Ранішняя цемра, дарослыя і дзеці з агеньчыкамі ў руках спяшаюцца да капліцы. «Што здарылася?», — напэўна задаюцца пытаннямі рэдкія мінакі. Гэта Рараты — асаблівая Імша ў гонар Марыі, якая ў нашай парафіі адбываецца кожны будні дзень у перыяд Адвэнту.

Заходзячы ўнутр, заўважаеш, што пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі. І яшчэ Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста. Ксёндз Алег ужо ў белым арнаце, які таксама нагадвае аб тым, што мы сабраліся, ушаноўваючы нашу Маці — Марыю, у якой ужо хутка народзіцца Езус — Збаўца ўсяго сусвету.

Сёння на календары 6 снежня. Рараты пачынаюцца як звычайна. Але напрыканцы Імшы ўсе разумеюць, што адбываецца нешта надзвычайнае. І вось у капліцу ўваходзіць св. Мікалай — апякун дзяцей, студэнтаў, дзяўчат, пілігрымаў і падарожных. Яго гасцінна сустракаюць дзеці. Кожны з іх атрымлівае падарунак.

«Сёння пасля Святой Імшы мы разам гучна заспявалi праслаўленне нашаму чаканаму Збаўцу, Езусу Хрысту, i адразу да нас завiтаў з неба святы Мiкалай, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Ганна Кабышава. — Біскуп быў прыгожа апрануты, яго мітра блішчала золатам i нагадвала прыгажосць неба.

Ён распавеў як па дарозе да нас спаткаў Анёла Юзiка, якi дапамог з падарункамi для дзяцей, але Анёла Юзіка мы зможам ізноў убачыць на Балi Усiх Святых толькі праз год.

Святы Мiкалай задаў некалькі пытанняў, на якiя мы разам дружна i весела адказвалi. Штосьцi ўзгадалі, а штосьцi новае адкрылi. Было вельмi прыемна атрымаць неспадзяванкi i падарункi.

Цяпер сэрца яшчэ больш чакае Нараджэння каханага Збаўцы Езуса Хрыста».

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.