіх унукаў стаў ксяндзом, – цвёрда адказвае наша гераіня. – Малюся аб пакліканнях з сям’і.

– Што б Вы пажадалі сучаснай моладзі? – пытаемся мы напрыканцы нашай размовы.

– Каб здабыць святасць, трэба ўсё давяраць Пану Богу: усе справы, думкі і дзеянні. Як кажуць: «Без Бога ні да парога».


Дзякуем за шчырую размову і за тое, што гасцінна прынялі! Нізкі паклон Вам, пані Міхаліна, за тое, што прычыніліся да адраджэння Касцёла на Беларусі. Дзякуем, што зараз ёсць дзе маліцца і за тое, што новыя касцёлы будуюцца ў Мінску!