Сёння мы пазнаёмім вас яшчэ з адной асобай, якая адносна нядаўна далучылася да нашай парафіяльнай супольнасці. Гэта Аксана Бандарык.

Яна нарадзілася ў Салігорску, а потым пераехала ў Маладзечна. Вучылася 9 год у школе мастацтваў, пасля хацела паступіць на настаўніка мастацтва. На жаль на іспытах ёй не хапіла малой кроплі, каб набраць неабходны прахадны бал. Такая ж сітуацыя здарылася і з паступленнем на цырульніка. «Мне заўсёды хацелася займацца якой-небудзь творчасцю і ў выніку я паступіла ў Інстытут культуры, які паспяхова скончыла. Там, калі скажу, не паверыце, вучылася на бібліятэкара».

Час ва ўніверсітэце быў для Аксаны этапам сталення, адказнасці, у гэты ж перыяд яна стала сябраваць са сваім будучым мужам Вадзімам. «Увогуле мы з мужам вучыліся ў адной школе. Ён быў з тых, што каталіся на роварах зімой па лёдзе. Самы выдумшчык з выдумшчыкаў, — смяецца. — У школе мы вучыліся ў адной паралелі, але зразумела не сябравалі, бо былі вельмі рознымі». Аднойчы іх жыццёвыя лёсы перакрыжаваліся, яны сталі перапісвацца, пачалі сустракацца, каб разам схадзіць у кафэ, пакатацца на каньках і нарэшце праз тры гады ўзялі шлюб. Дарэчы, у жніўні адзначалі 5 гадоў сужэнства.

Пасля маладая сям'я пераеха ў Мінск. Як расказвае Аксана, яна шукала сабе працу, але працаваць па спецыяльнасці не хацела. Праца знайшлася  ў «Вэлкоме», у колцэнтры. «Было маральна цяжка працаваць, але зараз разумею, што хацела б вярнуцца туды чамусьці. Якіясьці дзіўныя думкі: туды звычайна тэлефануюць пакрыўджаныя людзі і ты той чалавек, які можа іх выслухаць, і мне хацелася ахвяроўваць ім сябе».

Адказ на пытанне пра сям’ю Аксана пачынае з прызнання ў моцнай любові да сваёй маці і дзеліцца тым, што гэта маці навучыла яе ўсяму, што яна ўмее, маці перадала ёй веру, і Аксана таксама жадае быць такой жа мамай.

Муж і дачка Кіра — гэта зусім іншае жыццё. Тут Аксана ўспамінае ўрывак з Бібліі: «Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць» ( Быц 2:24).

Зараз яны новая сям'я, асабліва калі з'явілася Кіра, гэта новы этап развіцця іх сям'і. Тое, як Аксана трапіла да нас ў капліцу, яна лічыць падарункам ад Бога на нараджэнне сваёй дачкі Кіры, з якой яна ў адпачынку па доглядзе дзіцяці апошнія 2,5 гады. Напачатку Аксана хадзіла ў парафію Маці Божай Будслаўская і, калі ездзіла міма нашай каплічкі, думала, што гэта царква. Аднойчы яна не паспела раніцай на святую Імшу, таму глядзела куды пайсці ўвечары, праз гэтыя пошукі даведалася, што усё-ж такі гэта каталіцкая капліца і вырашыла прыйсці. «Мы прыехалі, толькі адчыняю дзверы... І гэты пах, ўсё такое маленькае, драўлянае і я разумею — гэта маё».

Летам Аксану можна пабачыць на святой Імшы амаль кожны дзень, бо як яна распавядае, тое, што ёй патрэбна — гэта сустрэча з Езусам. Яму яна ўсё расказвае, і адпачывае, у Ім яе сэрца. «Нават мужа папрасіла купіць мне ровар і дзіцячае крэсла, каб было зручней ездзіць ў капліцу. Калі іду без дачкі, нібы чую голас: чаму ты не прывяла яе, яе я таксама хачу бачыць».

Часам пры чытанні Бібліі, Аксане бывае складана зразумець некаторыя рэчы, таму, калі яна даведалася, што сястра Кляра праводзіць біблійныя сутрэчы, вельмі ўсцешылася, бо як кажа наша гераіня, «у Бібліі ўсе адказы, там усё».

Таксама Аксана ўзгадала вясёлую гісторыю, як у дзяцінстве летам яе адпраўлялі ў вёску Рымавічы да бабулі, і там дзяцей амаль не было, таму яна сябравала з бабуляй, дзядуляй, свінкамі, курамі, сабакам, каровамі. І самым любімым заняткам Аксаны было “адпраўляць імшу”. «У нас там ёсць капліца, раней гэта была школа. Мне вельмі падабалася Імша, ну так, па-дзіцячаму. І вось я прыходзіла дадому і “адпраўляла імшу”».

У будучыні Аксана хацела б займацца якойсьці сваёй справай. Напрыклад шыць, гэта яе хоббі, яна самавучка, часта шые нешта па дому: падушкі, посцілкі, ручнікі. «Ідэй шмат, але мне пакуль што трошкі не хапае смеласці для іх рэалізацыі».

Падчас ўсёй нашай размовы з Аксанай, было бачна, што яна вельмі вясёлы чалавек, любіць паразмаўляць і пасмяяцца.

Падрыхтавала Паліна Маісеева