Сёння панядзелак, а гэта азначае, што мы пазнаёмім вас з цікавай і неардынарнай асобай. Яе ведаюць па-за межамі нашай парафіі. Яна вядома ў каталіцкіх кругах. Яе дзейнасць была звязана з гуртам «Рыбы» і з «Радыё Марыя». Яе імя — Алёна Кот. Ёй 29 год. Яна нарадзілася і жыве ў Мінску. Але аб усім па парадку...

З дзяцінства яе жыццё звязана з музыкай. Алёна скончыла музычную школу мастацтваў, музычнае вучылішча, педагагічны ўніверсітэт і нават паспела скончыць магістратуру ў Польшчы.

Нарадзілася Алёна ў каталіцкай сям'і. Прымала актыўны ўдзел у жыцці парафіі Чырвонага касцёла, спявала ў хоры. Аднойчы яе знаёмая распавяла, што на вул. Матусевіча паўстала капліца. Прыйшоўшы ў парафію св. Яна Евангеліста, Алёна праз некаторы час распачала спяваць у хоры.

Алёна прызнаецца, што ў дзяцінстве марыла стаць кантралёрам ці гардэробшчыцай. Зараз на пытанне пра тое, як так здарылася, што яе жыццё так цесна звязана з музыкай, Алёна адказвае, што бацькі яе не музыкі, а ў школе яна думала, што стане журналістам ці філолагам, але ўсё ж такі наша гераіня абрала шлях ў музычным кірунку.

7 гадоў таму знаёмая патэлефанавала Алёне і прапанавала адну авантуру. Так наша гераіня распачала рэалізоўваць ідэю стварэння евангелізацыйнага праекта «Рыбы», які за час свайго існавання стаў вядомы ў Беларусі. Зараз Алёна з пяшчотай у сэрцы ўспамінае той час, бо цяпер шмат кіламетраў раздзяляе яе з іншымі ўдзельнікамі гурта Rybyproject. Алёна вельмі рада, што тады Бог даў ёй адвагу, каб сказаць сваё «так».

Быў момант у жыцці Алёны, калі яна зразумела, што не любіць свой голас. Але Божым Провідам наша гераіня называе магчымасць працаваць на хрысціянскім радыё. Праз гэту працу яна зразумела, што Госпад любіць яе голас і даў ёй магчымасць служыць людзям менавіта сваім голасам. Сваю працу на «Радыё Марыя» Алёна распачала, калі яно толькі год існавала ў Беларусі. Служэнне на радыё ўключала ў сябе працу ў розных сферах. Частка, звязаная з журналістыкай, была новай для нашай гераіні, але сябры заўсёды спяшаліся дапамагчы. «Я вельмі ўдзячная тым, хто быў гатовы прыйсці мне на дапамогу. Вялікі дзякуй гэтым людзям. Але ўсё ж такі для мяне гэта была гульня ў журналістыку. Я старалася працаваць добра, але ж нешта да канца ў сэрцы не адчувала, што гэта маё», — кажа Алёна. Таксама вопыт карыстання беларускай мовай зараз яна лічыць бясцэнным. Алёна заўсёды лёгка і з задавальненнем бралася рабіць музыкальныя падборкі.

Звольніўшыся з «Радыё Марыя», Алёна хацела рэалізаваць сваю мару з школьных часоў — жыць у вёсцы ці маленькім горадзе. І яна ўжо знайшла добрую працу ў Пружанах, набралася адвагі, планавала выляцець з роднага гнязда і распачаць новы этап жыцця ў горадзе на Мухаўцы, але Божая Рука паказала на іншы шлях. І Алёна з пакорай прыняла гэта. «Я разумела, што не павінна ехаць, але не прымала гэтага. Я дачакалася моманту, калі Бог сказаў пэўна і выразна. Зараз я разумею, што маё месца ў Мінску», — прызнаецца Алёна.

«Гісторыя, якая са мной здарылася, навучыла мяне, што не трэба планаваць будучае, усё заўсёды трэба аддаваць у рукі Бога, даверыцца Яму».

Падчас размовы нам ужо становіцца ясным, што Алёна — чалавек ідэйны. Яна распавяла пра тое, як выязджала вучыцца ў суседнюю краіну: «Жадання назаўсёды застацца ў Польшчы не было, хаця існавала такая магчымасць. Я разумела, што мэта майго прабывання там — здабыць веды, каб выкарыстоўваць іх у служэнні ў Беларусі». У пытанні пошуку працы Алёна заўсёды кіравалася сваім сэрцам, для яе на першым месцы стаіць ідэя, грошы яна ніколі не ставіць вышэй за сутнасць працы. «Пакуль што магу дазволіць сабе працаваць за маленькі заробак, таму, карыстаючыся момантам, працую для душы». Алёна сцвярджае, што важна прымаць свае рашэнні згодна з тым, што кажа сэрца, таму што, слухаючы толькі розум, можна памыліцца.

Новым выпрабаваннем для Алёны стала праца ў якасці кіраўніка парафіяльнага хора Effata. Сапраўды, праца з дарослымі людзьмі патрабавала пошуку новых падыходаў, высілку ад самой сябе.

Калі Алёна зразумела, што застаецца ў Мінску, то да яе адразу паступіла прапанова ўзяць пад апеку моладзевы хор Anima Una. «Я адчувала, што я магу гэта зрабіць, я разумела, што на мне будзе яшчэ большая адказнасць. Але я адказала „так“. Пакуль што не шкадую (смяецца — заўв. аўт.). Зараз я атрымліваю асалоду ад працы з моладдзю. Мне вельмі падабаецца».

«Быць адважным, марыць аб вялікім, быць адважным жыць моцай веры» — гэта дэвіз, пад якім жыве Алёна Кот.

Размаўляла Паліна Ручан
Фота: Catholic.by, Radiomaria.by, Jan.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.