Сёння мы спяшаемся пазнаёміць вас з новым тварам. Наша гераіня вясёлая і спрытная. Яна ніколі не журыцца. Пра такіх гавораць "энерджайзер", а ўсё таму, што яна вельмі любіць Бога і жыццё. Прапануем вашай увазе партрэт Ганны Лукомскай. Дарэчы, сёння ў яе дзень нараджэння!

Мама нашай гераіні Ірына Лукомская распавядае пра нараджэнне дачкі: "З'яўленне Ані было падарункам ад Бога. 1 студзеня 2006 г. мы з мужам узялі шлюб, які стаўся першым шлюбам у парафіі ў Гатава. Праз тры месяцы мы даведаліся, што народзіцца трэцяе дзіця. На той час Антону было 11 год, а Вове амаль 9".

Ганне толькі 13 год, але за апошнія 5 год яна не прапусціла ніводнай пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. Ужо адзін гэты факт можа шмат сказаць пра сённяшнюю гераіню. Вопытны пілігрым – гэта чалавек не толькі фізічна моцны, але і пабожны.

Ганна вельмі энэргічная, заўсёды спяшаецца зрабіць шмат справаў. Ад малых год Аня ходзіць у музычную школу. Яна займаецца вакалам і вучыцца граць на інструментах, таксама наведвае заняткі харэаграфіі. Вельмі цешыць Аню тое, што частку яе жыцця займае катэхеза і хор Agape пад кіраўніцтвам с. Агнешкі, якую Аня вельмі любіць. Як вы разумееце, вольнага часу ў дзяўчыны застаецца мала. Два дні на тыдзень яна вяртаецца дадому а 23 гадзіне, таму Аня прызнаецца, што выходныя яе вельмі радуюць. Бывае, што ў такія дні яна сядзіць дома, бавіць час за тэлефонам ці камп'ютарам. Але малітва - гэта нязменная частка яе жыцця. Асабліва Аня выдзяляе адарацыю як асаблівы момант, які яна праводзіць з Езусам.

Аня любіць лета не толькі за доўгія канікулы, але і за час пілігрымак. Яна вельмі любіць шлях, які кожны год становіцца асаблівым. Цяжкасці яе не пужаюць, таму Аня шкадуе, што яе брат Вова не дазваляе ёй спаць у намёце.

Яшчэ адна летняя радасць - штогадовыя “Канікулы з Богам”. Аня ўжо вельмі чакае, калі стане дапаможным аніматарам. Гэтае прадчуванне радаснае, бо “ўдзельнікам быць крута, але аніматарам яшчэ лепей”.

З кожнай пілігрымкі і выезду у Паланэчку Аня прывозіць сапраўдны скарб – новых сяброў. З дзяўчатамі з Agape Аня нядаўна хадзіла ў кіно. Сябруе яна і з аднакласнікамі. Разам яны ходзяць у музеі, боўлінг ці проста McDonald’s. У класе Аня выконвае абавязкі старасты.

Пытаемся ў гераіні пра планы на бліжэйшы час. "Трэба вывучыць польскую мову", - гаворыць дзяўчына. Негледзячы на малую колькасць вольнага часу Аня не спыняецца. Яна марыць паехаць у Польшчу, каб там развіваць свае таленты і прафесійна вучыцца музычнаму майстэрству.

Аня ўжо зараз знаходзіцца ў радасным прадчуванні Божага Нараджэння, якое вельмі любіць. Цікава, што ў сям'і Лукомскіх свята адзначаюць і 25 снежня, і 7 студзеня. Аня тлумачыць, што яе мама - каталічка, а тата - праваслаўны, вось і на Нараджэнне Збаўцы сям’я ўдзельнічае ва ўрачыстасцях і ў касцёле, і ў царкве. На святы Аня, яе старэйшыя браты і бацькі збіраюцца разам, каб радасна перажыць гэты час.

Падрыхтавала Паліна Ручан